Сяргей Бульба: У асобе Міраслава Лазоўскага Беларусь страціла будучага міністра абароны


Стваральнік «Белага легіёну» Сяргей Бульба ў эфіры «Белсату» распавёў, якім чалавекам быў забіты пад Бахмутам Міраслаў Лазоўскі, выказаў сумнеў у здольнасці палка Каліноўскага вызваліць Беларусь і паразважаў, ці баіцца рэжым Лукашэнкі дыверсійна-выведных групаў з Украіны.

Сяргей Бульба ў студыі «Белсату». Скрыншот з відэа: «Белсат» / YouTube

26 траўня у эфіры «Белсату» стваральнік патрыятычнага фармавання «Белы легіён» Сяргей Бульба падзяліўся, якім чалавекам быў загінулы ў Бахмуце камандзір Міраслаў Лазоўскі. Сяргей добра яго ведаў, бо каля 30 гадоў таму «Белы легіён» яны стваралі разам. Міраслаў у свой час займаўся навучаннем моладзі вайсковай справе, рыхтаваў будучых сапраўдных афіцэраў для будучай арміі новай Беларусі. У 2014 годзе, калі Расея захапіла Крым і тэрыторыі на ўсходзе Украіны, многія былыя чальцы «Белы легіён» паехалі ваяваць супраць агульнага ворага.

«Змаганне беларускіх добраахвотнікаў за свабоду і незалежнасць Украіны – гэта шанец для Беларусі»

Сяргей Бульба адзначыў, што гібель Міраслава Лазоўскага – гэта вялізная страта для ўсёй Беларусі. «Фактычна мы страцілі чалавека, які мог бы стаць міністрам абароны новай Беларусі», – зазначыў суразмоўца. Лазоўскі быў здатны да гэтага, быў патрыётам і добра ведаў вайсковую справу.

Бульба кажа, што змаганне беларускіх добраахвотнікаў са свабоду і незалежнасць Украіны – гэта шанец для Беларусі на пабудову дэмакратычнай дзяржавы. Паводле яго, ва Украіне вызначаецца лёс усёй Еўропы, у тым ліку і Беларусі. «Калі, крый Божа, Украіна б прайграла, то і мы б не мелі шанцаў. А так шанцы ёсць дзякуючы гэтым мужным хлопцам, якія падняліся ў 2014 годзе і пайшлі змагацца за Украіну і за Беларусь».

Фота
«Аддаў жыццё як сапраўдны герой, у баю». У Кіеве развіталіся з загінулым у Бахмуце Міраславам Лазоўскім
2023.05.26 20:28

Сяргей Бульба кажа, што Міраслаў быў адным з самых годных камандзіраў у асяроддзі палка Каліноўскага. «Хлопцы яму верылі, пад яго кіраўніцтвам яны былі гатовыя некалі ісці і вызваляць Беларусь». Яшчэ Лазоўскі быў вялікім аптымістам, умеў падбадзёрыць і падтрымаць людзей вакол сябе, нават калі яму самому было нялёгка. Сяргей успомніў адзін эпізод, калі пасля пратэстаў у Менску з моцным супрацьстаяннем з сілавікамі (пратэстоўцы закідвалі праціўнікаў камянямі) Лазоўскага збілі так, што ён не мог хадзіць, яго літаральна занеслі на руках для адбывання содняў на Акрэсціна. Аднак ужо на наступны дзень ён хадзіў па камеры, жартаваў і падбадзёрваў сукамернікаў. І яны казалі, што ну раз ён так трымаецца, то і ім няма чаго раскісаць.

Сяргей Бульба ахарактарызаваў Міраслава Лазоўскага як сапраўднага «рымскага інтэлігента». У старажытным Рыме інтэлігентам лічыўся не проста адукаваны чалавек, а гарманічна развітая асоба, якая паўдзельнічала не ў адным баі ў складзе рымскіх легіёнаў. «Інтэлігент павінен быць як Мірык», чалавек, які прайшоў шмат баёў і пры гэтым паводле інтэлекту і адукацыі «быў гатовы засядаць у парламенце і прымаць рашэнні».

«У Беларусі ёсць вялікая праблема – нацыя вельмі раздзеленая»

Пры гэтым Сяргей Бульба выказаў сумнеў, што ў цяперашняй сітуацыі вызваленчы паход у Беларусь скончыўся б нечым добрым. Ён лічыць, што нацыя вельмі раздзеленая. Прыхільнікі Лукашэнкі, якія засталіся кіраваць у краіне, толькі сябе лічаць беларусамі, а ўсіх, хто зʼехаў, хто ў апазіцыі, беларусамі не лічаць. З тых, хто застаўся ў Беларусі, кажа Бульба, прыблізна 5–7 адсоткаў падтрымоўваюць так званы «русский мир», астатнія – не. Паводле стваральніка «Белага легіёну», апроч лукашэнкаўцаў ёсць яшчэ дзве часткі беларускага грамадства: непасрэдна апазіцыйна настроеныя беларусы і так званыя бээсэсэраўцы, якія «ні там, і ні сям», якія нават зʼехаўшы спрабуюць неяк «прайсці паміж аднымі і другімі». Цяпер рэжым пераўтварае Беларусь ў нешта кшталту Паўночнай Карэі, і людзі, якія засталіся ў краіне, паступова аказваюцца пад усё больш моцным каўпаком дзяржавы.

Паводле яго, паездкі, перамовы і сустрэчы Святланы Ціханоўскай «нікога не робяць шчаслівымі» ўнутры Беларусі. А там ужо нават колішнія удзельнікі пратэстаў змірыліся з сітуацыяй, і ніхто ўжо не жыве наратывамі 2020 года.

Каментар
Полк Каліноўскага: «Наступнае нашае паўстанне ўжо не будзе рымейкам 2020 года»
2023.05.26 13:06

З таго, што здарылася з беларусамі пасля 2020 года, Сяргей Бульба лічыць самым страшным тое, што амаль усіх пасіянарна настроеных людзей дзейсны рэжым выціснуў за мяжу. Ён не верыць у здольнасць развязаць праблему раздробленага беларускага грамадства ўзброеным шляхам. Лукашэнка можа супрацьпаставіць узброеным спробам змяніць уладу 65 тысячаў вайскоўцаў Мінабароны, каля 130 тысячаў супрацоўнікаў МУС і яшчэ некалькі дзясяткаў тысячаў памежнікаў і іншых вайсковых фармаванняў. З боку апазіцыі сёння ёсць полк Каліноўскага, паводле ацэнкі Бульбы, іх каля 200 чалавек, і яшчэ 600 чалавек мае «Паспалітае рушэнне». Супраць 200 тысячаў лукашэнкаўскага войска «мы можам выставіць 800 чалавек, гэта, па-вашаму, сурʼёзна?» – задаў рытарычнае пытанне Сяргей Бульба. Вядоўца зазначыла, што адзін з прадстаўнікоў палка Каліноўскага нядаўна сказаў: наступны пратэст у Беларусі не будзе такі мірны, як у 2020 годзе. Бульба  ж адказаў, што не любіць пустую балбатню, а зможа нешта сказаць, калі ўбачыць сапраўдныя вызваленчыя крокі на справе.

Стваральнік «Белага легіёну» лічыць, што адзіны шлях для беларусаў – неяк дамовіцца паміж сабой, як жыць далей, як узаемадзейнічаць і з «бээсэсэраўцам», і з тымі, хто застаўся ў краіне, спрабаваць знайсці нейкі агульны пункт сутыкнення інтарэсаў, нейкую платформу для асэнсавання, што «ўсе мы адныя і тыя беларусы».

«Рэжым робіць вялікія намаганні, каб не дапусціць грамадзянскай вайны»

Адказваючы на пытанне вядоўцы адносна таго, ці баяцца Лукашэнка і яго паплечнікі ўваходу выведна-дыверсійных групаў з Украіны, Сяргей Бульба звярнуў увагу на тое, што яны не толькі баяцца, а і ўвесь час з пачатку вайны рыхтуюцца да гэтага. Усе вучэнні, якія праводзяцца апошнім часам у войску ў Беларусі, скіраваныя на тое, каб адпрацаваць узаемадзеянне арміі, міліцыі, унутраных войскаў, КДБ, памежнікаў і іншых сілавых структураў, у тым ліку сілаў тэрытарыяльнай абароны, для супрацьстаяння такім групам. Дзеля гэтага супрацьстаяння стварылі дадатковыя баяздольныя падраздзяленні СОХР у абласных цэнтрах, размешчаных па суседстве з Украінай.

Паводле Бульбы, рэжым і сілавікі робяць вялікія намаганні, каб не дапусціць грамадзянскай вайны, бо разумеюць, што яны не лігітымныя і што можа быць узброенае супрацьстаянне. «Яны увесь час палохалі сябе самі, а зараз выглядае так, што і самі паверылі, што пагроза існуе», – падсумаваў Бульба. Паводле яго ацэнкі, рэжым, уся яго матрыца трымаецца на страху і на запалохванні суграмадзянаў. І далей страх будзе толькі павялічвацца, пранізваць грамадства да карэньчыкаў. Таму рэжым сурʼезна рыхтуецца да супрацьстаяння, муштруе сілавікоў, каб не было ніякіх збояў.

Паводле Бульбы, беларускія сілавікі не патрыёты Беларусі. У свой час, калі супраць удзельнікаў спартовых летнікаў «Белага легіёну» была заведзеная крымінальная справа, то афіцэры КДБ даведаліся: людзі, якія рыхтаваліся ў «Легітёне», цяпер ёсць амаль ва ўсіх сілавых структурах. І яны цікавіліся наўпрост, ці не рыхтаваўся такім чынам пераварот. Пасля тлумачэнняў Бульбы, што гэта не пераварот, а што «Белы легіён» рыхтаваў сапраўдных афіцэраў для будучай Беларусі, яму і паплечнікам сказалі, што ў іх «завышанае пачуццё патрыятызму». Паводле стваральніка «Белага легіёну», гэтая ацэнка сама па сабе паказвае, якой меркай мераюць узровень патрыятызму сілавікі ў Беларусі.

Цалкам інтэрв’ю Сяргея Бульбы можна паглядзець на відэа.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў