Сёння Алесю Бяляцкаму спаўняецца 61 год


Сёння праваабаронца Алесь Бяляцкі адзначае дзень нараджэння. Яму спаўняецца 61 год. Гэта ўжо трэці дзень нараджэння запар, якія спадар Алесь сустракае за кратамі.

Алесь Бяляцкі і Святлана Ціханоўская на ўручэнні прэміі Сахарава «За свабоду думкі». Брусель, Бельгія. 16 снежня 2020 года.
Фота: spring96.org

Свае віншаванні Алесю Бяляцкаму ў сваім Telegram-канале апублікавала беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская.

«Сёння дзень нараджэння ў нашага нобэлеўскага лаўрэата, старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага.

Шаноўны спадар Алесь, я памятаю вашыя словы: бывае так, што людзі, якія найбольш цэняць свабоду, часта пазбаўленыя яе. І мне вельмі сумна бачыць тое, як гэтыя словы сталі беларускай рэальнасцю.

Усё жыццё вы, паважаны Алесь, працягваеце змагацца за свабоду і правы беларусаў. А нашая задача зараз – працягваць вашую справу. Нават у зняволенні вы працягваеце натхняць і падтрымліваць усіх нас. Бо вы лепш за ўсіх нас ведаеце, што пасля зімы заўсёды наступае Вясна.

Дарагі Алесь, жадаю вам моцнага здароўя і як мага хутчэй апынуцца побач з сям’ёй і паплечнікамі», – напісала абраная прэзідэнтка Беларусі.

Нагадаем, што заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года. Яго абвінавацілі ў «кантрабандзе» ды «фінансаванні групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» і асудзілі на 10 гадоў калоніі. Ні ў адным з артыкулаў, выстаўленых судом, Алесь Бяляцкі не прызнаў віны.

У снежні 2022 года, калі ён ужо быў за кратамі, Алеся Бяляцкага ўганаравалі Нобэлеўскай прэміяй міру. Узнагароду атрымлівала ягоная жонка Наталля Пінчук.

У траўні 2023 года кіраўнік «Вясны» быў этапаваны ў папраўчую калонію № 9 у Горках. Гэтая калонія мае дурную славу, дзе зняволеныя, асабліва паводле палітычных артыкулаў, зазнаюць сапраўдныя катаванні.

Hавiны
Больш за 100 нобэлеўскіх лаўрэатаў заклікалі вызваліць праваабаронцу Алеся Бяляцкага
2023.05.21 16:29

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў