Запуск пашпарта і стратэгія з ЗША. АПК падвёў вынікі года ў замежнай палітыцы


Адным з галоўных поспехаў Аб’яднанага пераходнага Кабінету ў замежнай палітыцы стала ўмацаванне інстытуцыянальных сувязяў з партнёрамі, паведамляе Кабінет у сацыяльных сетках.

Кіраўніца АПК Святлана Ціханоўская з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Крыніца: twitter.com/Tsihanouskaya

Прыкладам такіх сувязяў сталі дзве сустрэчы Кансультатыўнай групы «Беларусь – ЕЗ», пачатак Стратэгічнага дыялогу з ЗША, прызначэнні шэрагам краінаў адмысловых пасланнікаў у справах Беларусі.

«Гэта забяспечыць стабільнасць у нашай супрацы, а таксама замацуе месца Беларусі ў міжнародным парадку дня і замежнапалітычным планаванні дэмакратычных краінаў», – кажа прадстаўнік у замежных справах Кабінету Валер Кавалеўскі.

Таксама ў поспехі Кабінет запісвае:

  • прыняцце стратэгічнай мэты інтэграцыі Беларусі ў Еўразвяз;
  • запуск праекту новага нацыянальнага пашпарта;
  • паглыбленне супрацы ў міграцыйнай праблематыцы, прыняцце справаздачы ПАРЕ пра выклікі для беларусаў у краінах Еўропы;
  • паразу Лукашэнкі на выбарах у Раду Бяспекі ААН, дзе той здолеў набраць менш за 20 % галасоў дзяржаваў пасля 16 гадоў рыхтавання.

«Нашы асноўныя задачы – захаванне незалежнасці, ціск на рэжым, інстытуцыялізацыя адносінаў з партнёрамі, пашпарт, еўрапейскі выбар, рашэнні для міграцыйных праблемаў», – працягвае Кавалеўскі.

Палітык прызнае, што беларускім дэмакратычным сілам патрэбныя дадатковыя намаганні і сустрэчныя дзеянні партнёраў, каб дабіцца яшчэ лепшых вынікаў у пазначаных кірунках.

«Наступны год павінен стаць часам для практычных рашэнняў ва ўсіх адзначаных задачах. Шмат зроблена для навязання кантактаў, наладжвання адносінаў і дасягнення паразумення ў наступных кроках. Цяпер нам патрэбны рэальны прагрэс у рэалізацыі гэтага патэнцыялу. Для гэтага трэба будзе мабілізаваць волю нашых партнёраў і ператварыць яе ў сфакусаваныя, скаардынаваныя, паслядоўныя дзеянні на карысць дэмакратычнай, незалежнай, суверэннай, еўрапейскай Беларусі», – падводзіць рысу Валерый Кавалеўскі.

Hавiны
Падтрымка бізнесу, медыяў і ідэнтычнасці. Пра што гавораць на стратэгічным дыялогу дэмсілаў Беларусі і ЗША
2023.12.08 18:40

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў