Беларускі Чырвоны Крыж хоча прымусіць медработнікаў пералічваць грошы арганізацыі


Беларускі Чырвоны Крыж (БЧК) звярнуўся ў Менскі гарвыканкам з просьбай «аказаць садзейнічанне» у пералічэнні грошай арганізацыі з боку медработнікаў, паведаміў Фонд медычнай салідарнасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Беларускі Чырвоны Крыж / redcross.by

Фонд апублікаваў адпаведны ліст Менскай гарадской арганізацыі БЧК на імя старшыні камітэту па ахове здароўя Менгарвыканкаму Ігара Юркевіча. Ліст датаваны 24 студзеня.

Чырвоны Крыж просіць у сталічных уладаў дапамогі «у пераходзе на фіксаванае членства ў першасных арганізацыях Беларускага Чырвонага Крыжа ўстаноў аховы здароўя Менску шляхам напісання заяў членамі першасных арганізацый на пералічэнне членскіх узносаў у памеры 1% сярэднямесячнай заработнай платы адзін раз у год».

Ліст падпісаны старшынёй Менскай гарадской арганізацыі БЧК Раманіяй Зорынай.

1 снежня 2023 года Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФТЧКіЧП) прыпыніла членства БЧК з-за невыканання кастрычніцкага патрабавання федэрацыі вызваліць ад пасады генеральнага сакратара Дзмітрыя Шаўцова, які абвінавачаны ў датычнасці да вывазу дзяцей з Украіны. Шаўцоў таксама адзначыўся рэзананснымі заявамі аб размешчанай у Беларусі расейскай ядравай зброі.

«Адхіленне азначае, што БЧК губляе свае правы члена МФТЧКіЧП. Любое новае фінансаванне ў дачыненні да Беларускага Чырвонага Крыжа таксама будзе прыпынена, – паведаміла міжнародная федэрацыя. – Акрамя таго, БЧК не зможа ўдзельнічаць у Генасамблеі МФТЧКіЧП, а таксама галасаваць або быць абраным на якіх-небудзь статутных сходах МФТЧКіЧП».

БЧК можа быць адноўлены ў правах, як толькі «выканае рашэнне праўлення» і адхіліць генеральнага сакратара ад пасады.

5 студзеня цэнтр «Бюро Медыя» апублікаваў даныя, з якіх вынікае, што БЧК пазбавіцца фінансавання ў памеры прыкладна 4,42 млн рублёў у выніку прыпынення членства ў Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца.

Hавiны
Беларускі Чырвоны Крыж скараціў дапамогу мігрантам праз недахоп грошай
2024.01.12 18:56

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў