Балада пра буксір, «Вольны хор» і кніга Арлова сталі «экстрэмісцкімі». Хронікі рэпрэсіяў 25 кастрычніка


Больш за два гады ў нашай краіне працягваюцца рэпрэсіі супраць грамадзянаў. «Белсат» сабраў асноўныя звесткі пра вядомыя факты палітычнага пераследу 25 кастрычніка.

Улады Беларусі прызналі «экстрэмісцкай» дзіцячую кнігу Іосіфа Бродскага «Балада пра маленькі буксір». Кніга выдадзеная ў выдавецтве Янушкевiч сёлета.

Выдавец Андрэй Янушкевіч распавёў, што «экстрэмісцкага» сілавікі адшукалі ў дзіцячай кнізе.

«Калі 16 траўня прыйшлі губазікаўцы прыйшлі ў «Кнігаўку» і пачалі канфіскоўваць кнігі, я запытаўся ў галоўнага начальніка, што не спадабалася ў кнізе нобэлеўскага лаўрэата. Дзіцячы верш, апублікаваны ў 1962 годзе, тэкст не мае ніякага дачынення да Беларусі… У адказ я пачуў, што падазронай з’яўляецца афарбоўка буксіра на ілюстрацыях (?!). За ўвесь час ні мне, ні камусьці, хто меў дачыненне да выхаду, нават думка не прыходзіла асацыяваць выявы буксіра цёмна-аранжавага колеру з нашымі нацыянальнымі сімваламі. Такіх думак, нават жартам, не выказваў ніхто з нашых пакупнікоў. Не бачыў я іх і ў сацсетках. Першым, хто ўбачыў у малюнках пагрозу для беларускага рэжыму, быў вышэйзгаданы губазікавец. Здавалася, на гэтай недарэчнасці гісторыя павінна закончыцца. Але ж прасцей зганьбіцца на ўвесь свет».

Вокладка кнігі Іосіфа Бродскага, якую прызналі «экстрэмісцкай».
Фота: januskevic.by

Youtube-канал «Вольны хор» Ленінскі суд Берасця прызнаў «экстрэмісцкім». Гэтае рашэнне вынеслі 24 кастрычніка.

Таксама ўлады лічаць «экстрэмісцкай» кнігу Уладзіміра Арлова «Айчына: Маляўнiчая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкi». Такую пастанову агучылі 18 кастрычніка ў судзе Цэнтральнага раёну сталіцы.

Палітвязня Аляксандр Цялегу зноў будуць судзіць. Лекара-неўролага раней асудзілі да 4 гадоў калоніі за 32 каментары. Аляксандр распавёў, што ў жніўні 2020 году ён быў валанцёрам каля Акрэсціна, дзе жорстка збівалі людзей і на эмоцыях пісаў свае каментары. Праваабаронцам стала вядома, што 1 лістапада палітвязня зноў будуць зноў судзіць за гэтыя ж каментары паводле арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і ч. 1 арт. 366 («Пагроза гвалтам у адносінах да службовай асобы»). Справу будзе разглядаць суддзя Вольга Бабук. 

У Менску жыхарку сталіцы Мілану Вальфовіч асудзілі на 2,5 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Дзяўчыну прызналі вінаватай паводле ч.1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Справу разглядала суддзя Марына Клімчук. Пасля агучвання прысуду жыхарку Менску вызвалілі ў залі суда.

У Гомлі будуць судзіць Аляксандра Айнутдзінава за спробу далучыцца да палка Каліноўскага. Судовы працэс пачнецца 4 лістапада, будзе весці суддзя Вячаслаў Калюка. Аляксандру можа пагражаць абмежаванне або пазбаўленне волі тэрмінам да 5 гадоў.

Аб’ектыў
Ліквідацыя дабрачыннага фонду «Вяртанне»
2022.10.25 22:34

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў