Прадстаўнікі «Хамасу» прыбылі з візітам у Маскву


У Расею 26 кастрычніка прыехалі прадстаўнікі палестынскага руху «Хамас». Дэлегацыю, паводле агенцтва «РИА-Новости», узначальвае намеснік кіраўніка палітбюро «Хамасу» Абу Марзук. 

Абу Марзук. Крыніца: aljazeera.com

«Магу сказаць і пацвердзіць, што прадстаўнікі адпаведнага палестынскага руху знаходзяцца з візітам у Маскве», – паведаміла падчас брыфінгу прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава.

Аднак яна не ўдакладніла прозвішчы прадстаўнікоў «Хамасу». Акрамя яго, паводле словаў Захаравай, у Маскву прыехаў намеснік кіраўніка МЗС Ірану Алі Багеры Кані.

Вядома, што дэлегацыя сустрэлася са спецпрадстаўніком прэзідэнта Расеі на Блізкім Усходзе, намеснікам кіраўніка МЗС РФ Міхаілам Багданавым. Пра іншыя сустрэчы пакуль невядома. Таксама паведамляецца, што «Хамас» высока ацаніў пазіцыю Пуціна і заклікаў міжнародную супольнасць звярнуць увагу на «генацыд, які здзяйсняе сіянісцкі ўрад». Багданаў, як паведамляецца, выказаў падтрымку правоў палестынскага народу.

Мінулы раз дэлегацыя «Хамасу» наведвала Маскву ў верасні мінулага года. Тады дэлегацыя правяла сустрэчы з кіраўніком МЗС РФ Сяргеем Лаўровым і шэрагам расейскіх афіцыйных асоб.

Расея да гэтага часу падтрымлівае адносіны з «Хамасам». У адрозненне ад многіх іншых краінаў свету, у РФ групоўка не лічыцца тэрарыстычнай. Так, 25 кастрычніка Генпракуратура Расеі адмовілася прызнаць «Хамас» тэрарыстычнай арганізацыяй, хоць ейныя баевікі забілі ў Ізраілі 23 расейцаў, яшчэ двое знаходзяцца ў закладніках.

«Ад РФ патрабуюць прызнаць «Хамас» тэрарыстычнай арганізацыяй. Па-першае, няма ніякага міжнароднага прызнання. «Хамас» унесены ў спісы ЗША, краін ЕЗ, Канады і Японіі. Аднак у спісе тэрарыстычных арганізацый ААН «Хамас» не пазначаны. Мы ніколі не падтрымлівалі і заўсёды асуджалі любыя праявы тэрарызму», – заявіў амбасадар РФ у Ізраілі Анатоль Віктараў.

Нагадаем, 7 кастрычніка «Хамас» учыніў шэраг тэрарыстычных атак на тэрыторыі Ізраілю і працягвае ўтрымліваць закладнікаў. Яны выпусцілі некалькі тысяч ракет і прарваліся ў прымежныя раёны, пачаўшы бой з ізраільскімі вайскоўцамі. Усяго ў Ізраілю, паводле звестак мясцовых уладаў, загінулі больш за 1400 чалавек, 220 чалавек знаходзяцца ў закладніках.

Аналітыка
Як можа выглядаць перамога Ізраілю над «Хамасам» і што далей будзе з сектарам Газа?
2023.10.23 08:29

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў