«Менавіта так выглядае ўключаны друкарскі станок». Эксперты пра рост грошай у эканоміцы


Эксперты праекту «Нашы грошы» ў сваім тэлеграм-канале папярэджваюць пра магчымыя наступствы рэзкага росту гатоўкі ў эканоміцы Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Паводле эканамістаў, такі высокі аб’ём наяўных, як сёння, назіраўся ў эканоміцы Беларусі 15 гадоў таму, але з таго часу «беларусы прывыклі да разлікаў у безнаяўнай форме». Рэзкі рост гатоўкі ў абарачэнні пачаўся з лютага 2022 года. Калі за ўвесь 2021 год эканоміка папоўнілася наяўнымі грашыма на Br 500 млн, то ў 2022 годзе – на Br 1,9 млрд. Сёлета ж толькі за студзень–чэрвень рост гатоўкі склаў Br 2,2 млрд.

У 2021 годзе грашовая маса штомесяц у сярэднім прырастала Br 42 млн наяўных грошай, у 2022 годзе – на Br 158 млн. А сёлета кожны месяц у сярэднім у эканоміцы зʼяўлялася па Br 300 млн гатоўкі. За чэрвень наяўных у эканоміцы стала на Br 382 млн больш.

«У выніку сёння кожны чацвёрты беларускі рубель у эканоміцы прадстаўлены ў наяўнай форме», – адзначаюць эксперты.

Паводле іх, гэта пагражае ростам інфляцыі, бо «менавіта так выглядае ўключаны друкарскі станок, які плодзіць незабяспечаныя грошы». Апроч таго, павелічэнне гатоўкі сігналізуе пра рост шэрага рынку, ценявога абароту, зніжэнне падатковых паступленняў і зніжае інвестыцыйную прывабнасць эканомікі, хоць «праблемы дрэннага іміджу для ўраду зараз відавочна не галоўныя».

Каментар
Эксперты кажуць, што эканоміка Беларусі пераграваецца. Што гэта значыць і да чаго рыхтавацца
2023.06.26 13:48

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў