«Я гуляю паводле пэўных правілаў». Чэрачэнь ізноў плануе вылучацца на прэзідэнцкія выбары


Старшыня партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» (БСДГ) і экс-кандыдат на прэзідэнцтва ў 2020 годзе Сяргей Чэрачэнь распавёў «Народнай Волі» пра свае прэзідэнцкія амбіцыі.

Былы кандыдат на прэзідэнцтва Беларусі Сяргей Чэрачэнь, старшыня БСДП. Фота з прыватнага архіву

Цяпер БСДГ падала дакументы на перарэгістрацыю партыі, хоць сам Сяргей Чэрачэнь і не верыць у паспяховасць гэтага.

«Мы засталіся працаваць у Беларусі, таму незалежна ад таго, будзе ў нас юрыдычнае абгрунтаванне вылучаць кандыдатаў або пойдзем праз агульны збор подпісаў, у любым разе ўдзельнічаць у палітычным жыцці краіны будзем», – сказаў ён.

Пры гэтым у яго «захоўваюцца жаданне і сілы вылучаць сваю кандыдатуру на будучых прэзідэнцкіх выбарах».

«Зразумела, што на гэты момант ніякіх перспектываў няма, але я кажу пра доўгатэрміновую перспектыву. Спадзяюся, што перамены ў краіне некалі будуць. Гэта пытанне часу. І да гэтага трэба рыхтавацца», – заявіў Чэрачэнь, дадаўшы, што не плануе апускаць рукі.

Пры гэтым палітык прызнаў:

«Я гуляю паводле пэўных правілаў, бо ў нашай краіне ёсць чырвоныя лініі (асабліва пасля 2020 года), якія пераходзіць нельга. Так, асабліва не лезем на ражон, але гэтага і не адмаўляем».

Чэрачэнь заявіў, што не можа выказваць «таго пункту гледжання, якога прытрымліваюцца нашыя калегі, якія з’ехалі на Захад», але пры гэтым усё ж рэпрэзентуе інтарэсы сваіх людзей.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў