Падзеі ў КНР: Сі Цзінь Пін збіраецца будаваць аднапалярны свет з Кітаем на чале


Пленум ЦК Кампартыі Кітаю ў нядзелю, 23 кастрычніка, пераабраў на трэці пяцігадовы тэрмін дзейнага лідара Сі Цзінь Піна і замяніў чацвярых ягоных былых паплечнікаў у складзе найвышэйшага партыйнага кіраўніцтва. Разбіраемся, чаго чакаць астатняму свету. 

Сі Цзінь Пін.
Фота: rg.ru

Плануецца, што пад кіраўніцтвам Сі Цзінь Піна будзе развязвацца задача ператварыць Кітай да 2049 года ў асноўную сусветную дзяржаву. Калі гэта ўдасца, то да сярэдзіны XXI стагоддзя свет фактычна стане аднапалярным – толькі замест ЗША галоўным полюсам будзе Кітай. Адна з сімвалічных прычынаў імкнення да лідарства – 100 гадоў заснавання КНР, ці не адзінай краіны ў свеце, якая ўсё яшчэ афіцыйна будуе камунізм.

Што адбылося

Назіральнікі кажуць, што ў Кітаі па сутнасці адбыўся ўнутрыпартыйны пераварот, які падвёў рысу пад эпохай калектыўнага праўлення. Сі Цзінь Пін стаў адзінаасобным і поўнаўладным лідарам партыі і краіны.

Галоўная візуальнай сенсацыяй ХХ зʼезду Камуністычнай партыі Кітаю, які завяршыўся 22 кастрычніка, напярэдадні рэвалюцыйнага пленуму, стаў эпізод, падчас якога папярэдні генеральны сакратар партыі і старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Ху Цзінь Таў быў сілаю выведзены з залы. Праз нейкі час ён вярнуўся на паседжанне, але гэтай сцэны хапіла, каб усе зразумелі, хто галоўны ў краіне, і што ўплыву Ху і яго прыхільнікаў на Сі ды агулам на палітыку КНР не існуе.

Гэтая выснова падмацаваная і кадрава: Сі Цзінь Пін быў пераабраны на пасаду генеральнага сакратара Кампартыі. Таксама быў зацверджаны новы Пастаянны камітэт Палітбюро ЦК КПК у складзе 7 чалавек – туды ўвайшлі толькі лаяльныя, шчыльна звязаныя з Сі Цзінь Пінам асобы.

Інцыдэнт з Ху Цзінь Таў на XX зʼездзе КПК.
Фота: ТРК «Звезда»

Сі Цзінь Пін захаваў пазіцыі самага магутнага кіраўніка краіны з часу Маў Цзэ Дуна. Кітайскі лідар мае поўны кантроль над Палітбюро і ЦК, ніякага стрымання і проціваг у кіраўніцтве Кітаю не будзе.

Што рабіў Сі Цзінь Пін два першыя тэрміны

Сі Цзінь Пін прыйшоў да ўлады ў 2012 годзе і ўжо 10 гадоў застаецца нязменным лідарам Кітаю. Ён генеральны сакратар ЦК КПК, старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі, а таксама старшыня Цэнтральнай вайсковай рады КНР.

З часу Дэн Сяў Піна да Сі Цзінь Піна ў Кітаі дзейнічала абмежаванне: два тэрміны на пасадзе генеральнага сакратара, але ў 2018 годзе з ініцыятывы цяперашняга лідара краіны яно было скасаванае.

Над дэмантажом «сістэмы Дэн Сяў Піна» Сі Цзінь Пін пачаў працаваць адразу пасля абрання на першы тэрмін. Ён абгрунтоўвае цэнтралізацыю ўлады патрэбаю вывесці КНР з глыбокага крызісу з дапамогаю моцнай рукі.

Каментуючы ў 2018 годзе адмену ў Канстытуцыі Кітаю правіла ратацыі кіраўніцтва, эксперт з Маскоўскага цэнтру Карнегі Аляксандр Габуеў пісаў, што Сі ўзяўся за цэнтралізацыю ўлады ў сваіх руках дзеля павышэння хуткасці прыняцця рашэнняў.

Калектыўнае кіраванне з правам вета яго чальцоў на рашэнні ўсё больш нагадвала Савет бяспекі ААН, дзе можна без праблемаў правесці рэзалюцыю толькі ў тым выпадку, калі не закранутыя інтарэсы сталых чальцоў – у адваротным выпадку «сусветны ўрад» паралізуецца. Такі ж параліч скручваў і калектыўнае кіраўніцтва Кітаем, як толькі прапанаванае рашэнне не падабалася некаму з яго чальцоў.

Новае палітычнае кіраўніцтва Кітаю цалкам складаецца з прыхільнікаў генеральнага сакратара.
Фота: «Сінь-Хўа» / belta.by

Паводле Габуева, «сістэма Дэн Сяў Піна» ў Кітаі працавала, пакуль рост дабрабыту перакрываў незадаволенасць насельніцтва карупцыяй і дэградацыяй навакольнага асяроддзя. Але як толькі рост дабрабыту запаволіўся, то выдаткі і хібы папярэдніх дзесяцігоддзяў развіцця сталі адчувацца ўсё больш балюча. Краіна дайшла да сітуацыі, калі нічога не мяняючы жыць стала складана. А для правядзення глыбокіх структурных рэформаў не хапала патрэбнага кансэнсусу ў эліце. Таму Сі і знайшоў выйсце, пастанавіўшы кансалідаваць уладу.

Што будзе ў Кітаі далей

Пазбавіўшыся апазіцыйна настроеных чальцоў «каманды», Сі Цзінь Пін фармальна не мае больш нязгодных побач з сабой. Адзінае, што рэформы ў Кітаі рухаюцца вельмі павольна, эканамічны крызіс яшчэ не пераадолены, а падзеі апошніх гадоў: пандэмія COVID-19, гандлёвыя войны з ЗША, тайванскі палітычны крызіс – пакідаюць шмат пытанняў да Сі Цзінь Піна ў насельніцтва і элітаў краіны.

Таму самы час шукаць вінаватых. Іх можна знайсці як сярод тых, хто кіраваў краінай раней, так і сярод тых, хто нязгодны з курсам цяперашняга кіраўніцтва. Эксперты лічаць у гэтай сувязі вельмі паказальным згаданы інцыдэнт з Ху Цзінь Таў.

«Незалежна ад таго, што стала сапраўднай прычынай гэтага эпізоду, дрэннае самаадчуванне або імкненне цяперашняга кіраўніцтва публічна прынізіць і канчаткова «вывесці з палітыкі» чалавека, у перыяд кіравання якога ішоў двухзначны рост тэмпаў ВУП, намячалася некаторая палітычная лібералізацыя, але пры гэтым квітнелі карупцыя і кланавасць, інцыдэнт з Ху Цзінь Таў вельмі сімвалічны. Ён выглядае як змена парадыгмы развіцця краіны», – заявіў выданню «Коммерсантъ» дырэктар Інстытуту краінаў Азіі і Афрыкі МДУ Аляксей Маслаў.

На думку эксперта, ухваленыя на партыйным пленуме кадравыя перастаноўкі – гэта не амаладжэнне, улічваючы, што паводле кітайскіх мерак палітыкі, якія пайшлі са сваіх пасадаў, не такія ўжо старыя, а самому Сі Цзінь Піну сёлета споўнілася 69 гадоў.

«Гаворка ідзе пра новую палітыку, якая робіцца больш ідэалагізаванай і больш жорсткай. У Пекіне надыходзіць час «гардлайнэраў», абʼяднаных вакол Сі Цзінь Піна, які расчысціў сабе палітычнае поле, уступіўшы ў другое дзесяцігоддзе свайго кіравання», – лічыць Аляксей Маслаў.

«Пасля ХХ зʼезду партыі і засяроджвання ў сваіх руках усёй паўнаты адзінаасобнай улады аточаны адданымі яму людзьмі Сі Цзінь Пін мае намер ператварыць Кітай у самую магутную краіну ў свеце. Такім чынам, бачанне Кітаю эпохі кіравання Сі Цзінь Піна складаецца ў тым, каб астатнія краіны свету сталі яго малодшымі партнёрамі», – пацвярджае індыйскі эксперт, які шмат гадоў працаваў у Пекіне, галоўны рэдактар «​​India Narrative» Атул Анэджа (Atul Aneja).

Што чакае постсавецкія рэжымы

Прыдуманая Дэн Сяў Пінам і рэалізаваная ягонымі пераемнікамі сістэма калектыўнага кіравання ў Кітаі працяглы час падавалася як вялікая інавацыя ў пабудове паспяховых недэмакратычных сістэмаў. Захаванне палітычнай сістэмы з адзінаю кіроўнаю партыяй разам з пэўнай эканамічнай лібералізацыяй выглядала прывабна і ў вачах кітайскага насельніцтва, і некаторых заходніх экспертаў, і аўтарытарных лідараў постсавецкіх краінаў.

Сі Цзінь Пін выступае на XX з’ездзе кампартыі Кітаю.
Фота: «Сінь-Хўа» / russian.news.cn

Але цяпер сістэмы калектыўнага кіравання больш не існуе. Камуністычная партыя Кітаю замацавала цэнтральную ролю генеральнага сакратара Цэнтральнага камітэту КПК, старшыні КНР Сі Цзінь Піна. Адпаведныя папраўкі ў статут арганізацыі ўхваленыя ў суботу, 22 кастрычніка, па выніках XX зʼезду партыі. Іх мэта – прадэманстраваць вяршэнства Сі і ягоных палітычных ідэяў у КПК, а таксама захаваць уладу партыі ў Кітаі.

Беларускі эксперт у пытаннях Кітаю Дзмітрый Ж., які працяглы час працаваў у КНР, у інтэрв’ю «Белсату» адзначыў, што адна з рысаў палітыкі Сі Цзінь Піна – стаўка на агрэсіўную дыпламатыю. «Для постсавецкіх рэжымаў прайшоў час гульняў на двое варотаў. Відавочна, што робячы стаўку на лідарства, Кітай спачатку дэ-факта і дэ-юрэ даб’ецца біпалярнага ўладкавання свету, дзелячы лідарства з ЗША, а потым будзе рухацца да вяршыні адзінаасобнага кіравання. Ці застаюцца ў такіх умовах магчымасці для манеўраў кіраўнікам Беларусі, Расеі, Казахстану, краінаў Сярэдняй Азіі?».

Эксперт лічыць, што і постсавецкім рэжымам цяпер няма патрэбы публічна гуляць у дэмакратыю: «Кітаю можна? А чаму ім не?»

Адным з першых Сі Цзінь Піна павіншаваў Уладзімір Пуцін, ад яго не адсталі кіраўнікі Казахстану і Беларусі. Паказальна, як старшыню КНР з пераабраннем на пасаду генеральнага сакратара Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Кітаю павіншаваў Касым-Жамарт Такаеў.

Прэзідэнт Казахстану напісаў кіраўніку КНР, што «пераканаўчая перамога – сведчанне шырокага падтрымання суайчыннікамі вашай мудрай і дальнабачнай палітыкі, накіраванай на ўмацаванне палітыка-эканамічных асноваў Кітаю, рост дабрабыту грамадзянаў і павышэнне аўтарытэту краіны на міжнароднай арэне».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Florence Lo / Reuters / Forum

«Улічваючы амаль імператарскія памкненні кітайскага лідара, постсавецкія аўтарытарныя рэжымы павінны падрыхтавацца да публічнай дэманстрацыі яшчэ большай лаяльнасці да КНР, – лічыць Дзмітрый Ж. – Кітай улічвае толькі свае нацыянальныя інтарэсы».

Праблемы і рызыкі

Прафесар паліталогіі Калумбійскага ўніверсітэту Эндру Нэйтан (Andrew Nathan), лічыць, што створаны Сі Цзінь Пінам прэцэдэнт працяглага перабывання адной асобы на чале КПК і на пасадзе старшыні КНР на нявызначаны час можа дэстабілізаваць кітайскую партыю.

«Трэці тэрмін расхіствае сістэму пераемнасці. Калі нешта здарыцца падчас яго перабывання на пасадзе, то існуе рызыка неўрэгуляванай перадачы ўлады, якая ператворыцца ў барацьбу за ўладу», – адзначае Эндру Нэйтан.

Ковідная небяспека ў КНР усё яшчэ захоўваецца. Адна з прычынаў гэтага – у канцэпцыі «нулявой цярпімасці», аўтар якой – Сі Цзінь Пін, і таму адказнасць за эканамічныя наступствы локдаўну ляжыць на ім. Другая прычына – неразвітасць кітайскай сістэмы аховы здароўя. Як заявіў кітаіст Леанід Ковачыч у інтэрв’ю «Вот Так», стомленасць ад локдаўну магла б перарасці ў масавыя пратэсты, але ўлады Кітаю ўвесь час «трымаюць руку на пульсе». Калі ўзнікаюць нейкія перакосы, яны, як правіла, імкнуцца знайсці вінаватых ды іх пакараць, тым самым змяншаючы патэнцыял пратэставай актыўнасці і сацыяльнай напружанасці.

Сі Цзінь Пін.
Фота: Florence Lo / Reuters / Forum

Падчас свайго праграмнага дакладу Сі падкрэсліў, што Кітай будзе імкнуцца ўсімі спосабамі развязаць тайванскае пытанне мірным шляхам, але не выключае і сілавога сцэнара развіцця падзеяў у выпадку ўмяшання сілаў звонку. Больш мяккі варыянт – гэта паступовае дасягненне перавагі прыхільнікаў кантынентальнага Кітаю ў парламенце Тайваню. Першаю павіншавала КПК з пачаткам зʼезду тайванская партыя «Го-Мінь-Дан», прыхільніца канцэпцыі «адна краіна – дзве сістэмы», якая мае ў парламенце 48 галасоў са 113, аб чым напісаў на сваёй старонцы ў Facebook аналітык з Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч. Ад перавагі над кааліцыяй супернікаў гэтую фракцыю аддзяляе 15 галасоў, а выбары неўзабаве.

Пазіцыя што да Украіны і стасункі з Беларуссю

Кітай працягвае прытрымвацца нейтральнай пазіцыі аб расейскім уварванні ва Украіну, хоць і нясе іміджавыя выдаткі перад сусветнай супольнасцю за неасуджэнне Расеі. Але гэтыя выдаткі кампенсуюцца тым, што Кітай атрымлівае расейскія энерганосьбіты з вялікім дысконтам і практычна манапольнае становішча на расейскіх рынках пасля адмовы ад іх заходніх кампаніяў і краінаў. У палітычных адносінах з Расеяй КНР паступова набывае ўсё большую вагу, узмацняючы асіметрыю паміж краінамі і ставячы РФ ва ўсё больш залежную сітуацыю.

Сі Цзінь Пін быў першым, хто павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з «перамогаю» на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Але на фоне працяглага ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі цікаўнасць КНР да развіцця стасункаў з афіцыйным Менскам заўважна знізілася.

Былі і прыкметы выразнага павелічэння дыстанцыі. У лютым 2022 года Лукашэнку не запрасілі на ўрачысты банкет з нагоды адкрыцця Алімпіяды ў Кітаі. Прычына – заходнія санкцыі супраць Лукашэнкі і ягонага старэйшага сына Віктара. Пекін вельмі асцярожны на беларускім кірунку і з тае нагоды, што, канфліктуючы з захадам, Лукашэнка часам пагражае перакрыць транзіт у Еўропу.

Новых эканамічных праектаў КНР у Беларусі цягам 2020–2022 гадоў не з’яўлялася. У экспертнай супольнасці агучвалася меркаванне, што Пекін зноў пачне ўкладацца ў эканоміку Беларусі толькі тады, калі Менск нармалізуе стасункі з Еўразвязам.

Аналітыка
КНР і Беларусь заявілі пра «гістарычны ўздым» узроўню супрацы. Што гэта значыць?
2022.09.16 18:50

Пэўная паўза ў двухбаковых стасунках пры гэтым не адбілася на гандлёвым абарачэнні. Цягам апошніх гадоў яно паступова павялічвалася, дасягнуўшы па выніках 2021 года рэкордных $ 5,9 млрд. Але ў гэтых дачыненнях Беларусь грае больш ролю пакупніка, чым прадаўца.

15 верасня ў Самаркандзе на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацы Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзінь Пін ухвалілі супольную Дэкларацыю аб усталяванні стасункаў усебаковага стратэгічнага партнёрства пры любым надвор’і. Як вынікае з назвы падпісанага КНР і Беларуссю дакументу, дэкларацыя не прадугледжвае ніякіх юрыдычных абавязкаў і канкрэтных рашэнняў, а агучвае толькі намеры.

Антон Тачняк belsat.eu

 

Стужка навінаў