Страсенне мазгоў, пералом носа, выбітыя зубы. Консул Беларусі ў Лондане заявіў аб нападзе


Консул у Лондане пацвердзіў «Белсату», што на яго ўчынілі напад. Пра здарэнне паведаміў звязаны з сілавікамі і дзяржаўным тэлебачаннем ананімны Telegram-канал «Жёлтые сливы». Паводле каналу, у консула страсенне мазгоў, пералом носа і выбітыя зубы.

Амбасада Беларусі ў Лондане.
Фота: Embassy of Belarus in the United Kingdom / Facebook

Цяпер консул пачуваецца задавальняльна, начы яго адпусцілі з лякарні. Ён кажа, што нападалі «прадстаўнікі беларускай дыяспары». Звесткі перадалі паліцыі (консул размаўляў з паліцыянтам за 15 хвілін да гутаркі з «Белсатам»), збіраюцца таксама перадаць відэа нападу беларускім медыям.

Паводле беларускага дыпламата, нападнікі былі ў масках, а пазней знялі іх. Прычыны нападу яму сказалі, і гэта было не рабаванне. Пакуль ідзе следства, консул не можа паведаміць іншых падрабязнасцяў.

На сайце амбасады імя консула не называецца. Дыпламат не захацеў назваць сваё імя «Белсату».

Консульства плануе спыніць працу з 21 снежня да 7 студзеня, паведамленне пра гэта з’явілася яшчэ 1 снежня.

Абноўлена. Міністэрства замежных справаў Беларусі апублікавала заяву. Паводле МЗС, група людзей псавала фасад амбасады, а затым фізічна атакавала тых дыпламатаў, якія выйшлі на месца здарэння. Аднаму з дыпламатаў зламалі нос, паламалі зуб і збілі да страсення мазгоў лёгкай ступені. Некаторыя з нападнікаў уцяклі, некаторых затрымала дыпламатычная паліцыя Лондану. Выяўлена (кім, не паведамляецца), што нападнікі ўваходзяць у арганізацыю «Надзея» (якую МЗС называе «радыкальнай экстрэмісцкай групоўкай»). У МЗС Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Вялікай Брытаніі, заявілі рашучы пратэст з патрабаваннем расследаваць інцыдэнт ды інфармаваць беларускі бок аб працэсуальных дзеяннях.

Абноўлена. Праўладныя медыі апублікавалі відэа меркаванага нападу. На відэа не гучыць, каго рэпрэзентуюць гэтыя людзі. Ці беларусы яны, ці належаць яны да суполкі «Надзея», як сцвярджаюць афіцыйныя ўлады, невядома. Асцярожна, на відэа меркаваныя нападнікі шмат мацюкаюцца.

«Жёлтые сливы» заявілі, што напад учынілі чальцы беларускай арганізацыі ў Вялікай Брытаніі «Надзея». «Белсату» ў «Надзеі» адказалі, што арганізацыя «не мае ніякага дачынення да агіднага ўчорашняга здарэння».

«Больш за тое, мы чат-суполка суайчыннікаў, якія пражываюць у Вялікай Брытаніі, – патлумачылі ў «Надзеі». – Мы асвятляем акцыі, але не з’яўляемся арганізатарам кожнай. Мы не ведаем, хто зладзіў правакацыю, – гэтым будзе займацца паліцыя і шукаць вінаватых людзей па камерах. Мы ўжо папярэдзілі Foreign, Commonwealth and Development Office (Міністэрства замежных справаў Вялікай Брытаніі. – Заўв. belsat.eu) аб здарэнні».

У дзень меркаванага нападу перад амбасадай праходзіла акцыя салідарнасці беларусаў. Адзін з арганізатараў расказаў «Белсату», што падчас акцыі інцыдэнтаў не было – на акцыі прысутнічала паліцыя, прэтэнзіяў не мела. Акцыя завяршылася пасля 15-й гадзіны, удзельнікі разышліся. Што было далей ля амбасады, суразмоўца не ведае, але спадзяецца, што падзеі зафіксавалі камеры назірання, якія там «на кожным куце».

«Белсат» звярнуўся па каментар у лонданскую паліцыю. Калі паліцыя адкажа, мы дадамо каментар у гэты тэкст.

АА belsat.eu

Стужка навінаў