Украінец, падазраваны ў замаху на беларуса ў Польшчы, папрасіўся ў ЗСУ


Акружны суд у Любліне 17 красавіка пачаў разглядаць справу грамадзяніна Украіны Максіма В., якога падазраюць у рабаванні і замаху на забойства беларуса Яўгена Б., інфармуе RMF24. Мужчыну пагражае пажыццёвае зняволенне, а ён просіць аб экстрадыцыі, каб пайсці ва ўкраінскае войска.

Пункт проверки автомобилей, которые едут в сторону белорусской границы, во время чрезвычайного положения из-за наплыва мигрантов
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польская паліцыя. Гміна Кузня, Польшча. 9 лістапада 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Канфлікт, за які судзяць украінца, адбыўся 1 сакавіка 2022 года ў Козлаўцы, што за 20 км ад Любліну. Беларус Яўген Б. адбываў каранцін перад пачаткам працы, пазнаёміўся з 35-гадовым украінцам Максімам В. – яны пачалі распіваць алкаголь, пазней адбылася бойка.

Паводле пракуратуры, Яўген ішоў спаць, але пабачыў украінца Максіма са сваёй торбай у руках. Пасля гэтага Максім накінуўся на яго ззаду, схапіў адной рукой, а другой рукой нанёс удары нажом у грудзі і правае плячо. Яўген вырваўся, спытаў Максіма, што той робіць, але Максім працягнуў напад. Тады Яўген выбег з будынку, выйшаў на дарогу і спыніў машыну, людзі з якой выклікалі медыкаў і паліцыю. У той жа дзень Максіма затрымалі, у яго знайшлі рэчы пацярпелага: гаманец, тэлефон, вонкавы акумулятар.

Максім не прызнаў сябе вінаватым: на судзе ён заявіў, што гэта Яўген на яго кінуўся, а ён бараніўся. Падчас следства Максім прызнаваў абвінавачанні ў тым, што махаў нажом у бок пацярпелага, але на судзе сказаў, што ягоныя паказанні былі запісаныя недакладна, хоць іх пісалі ў прысутнасці перакладчыка. Цяпер ён сцвярджае, што адбіраў нож у пацярпелага, які на яго кінуўся, і падчас гэтага параніў Яўгенія.

Таксама Максім заяўляў, што канфлікт адбыўся праз вайну ва Украіне: усё нібыта пачалося, бо Яўген адмаўляў, што расейскія войскі атакавалі Украіну з тэрыторыі Беларусі. Ці тлумачыў ён неяк тое, што пасля бойкі забраў чужыя рэчы, не паведамляецца.

Абвінавачаны на судзе папрасіў аб экстрадыцыі ва Украіну, каб далучыцца да Збройных сілаў. Казаў: «Там шмат людзей гіне, я там патрэбны». Ён заявіў, што ў 2015 годзе ўжо ўдзельнічаў у баявых дзеяннях. Польскі бок дадае, што Максіма раней прыцягвалі да крымінальнай адказнасці за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў