Спроба стэрылізаваць інфармацыю пра войскі на мяжы: што стала прычынаю «хапуна» ў Драгічыне і Іванаве


У некаторых гарадах Берасцейшчыны, размешчаных непадалёку ад мяжы з Украінай, сілавікі масава затрымліваюць людзей. Прычынаў для такіх «хапуноў» не агучваюць, нібыта ладзяцца ператрусы ў межах нейкай крымінальнай справы. Мясцовыя жыхары запалоханыя і кажуць, што затрыманні звязаныя з нейкімі вучэннямі вайскоўцаў. Эксперты, з якімі паразмаўляў «Белсат», адзначаюць, што прычынай для такіх захадаў сілавікоў можа быць як унутрыпалітычная сітуацыя, так і вайна ва Украіне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Праваабаронцы паведамлялі пра масавыя затрыманні ў Іванаве і Драгічыне. Як стала вядома «Белсату», у рэгіёнах «працавалі» байцы ГУБАЗіКу з Менску і Берасця пры падтрыманні амапаўцаў. Сілавікі са зброяй урываліся ў дамы палешукоў, учынялі ператрусы, забіралі грошы, камп’ютары, мабільныя тэлефоны. Пазней затрыманых судзілі за нібыта непадпарадкаванне міліцыянтам і прысуджалі вялізныя штрафы. Некаторых затрыманых асудзілі на содні адміністратыўнага арышту.

Відавочцы распавялі «Белсату», што 18 ліпеня адбыўся суд над Марынай Кіевец. Жанчына не дала сілавікам пароляў да свайго Telegram. У выніку на яе склалі тры пратаколы, у якіх абвінавацілі яе ў распаўсюдзе «экстрэмізму». Прычым з моманту затрымання, з серады 13 ліпеня, яна застаецца ў ІЧУ. За кожны пратакол яе судзяць асобна і змяшчаюць у ізалятар на 72 гадзіны да наступнага суда. 18 ліпеня яе судзілі за тое, што яна пераслала «экстрэмісцкі» матэрыял з лагатыпам «Белсату» ў прыватных паведамленнях сяброўцы. Жанчына распавяла, што ў ІЧУ для палітычных асаблівыя ўмовы – у іх забралі кнігі, на дзень забіралі матрацы. Перадаваць дазволілі толькі цёплае адзенне, а ежу і ваду забаранілі.

Агулам у Іванаве затрымалі 6 асобаў. Аднаго затрыманага білі патэльняй па азадку, мужчына моцна збіты.

У Алены Пуцыковіч, былой настаўніцы, якой раней прысудзілі «хімію», здарыўся крывацёк, яна цяпер у больніцы. Супраць былой настаўніцы могуць завесці крымінальную справу і ўключыць яе ў спіс тэрарыстаў.

Гісторыі
«Людзі здзіўляюцца, што я хаджу і ўсміхаюся». Настаўніцы далі 2,5 года «хатняй хіміі» за рэпосты
2021.04.23 16:50

Затрыманні праз манеўры вайскоўцаў

Людзі не ведаюць, што стала прычынаю арыштаў. У горадзе кажуць, што магчыма, гэта звязана з нейкімі вучэннямі вайскоўцаў. Але якімі – ніхто не ведае.

Некаторыя жыхары раёну на ўмовах ананімнасці кажуць, што пэўны час таму вайскоўцы ў ваколіцах разгружалі тэхніку. Але падрабязнасцяў ніхто не ведае. Палітолаг Павел Вусаў у сваім Telegram-канале паведамляе, што за мінулыя дні чыгункаю на ўчастку Пінск – Драгічын прайшло не меней як тры эшалоны з вайсковай тэхнікай. Вызначыць прыналежнасць тэхнікі няма магчымасці – нумары і знакі зафарбаваныя белай ці светла-шэрай фарбай.

Афіцыйна на сайце Мінабароны няма інфармацыі пра вучэнні вайскоўцаў у рэгіёнах, дзе сілавікі чынілі аблавы. Вайсковыя аглядальнікі таксама не валодаюць інфармацыяй пра нейкія манеўры. Але нягледзячы на адсутнасць інфармацыі, ёсць падставы меркаваць, што беларуская армія цяпер павялічыла прысутнасць на беларуска-ўкраінскай мяжы. Раней у Кіеве лічылі, што Менск сканцэнтраваў на памежжы 7 батальённа-тактычных групаў, кожная з якіх налічвае ад 600 да 800 вайскоўцаў. Але на дзяржаўным ТБ палкоўнік Ігар Гедзіч распавёў, што ў межах захадаў на ўмацаванне паўднёвай мяжы туды перакінулі 8 БТГ, што складае ад 4800 да 6400 вайскоўцаў.

Намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА ВС Беларусі Дзмітрый Міхалап у эфіры дзяржаўнага ТБ распавёў, што Беларусь атрымала з Расеі зброю і чакае яшчэ паставак.

«На ўзбраенне нашай арміі паступілі і ўжо дастаткова паспяхова асвоеныя зенітна-ракетныя комплексы «Тор М2», што ўдзельнічаюць у мерапрыемствах баявога і аператыўнага рыхтавання на палігонах Расейскай Федэрацыі. Асвоены самалёт Су-30СМ. Зусім нядаўна мы атрымалі найноўшы трэнажор самалёта Су-30СМ, што дазволіць ашчадзіць не толькі рэсурс саміх самалётаў, але і значна падвысіць узровень падрыхтаванасці нашых пілотаў. У найбліжэйшай перспектыве прапрацоўваецца пытанне і ў найбліжэйшай перспектыве з’явіцца ў нас на ўзбраенні ўдарны верталёт Мі-35, а таксама зенітна-ракетная сістэма С-400», – паведаміў Дзмітрый Міхалап.

Дзе будзе размешчаная пастаўленая з РФ зброя – не паведамляецца. Але ёсць імавернасць, што ўсё гэта будзе выкарыстоўвацца Крамлём у вайне супраць Украіны.

Пагрузка вайсковай тэхнікі ў межах раптоўнага правярання сілаў рэагавання ў Беларусі. Крыніца фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Палітолаг Павел Вусаў у размове з «Белсатам» кажа, што апошнімі часамі на межах з Украінай у Беларусі адбываецца даволі актыўнае перасоўванне войскаў. Сітуацыя ў гэтых памежных рэгіёнах адлюстроўваецца ў канале «Беларускі Гаюн». Людзі паведамляюць пра прысутнасць і расейскіх войскаў, а тут яна застаецца даволі вялікай.

«Варта таксама нагадаць, што Расея ва Украіне распачынае чарговую хвалю наступу. Пуцін загадаў распачаць наступ на ўсходзе Украіны, загадаў павялічыць канцэнтрацыю войскаў у Херсонскай вобласці. А каб расцягнуць сілы ўкраінскага войска, Крэмль хоча стварыць на ўкраінска-беларускай мяжы напружанасць, імавернасць правакацыяў. Можам спекуляваць, будзе Лукашэнка браць удзел у вайне або не, але факт павышэння напружанасці ў памежных рэгіёнах ёсць ключавым для расейскай стратэгіі вядзення вайны. Таму і гэта таксама паўстае прычынай масавых арыштаў у рэгіёнах, паколькі Расея такім чынам вядзе інфармацыйную зачыстку. Імкнецца задушыць актыўнасць у сацыяльных сетках, асабліва тых людзей, якія былі засвечаныя ў нейкай актыўнасці на працягу апошніх двух гадоў. Вось таму гэта і стэрылізуецца максімальна», – лічыць палітолаг.

Hавiны
Ва Украіне чакаюць новую хвалю ўнутранага перамяшчэння на захад бліжэй да ацяпляльнага сезону
2022.07.18 10:26

Ці завершацца гэтыя адвольныя затрыманні пасля таго, як стабілізуецца сітуацыя на франтах, Павел Вусаў не бярэцца прагназаваць, але, на ягоную думку, магчыма, мы назіраем увогуле сістэмную зачыстку, выцісканне актыўнасці, якое будзе і надалей у Беларусі.

«Напярэдадні другой гадавіны палітычнага крызісу, які мае вельмі важнае сімвалічнае значэнне (нават нягледзячы на тое, у якім стане цяпер беларускае апазіцыйнае грамадства), тэрор з боку беларускіх уладаў не слабее. Наадварот, на працягу апошніх двух месяцаў колькасць прысудаў і арыштаў застаецца на даволі высокім узроўні. Арыштоўваюць практычна ўсіх, хто меў дачыненне да апазіцыйнай актыўнасці. Да гэтага варта дадаць, што берасцейскі рэгіён таксама меў даволі высокую інтэнсіўнасць пратэстаў у 2020 годзе. І да Берасця, і да Горадні стаўленне іншае і павышаны кантроль», – кажа палітолаг.

Павел Вусаў таксама нагадвае, што ў Берасце, напрыклад, Лукашэнка накіраваў спецпрадстаўніком былога старшыню КДБ Валерыя Вакульчыка. Таму сілавы кантэкст мае асаблівы характар.

Hавiны
Кулэба: Украіна разарве дыпламатычныя стасункі з Беларуссю, калі беларускія войскі пяройдуць мяжу
2022.07.18 17:55

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў