Belsat.eu падводзіць вынікі 1 верасня – 24-га дня пратэстаў у Беларусі.
У Менску 1 верасня ўвесь дзень праходзілі акцыі пратэстаў студэнтаў. У іх прымалі ўдзел навучэнцы найбуйнейшых беларускіх універсітэтаў – БДУ, БДЭУ, БНТУ, БДУІР, МДЛУ, БДМУ.
Студэнты Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту рушылі ў цэнтр Менска, дзе да іх пачалі далучацца студэнты іншых ВНУ. Сілавікі спрабавалі блакаваць рух пратэстоўцаў, абмяжоўвалі працу транспарту і праводзілі масавыя затрыманні ў розных кропках гораду.
Аднак цалкам задушыць студэнцкія пратэсты не атрымалася: пратэстоўцы змянялі маршруты, перагрупоўваліся і нават некалькі разоў прарывалі ачапленне міліцыі.
Акцыі салідарнасці цягам дня прайшлі таксама каля прахадных МТЗ і МЗКЦ, каля Ліцэю БДУ, каля Парку высокіх тэхналогіяў і ў іншых кропках гораду.
Увечары на плошчы Незалежнасці сабралася некалькі сотняў чалавек, пераважна дзяўчаты. Яны танчылі і спявалі, а калі АМАП іх атачыў – сталі ў счэпку. Сілавікі сышлі з плошчы пад скандаванне «Да заўтра». Пасля гэтага пратэстоўцы прайшлі шэсцем па праспекце Незалежнасці.
Агулам 1 верасня ў Менску былі затрыманыя не менш за 77 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі СМІ. Журналістаў TUT.by Аляксея Суднікава і Надзею Калініну, карэспандэнтаў «Комсомольской правды в Беларуси» Сяргея Шчогалева, Мікіту Дубалека і Марыю Эльяшэвіч, а таксама журналіста БелаПАН Андрэя Шаўлюгу пакінулі ў РУУС да заўтрашняга дня.
Святлана Ціханоўская 1 верасня выказала сваю нязгоду з тэзісамі штаба Бабарыкі, які ўчора абвесціў пра стварэнне новай палітычнай партыі «Разам». Па-першае. Ціханоўская не пагадзілася з тым, што «на выбарах мы не змаглі перамагчы». Па-другое, Ціханоўская не згодная з тым, што галоўная задача на цяперашні момант – гэта канстытуцыйная рэформа.
«Такая пастаноўка мэты не адказвае патрабаванням беларускага народу, і выглядае двухсэнсоўнай, бо сёння Лукашэнка спрабуе адцягнуць свой сыход, ведучы гаворку пра незразумелую канстытуцыйную рэформу ў нявызначаныя тэрміны», – падкрэсліла яна.
У выніку штаб Бабарыкі быў вымушаны апублікаваць адказ на заўвагі Ціханоўскай. У звароце падкрэсліваецца, што штаб не ставіць пад сумнеў перамогу Святланы Ціханоўскай на выбарах 9 жніўня 2020 года. Да таго ж, стварэнне партыі не будзе закранаць працу Каардынацыйнай рады.
«Мы абсалютна згодныя са Святланай Ціханоўскай, што галоўнае ў бягучым моманце – дамагацца тых патрабаванняў, якія былі кансалідавана агучаны Каардынацыйнай радай і грунтуюцца на перадвыбарчай праграме Святланы Ціханоўскай», – падкрэсліваецца ў заяве.
Эксперты ААН у галіне правоў чалавека абвесцілі, што маюць інфармацыю пра 450 дакументальна зафіксаваных выпадкаў катаванняў і жорсткага абыходжання з пратэстоўцамі ў Беларусі. Сваякі як мінімум шасці чалавек не ведаюць пра месцазнаходжанне і стан здароўя іх блізкіх. ААН таксама мае звесткі пра гвалт у дачыненні жанчын і дзяцей, уключаючы сексуальны гвалт і згвалтаванне гумовымі дубінкамі.
Адначасова беларускія праваабаронцы канстатуюць, што на працягу месяца больш за 7 500 грамадзянаў былі затрыманыя за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.
ПЦ «Вясна» задакументаваў не менш за 500 выпадкаў прымянення катаванняў да затрыманых, якія сведчаць аб масавым і сістэмным іх ужыванні. Як мінімум тры ўдзельнікі пратэстаў загінулі ў выніку ўжывання да іх зброі або неаказання своечасовай медычнай дапамогі, адзначаецца ў аглядзе.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча не пусцілі ў Беларусь, бо ён «атрымаў пэўныя задачы» ў Польшчы.
«Атрымаўшы пэўныя задачы, вяртаўся Беларусь і трапіў у гэты спіс неўязных, які агульны ў Беларусі і Расеі. Не толькі ён адзін, проста ён – больш вядомая фігура», – сказаў Лукашэнка.
Нагадаем, учора беларускія памежнікі не пусцілі Тадэвуша Кандрусевіча ў Беларусь без тлумачэння прычынаў.
ІІ belsat.eu