7 абсурдных нагодаў для пачатку вайны: вядро, футбол, свіння…


Калі між краінамі ёсць напружанасць, а палітычныя эліты не супраць праліць кроў, вайна можа выбухнуць практычна на пустым месцы. «Белсат» сабраў некалькі прыкладаў у той момант, як мы назіраем за сцягваннем расейскіх войскаў да межаў Украіны.

Перуанская артылерыя рыхтуецца да бітвы пры Кальяа ў межах вайны з Іспаніяй за гуана. 1866 год. Аўтар невядомы

Большасць войнаў рыхтуе прынамсі адзін бок. Але далёка не ўсе войны запланаваныя. Савецкі Саюз, напрыклад, не планаваў патануць у афганскай вайне на 10 гадоў, а ўсяго толькі хацеў зрынуць недастаткова прасавецкага кіраўніка дзяржавы пад выглядам згоды на дапамогу яму ў здушэнні паўстання.

Прычынаю вайны могуць быць землі, багацці, асабістая помста. Або наркотыкі (Брытанія двойчы ваявала з Кітаем за права пастаўляць опіум у 1800-ыя). Або птушыны памёт (за так званае гуана, якое выкарыстоўвалі як угнаенне, у 1864 годзе ваявалі Іспанія і палова Паўднёвай Амерыкі). Вайну за гандлёвае панаванне могуць апраўдаць адным адрэзаным вухам (як зрабілі брытанцы адносна іспанцаў у 1700-х).

Аналітыка
«Лукашэнка прывык гуляць з агнём». Што стаіць за планамі правесці расейска-беларускія вучэнні на мяжы з Украінай і ЕЗ
2022.01.17 18:18

А можа быць, што глыбінныя прычыны згубяцца за зусім абсурднаю нагодаю.

Вайна бадзяжнага сабакі

Так называюць Пэтрыцкі інцыдэнт між Балгарыяй і Грэцыяй у 1925 годзе. Яны ў пачатку стагоддзя некалькі разоў ваявалі за землі. Палова Македоніі і Заходняя Фракія адышлі ў выніку грэкам, але засталіся населеныя балгарамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Брытанскі жаўнер з пасыльным сабакам Брусам у Францыі ў часе Першай сусветнай вайны. Канец 1917-га або 1918 год.
Фота: Tom Aitken / National Library of Scotland

Ёсць шмат версіяў інцыдэнту. Самая папулярная – салдат з Грэцыі пагнаўся за бадзяжным сабакам праз мяжу і быў застрэлены балгарскім памежнікам, а потым быў забіты і капітан грэкаў. Балгарыя выбачалася за непаразуменне і выказвала шкадаванні, прапаноўвала супольнае расследаванне. Але Грэцыя адказала ўльтыматумам з патрабаваннем пакараць вінаватых, перапрасіць афіцыйна і заплаціць 2 мільёны франкаў кампенсацыі сем’ям загінулых.

Пачаліся баі на мяжы, Грэцыя пайшла ў наступ, штурмавала балгарскі горад Пэтрыч, але той абаранілі добраахвотнікі. Балгарыя прасіла ўмяшацца Лігу Нацыяў. Тая загадала спыніць баі, грэкам – выйсці з Балгарыі ды заплаціць кампенсацыю 45 тысяч фунтаў стэрлінгаў.

Вынік. Загінулі ад 5 (ацэнкі Грэцыі) да 120 чалавек (ацэнкі Балгарыі). Ці праўда, што хтосьці гнаўся за сабакам, дакладна не вядома.

Кандытарская вайна

У першыя гады існавання Мексікі як незалежнай краіны там было неспакойна, розныя групоўкі змагаліся за кантроль, былі частыя пагромы і рабаванні. Францыя была адным з асноўных гандлёвых партнёраў Мексікі, але на 1838 год яшчэ не мела з ёй гандлёвых пагадненняў, якія мелі Штаты і Брытанія.

Бамбаванне мексіканскай крэпасці Сан-Хуан-дэ-Улюа французамі ў 1838 годзе. Карціна 1841 года. Мастак: Арас Вэрнэ

Пасля аднаго з пагромаў у 1838 годзе французскі кандытар паскардзіўся каралю Францыі, што ягоную краму ў мястэчку пад Мехіка разграмілі мексіканскія афіцэры. Кандытар прасіў кампенсацыю 60 тысячаў пэсаў, калі ягоную краму ацэньвалі на менш як тысячу, а сярэдні мексіканец зарабляў 1 пэса на дзень. А Францыя запатрабавала ад Мексікі ў 10 разоў больш – з улікам папярэдніх інцыдэнтаў з французамі.

Калі Мексіка не заплаціла, Францыя пачала блакаваць усе мексіканскія парты, захапіла горад Вэракрус – Мексіка абвесціла вайну Францыі ды спрабавала адбіць горад, але не здолела і пайшла на перамовы. Пры медыяцыі брытанцаў Мексіка пагадзілася сплаціць 600 тысяч пэсаў. Ды праз 23 гады Францыя зноў пойдзе на інтэрвенцыю ў Мексіку, ужо разам з Брытаніяй і Іспаніяй, каб выбіць шматлікія нясплачаныя даўгі, але ў выніку зазнае паразу.

Вынік. Былі параненыя або загінулі 288 чалавек. Мексіка паабяцала кампенсацыю, але не плаціла даўгоў.

Вайна за вядро

Італьянскія гарады-дзяржавы Балоння і Мадэрна сотні гадоў варагавалі ў межах змагання між гўэльфамі і гібэлінамі – прыхільнікамі Папы Рымскага ды імператара Святой Рымскай імперыі. Мадэрна пашырала свае тэрыторыі, захапіла ўжо форт за 19 кіламетраў ад Балонні. Балонцы рабілі набегі на землі Мадэрны, мадэрнцы – на землі Балонні.

Адна з копіяў вядра, якое мадэрнцы здабылі ў балонцаў, у вежы Гірляндына. Мадэрна, Італія. 23 красавіка 2006 года.
Фота: Alien life form / Wikimedia, CC BY-SA 3.0

Легенда кажа, што буйная бітва развязалася праз тое, што некалькі ваяроў Мадэрны прабраліся ў Балонню і скралі вядро з калодзезя, а потым хваліліся гэтым у Мадэрне, што раззлавала балонцаў. Так гэта ці не (часцей кажуць, што не), але бітва 15 лістапада 1325 года была адною з найбуйнейшых у той час: 2000 кавалерыі ў кожнага з бакоў, 5000 пешых мадэрнцаў і 30 000 пешых балонцаў.

Мадэрнцы разбілі балонцаў хітрасцю: ганарліва вывезлі з Балонні простае драўлянае вядро. У выніку перамогі ўплыў гібэлінаў у рэгіёне павялічыўся. Праз 200 гадоў палітычная абстаноўка ў Італіі настолькі зменіцца, што падзел на гўэльфаў і гібэлінаў перастане быць актуальным, але вядро (або пазнейшую копію) дасюль захоўваюць, а рэплікі выстаўляюць для турыстаў.

Вынік. Былі параненыя ці загінулі каля 3000 чалавек. Мадэрнцы захапілі вядро.

Hавiны
8 музеяў былых дыктатараў у «краінах сацлагеру»
2021.05.18 08:30

Вайна Залатога трону

Так называюць канфлікт 1900 года між брытанцамі і жыхарамі імперыі Ашанці, што на землях сучаснай Ганы ў Заходняй Афрыцы. Брытанскія каланісты і Ашанці ваявалі агулам 5 разоў у XIX стагоддзі, але гэты канфлікт быў асаблівы.

Залаты трон Ашанці выстаўляюць на большым троне. Залаты трон насамрэч драўляны, толькі пакрыты золатам, і формаю ўяўляе хутчэй зэдлік вышынёю 46 см. 31 студзеня 1935 года. Канфедэрацыя Ашанці.
Фота: The National Archives UK / Flickr

Брытанскі генерал-губернатар выступаў у горадзе Кумасі перад мясцовымі, калі Ашанці ўжо фактычна была брытанскім пратэктаратам пасля чатырох войнаў. Ён казаў, што кароль Ашанці ўжо ў выгнанні, таму трэба аддаць трон караля, каб на ім сядзеў сам генерал-губернатар. Ды прамоўца не ўлічыў, што Залаты трон для мясцовых быў святою рэліквіяй, увасабленнем душы народу. Да таго ж, брытанцы білі нават дзяцей, калі пайшлі шукаць трон па вёсках.

Мясцовыя моцна абурыліся, асадзілі брытанскі форт і абстрэльвалі яго, а ўрэшце распачалі маштабную вайну з каланістамі. Паўстанне здушылі, імперыя Ашанці ў выніку была анексаваная Брытанскай імперыяй, але захавала самакіраванне і не аддала брытанцам Залатога трона.

Вынік. Былі параненыя або загінулі больш за 3000 чалавек. Трон застаўся ў Ашанці.

Футбольная вайна

Гэтую вайну між Сальвадорам і Гандурасам называюць 100-гадзіннаю вайною. Між краінамі з 1960-х трывала напружанне, бо ў час зямельнай рэформы ў Гандурасе зямлю забралі ў фермераў-імігрантаў, а з Сальвадору туды мігравала шмат людзей – не менш за 300 тысячаў, або 20 % насельніцтва.

Бойка між заўзятарамі Сальвадору і Гандурасу. Стадыён Флёр-Блянка, Эль-Сальвадор. 15 ліпеня 1969 года.
Фота: Cantinflash / Wikimedia, CC BY-SA 4.0

У 1969 годзе зборныя Гандурасу і Сальвадору гулялі ў кваліфікацыйным раўндзе чэмпіянату свету ў футболе. У першай гульні Гандурас выгуляў удома 1:0, у другой гульні ўдома перамог 3:0 ужо Сальвадор. Падчас і пасля гульняў адбываліся бойкі ды пагромы, пасля другога матчу гандураскіх футбалістаў і заўзятараў пабілі, а ў Гандурасе ў адказ сталі нападаць на сальвадорцаў. Перад вызначальным трэцім матчам Сальвадор разарваў дачыненні з Гандурасам, абвінаваціўшы суседнюю краіну ў тым, што там нічога не робяць супраць забойстваў, згвалтаванняў і выгнанняў сальвадорцаў. Сальвадор перамог у вызначальным матчы 3:2, па гульні дыпламатычныя стасункі разарваў і Гандурас.

Агулам у футбольных закалотах загінулі 120 чалавек, але тое быў толькі пачатак. Праз тыдзень сальвадорцы абстралялі гандураскія самалёты, яшчэ праз тыдзень адбыліся першыя ўзброеныя сутыкненні на мяжы. Сальвадорцы пайшлі ў наступ, прасунуліся на 70 кіламетраў, захапілі дзясятак гарадоў, але праз месяц пагадзіліся вывесці войскі пад ціскам іншых суседніх краінаў.

Вынік. Загінулі 2–5 тысячаў чалавек. Зборная Сальвадору перамагла Гаіці і выйшла ў групавы этап чэмпіянату свету, але там саступіла Бельгіі, Мексіцы ды СССР.

Вайна ўсіх з усімі праз расследаванне забойства сербам аўстрыйскага прынца

Калі вас спытаюць аб прычынах Першай сусветнай вайны, можаце адказаць, што проста ў Еўропе ўсе мелі да ўсіх прэтэнзіі. Буйныя імперыі змагаліся за панаванне, народы – за незалежнасць. Гісторыкі ўжо сто гадоў апісваюць дзясяткі розных прычынаў той вайны, знаходзяць іх за дзесяцігоддзі да пачатку вайны. Ды нагода пачаць вайну дакладна вядомая.

Забойства Франца Фэрдынанда. 1914 год. Малюнак: Achille Beltrame / Domenica del Corriere

28 чэрвеня 1914 года баснійска-сербскія нацыяналісты забілі ў Сараеве эрцгерцага Франца Фэрдынанда – спадкаемцу трону Аўстра-Вугоршчыны, якая нядаўна анексавала Боснію і Герцагавіну, на якую прэтэндавала і Сербія. Аўстра-Вугоршчына выставіла Сербіі 48-гадзінны ўльтыматум, які ў Еўропе лічылі невыканальным: забараніць антыаўстрыйскія супольнасці і выданні, звольніць антыаўстрыйскіх чыноўнікаў, дазволіць імперскім службам спыняць антыаўстрыйскую дзейнасць на тэрыторыі Сербіі. Гісторыкі спрачаюцца, ці пагадзілася Сербія на амаль усе пункты, ці то дыпламатычна адмовіла.

Аўстра-Вугоршчына абвесціла вайну Сербіі – і Еўропа выбухнула. Нямеччына абвесціла вайну Расеі, Францыі і Бельгіі, Брытанія – Нямеччыне… У выніку ў вайну была так ці іначай уцягнутая палова свету, а ў выніку вайны мапа Еўропы была перакроеная.

Вынік. Загінулі, паводле розных ацэнак, ад 15 да 22 мільёнаў чалавек. Удзельнікаў забойства эрцгерцага асудзілі аўстра-вугорскія ўлады, але імперыя неўзабаве распалася.

Вайна праз свінню, якая з’ела бульбу (пастанавілі не праводзіць, бо гэта глупства)

У 1846 годзе Злучаныя Штаты і Вялікая Брытанія нібы дамовіліся пра мяжу між астравамі Сан-Хуан, што на захадзе кантыненту, на цяперашняй мяжы ЗША і Канады (тады яшчэ брытанскай калоніі выспы Ванкувэр). Але па-рознаму разумелі азначэнне «сярэдзіна пратокі» і не пагадзіліся з тым, хто валодае астравамі.

Выява мае ілюстрацыйны характар. Малюнак свінні. 1812 год. Выява: Jean Bernard / Rijksmuseum

Праз 13 гадоў амерыканскі фермер заўважыў, што свіння ела бульбу на ягоных палетках, і прыстрэліў «інтэрвента». Свіння належала работніку «Hudson’s Bay Company», якая фактычна адміністравала брытанскія калоніі ў Канадзе. Стралок прапанаваў гаспадару свінні 10 долараў, той папрасіў 100, а першы пастанавіў не даваць нічога. Брытанцы хацелі арыштаваць стралка, а той звярнуўся па дапамогу да ўладаў ЗША.

Са Штатаў на Сан-Хуан накіравалі 66 жаўнераў, якія мусілі б не пусціць брытанцаў. Брытанцы адправілі тры караблі, каб амерыканцы не пасяліліся на востраве. Абодва бакі сцягвалі ўсё больш і больш сілаў, пакуль губернатар брытанскай калоніі не загадаў высадзіцца на востраве і выгнаць амерыканцаў, а ягоны адмірал адмовіўся, бо было б глупствам распачынаць вайну праз нейкую свінню.

Вынік. Брытанцы і амерыканцы яшчэ паспрачаліся, але адзінай ахвяраю «вайны» засталася згаданая свіння.

Hавiны
Чаму сёння? На які дзень розныя краіны прызначаюць нацыянальныя святы
2021.07.03 08:30

АА belsat.eu

Стужка навінаў