Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы: ідэалогія ліцвінізму не ўяўляе небяспекі для краіны


Літоўскі Дэпартамент дзяржбяспекі даў характарыстыку такой з’яве, як ліцвінізм, і акрэсліў рызыкі, звязаныя з яе існаваннем у Літоўскай Рэспубліцы.

Радзівілаўская карта Вялікага Княства Літоўскага, 1613 год.
Фота: gutenbergpublisher.eu

Згодна з азначэннем літоўскага Дэпартаменту дзяржаўнай бяспекі (ДДБ), ліцвінізм – гэта радыкальны кірунак беларускага нацыяналізму, «адна з асноўных ідэйных пазіцыяў якога – адмаўленне балцкага паходжання Вялікага Княства Літоўскага і княскіх дынастыяў, якія ў ім кіравалі, стаўленне пад сумнеў прыналежнасці значнай тэрыторыі да Літоўскай Рэспублікі са сталіцай Вільнюсам».

Дэпартамент адзначае, што прыхільнікі ліцвінізму выстаўляюць тэрытарыяльныя прэтэнзіі і да іншых памежных з Беларуссю дзяржаваў.

На тэрыторыі Беларусі ганенні супраць людзей, якія з’яўляюцца паслядоўнікамі ліцвінізму, звязаныя з тым, што яны негатыўна ставяцца да кіроўных рэжымаў у Маскве і Менску і рашуча адмаўляюцца ад іх афіцыйнага наратыву гісторыі, паводле якога расейцы і беларусы – «адзіны народ». Менавіта таму актыўныя прыхільнікі гэтай ідэалогіі зазнаюць рэпрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі і вымушаныя ўцякаць у краіны Еўразвязу, у тым ліку ў Літву, дзе ўваходзяць у актыўную апазыцыю.

Дэпартамент дзяржбяспекі адзначае, што супрацьстаянне літоўцаў і беларусаў пад уплывам ідэалогіі ліцвінства цягнецца ўжо больш за два дзесяцігоддзі на нішавых інтэрнэт-рэсурсах, прысвечаных гісторыі. У сацсетках ідэі ліцвінізму, гаворыцца ў паведамленні, істотна пашырыліся за апошнія месяцы, «але некаторыя інцыдэнты ці выказванні прыхільнікаў ідэалогіі ў сацыяльных сетках выклікалі рэзананс у літоўскай інфармацыйнай прасторы і стымулявалі дыскусіі аб рызыках, звязаных з з гэтым відам дзейнасці».

«Паводле ацэнкі Дэпартаментц дзяржбяспекі, дзейнасць прыхільнікаў ліцвінскай ідэалогіі ў цяперашні час не ўяўляе рэальнай пагрозы суверэнітэту, канстытуцыйнаму ладу і тэрытарыяльнай цэласнасці Літоўскай Рэспублікі, але ідэалагічныя ўстаноўкі, якія імі распаўсюджваюцца, могуць узмацніць міжэтнічную напружанасць у дзяржаве і распаліць негатыўныя адносіны да лаяльнай дзяржаве часткі беларускай супольнасці ў Літве», – гаворыцца ў паведамленні.

У публікацыі адзначаецца, што дэпартамент збірае інфармацыю аб пагрозах і фактарах рызыкі, звязаных з новай дыяспарай беларускіх мігрантаў, і перадае яе заканадаўчым органам рэспублікі. Таксама дэпартамент дае рэкамендацыі дзяржаўным установам адносна адмовы або анулявання відаў на жыхарства ў Літоўскай Рэспубліцы асобам, якія ўяўляюць пагрозу дзяржаўнай бяспецы.

Нагадаем, што колькі дзён таму старшыня парламенцкага Камітэту ў справе нацыянальнай бяспекі і абароны Лаўрынас Кашчунас адзначыў, што беларуская апазіцыя, якая жыве ў Літве, павінна быць занепакоенай пра ўсё больш відавочныя праявы ліцвінізму. На ягоную думку, Літва не можа мірыцца з ідэалогіяй, якая адмаўляе нацыянальную самасвядомасць і памяць літоўцаў.

У сваю чаргу Святлана Ціханоўская ў сваім звароце да літоўскага народу падкрэслівала агульную пазіцыю беларусаў: літоўская тэрыторыя і дзяржава належаць народу Літвы і нікому больш. Межы непарушныя, а тыя, хто гаворыць іначай, – правакатарамі, якія застаюцца на баку агрэсара. «Беларусы не маюць і ніколі не будуць мець ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзіяў да сваіх суседзяў», – сказала Ціханоўская.

Hавiны
Святлана Ціханоўская: Беларусы ніколі не будуць мець тэрытарыяльных прэтэнзіяў да суседзяў
2023.08.14 20:10

Раман Шавель belast.eu

Стужка навінаў