У Ізраілі ад атак «Хамасу» загінулі чатыры беларусы


МЗС Ізраілю паведаміла пра чатырох беларусаў, забітых у выніку атакі «Хамасу» на Ізраіль. Іхныя імёны не называюцца. Пра беларусаў, якія зніклі без вестак, не паведамляецца.

На плошчы ў Тэль-Авіве ізраільцяне запальваюць свечкі на памяць аб тых, хто загінуў у вайне з «Хамасам». Крыніца: IsraelinRussian / Telegram

Паводле інфармацыі ведамства на вечар 15 кастрычніка, у выніку атакі забітыя 148 замежных грамадзянаў, 143 прапалі без вестак. Паведамляецца пра 13 забітых і 7 зніклых без вестак украінцаў, 13 забітых і 12 зніклых без вестак расейцаў, пра аднаго зніклага без вестак грамадзяніна Польшчы, а таксама пра двух забітых грамадзянаў Латвіі і Літвы.

«Дзяржава Ізраіль цяпер у стане вайны з крыважэрнай тэрарыстычнай арганізацыяй. Жахлівыя карціны, якія ўбачыў увесь свет, гавораць самі за сябе: «Хамас» пайшоў нават далей за «Даіш» у набліжэнні да абсалютнага зла. Свет павінен зразумець, з кім мы маем справу, і ўсвядоміць узровень нянавісці і бесчалавечнасці гэтых тэрарыстаў», – заяўляў 15 кастрычніка міністр замежных справаў Ізраілю Элі Когэн.

Забітыя замежныя грамадзяне ў Ізраілі. Крыніца: IsraelinRussian / Telegram

Раней, 8 кастрычніка, МЗС Беларусі паведаміла пра двух беларусаў, маці і сына, якія пацярпелі ў выніку ракетных абстрэлаў гораду Ашкелён. Праз пару дзён з’явілася інфармацыя пра цяжка параненага ў баях з «Хамасам» нарадзінца Мазыра, генерал-маёра Арміі абароны Ізраілю Рамана Гофмана.

12 кастрычніка амбасадар Беларусі ў Ізраілі Яўген Вараб’ёў паведамляў, што за час баявых дзеянняў у Ізраілі загінулі тры беларусы, а адзін знік без вестак. Вядома, што 7 кастрычніка ў баі з «Хамасам» загінула 25-гадовая нарадзінка Беларусі Алена Астапенка, якая працавала ў паліцыі. Тады ж загінуў нарадзінец Магілёва Віталь Карасік – ён таксама працаваў у паліцыі.

Нагадаем: 7 кастрычніка адбылася атака прадстаўнікоў палестынскага руху «Хамас» на тэрыторыю Ізраілю, у выніку якой загінулі 1,4 тысячы чалавек, больш за 3,5 тысячы атрымалі раненні. Шматлікія зверствы баевікі здымалі на камеру і выкладвалі ў сеціва. Ахвярамі ізраільскай ваеннай аперацыі ў сектары Газа сталі ўжо больш за 2,6 тысячы чалавек, каля 10 тысячаў параненыя.

Аналітыка
Як баявыя дзеянні на Блізкім Усходзе паўплываюць на вайну Украіны і Расеі?
2023.10.16 08:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў