Стаўку рэфінансавання зноў знізілі на паўпункты: цяпер 10 %


Праўленне Нацыянальнага банку Беларусі 26 красавіка зноў вырашыла знізіць стаўку рэфінансавання на 0,5 адсоткавага пункту: з 2 траўня 2023 года стаўка складзе 10 %. Стаўка крэдыту овэрнайт складзе 9 %. Гэта чацвёртае зніжэнне з пачатку года.

Нацыянальны банк тлумачыць, што разлічвае на далейшае запавольванне інфляцыйных працэсаў: у мінулым годзе была «высокая база» росту цэнаў, таму цяпер інфляцыя запаволілася да 6 %.

«Пры ўмове адсутнасці шокаў чакаецца захаванне нізкіх штомесячных тэмпаў прыросту цэнаў на спажывецкім рынку, што ў бліжэйшыя месяцы падтрымае трэнд на запаволенне гадавой інфляцыі», – перакананае праўленне Нацбанку.

Рызыкі Нацбанк лічыць «умеранымі», але адзначае высокія інфляцыйныя чаканні беларусаў: тыя лічаць, згодна сакавіцкаму апытанню, што інфляцыя за наступны год складзе 12,4 %. Незалежныя эксперты тым часам чакаюць, што за 2023 год, калі не будзе сюрпрызаў, інфляцыя складзе 8 %, а за 2024-ы – 8,6 %.

Стаўка рэфінансавання ў 2003-2023 гадах. Звесткі: Нацбанк. Выява: Белсат

Стаўка рэфінансавання ў сярэдзіне 1990-х гадоў, у час шалёнай інфляцыі, дасягала 480 %, але ў апошнія 20 гадоў не перавышала 50 %. Найбольшай за гэты час яна была ў канцы 2011 і пачатку 2012 гадоў, калі абваліўся беларускі рубель. З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне стаўку рэфінансавання рэзка падвысілі: з 9,25 % да 12 %. Зніжаць пачалі ў студзені 2023 года.

Ад стаўкі рэфінансавання залежыць кошт крэдытаў для крэдытных арганізацыяў, а значыць, і для насельніцтва – да гэтай стаўкі прывязаныя выплаты па многіх крэдытах, у тым ліку на набыццё жытла. Нягледзячы на высілкі ўладаў, беларусы не вераць у сваю эканоміку і асцярожнічаюць браць крэдыты.

Аналітыка
Урад стымулюе беларусаў браць крэдыты, але людзі асцярожнічаюць
2023.02.08 07:01

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў