У Беларусі будуць вырабляць аўтамабіль пад уласным брэндам


У Беларусі сапраўды збіраюцца наладзіць вытворчасць уласных аўтамабіляў – гэта 17 траўня пацвердзіў  старшыня ўраду Самарскай вобласці Расеі Віктар Кудрашоў падчас візіту дэлегацыі з Самары на завод «БелДжы», перадае БелТА.

«Мы сёння падрабязна абмеркавалі магчымасць удзелу вытворцаў аўтакампанентаў Самарскай вобласці ў дзейнасці прадпрыемства «БелДжы». Мы разлічваем, што ўмовы для гэтага будуць створаныя, бо прадпрыемства мае намер пачаць вытворчасць аўтамабіляў ужо пад уласным брэндам. Гэта спросціць патрабаванні да сертыфікацыі», – адзначыў Віктар Кудрашоў.

Паводле старшыні ўраду Самарскай вобласці, прадпрыемствы гэтага расейскага рэгіёну змогуць прапанаваць беларускаму вытворцу прадукцыю па прымальных цэнах, якая будзе канкурэнтаздольнай. На сустрэчы былі прагавораныя асноўныя прынцыпы ўзаемадзеяння, адзначыў Кудрашоў, далей ужо кантакты пяройдуць на ўзровень прадпрыемстваў.

Чуткі аб тым, што завод «БелДжы» збіраецца выпускаць аўтамабілі ўласнай маркі, ходзяць ужо з сакавіка 2023 года. Пэўным пацвярджэннем гэтаму стала заява гендырэктара «БелДжы» Генадзя Свідзерскага, у якой, між іншага, гаварылася пра «рыхтаванне вытворчасці аўтамабіля пад уласным брэндам».

6 траўня тэлеграм-канал «Кітайскія аўтамабілі» апублікаваў нават лагатып, які будзе красавацца на новых аўце беларускага заводу. Аўтары публікацыі выказвалі здагадку, што ў прадпрыемства з’явіўся новы партнёр, які з нейкай палітычнай прычыны не хоча пастаўляць машыны пад сваім брэндам і лагатыпам.

Меркаваны лагатып новага аўтамабільнага брэнду, паводле версіі тэлеграм-каналу «Кітайскія аўтамабілі»
Фота: t.me/chinamashina

Сярод варыянтаў называўся аўтабрэнд «JAC», а таксама які-небудзь з суббрэндаў «Geely» – напрыклад, «Geometry».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў