Тры тэндэнцыі на беларускім аўтарынку: рост коштаў, скарачэнне продажаў, дэфіцыт


Беларускі аўтарынак прасядае. Новых аўтамабіляў у жніўні сёлета было прададзена амаль на 84 % менш, чым годам раней. Назіраецца і рост коштаў. Такія тэндэнцыі адзначаюцца і на рынку ўжываных аўтамабіляў. «Белсат» высвятляў, што чакае кіроўцаў бліжэйшым часам.

Новый мост на Немиге в Минске
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

На аўтамабільным рынку ў нашай краіне заўважныя адначасова некалькі тэндэнцыяў: імкліва скарачаецца колькасць прададзеных аўтамабіляў, істотна растуць кошты, і значна змяншаецца асартымент.

Паводле Беларускай асацыяцыі аўтамабілістаў, у жніўні сёлета беларусы набылі на 83,9 % аўта менш, чым у жніўні мінулага года. Агулам з пачатку года ў Беларусі аўтадылеры прадалі 11 764 новых легкавых аўтамабіляў. Тады як летась яны прадалі 46 837 аўтаў. Падзенне аб’ёмаў продажаў абумоўленае вайной ва Украіне і санкцыямі супраць Расеі і Беларусі, кажуць эксперты.

«Toyota» мела намер распачаць зборку аўтамабіляў у верасні ў Расеі. Але вось верасень наступіў, а праца не пачалася. Цяпер вядзецца, што пачнуць працаваць у 2023 годзе. Пакуль жа ўсе сядзяць і назіраюць за сітуацыяй. Але санкцыі спыняюць працу. Толькі хіба што нашыя «Geely» ўсё абяцаюць, што заваляць машынамі ўвесь так званы Мытны саюз.

З астатнімі брэндамі  сітуацыя складаная. Тая ж «KIA Serento» цяпер каштуе ажно $ 70 тысячаў. Аўтамабілі новыя каштуюць проста завоблачна.  Вядома, што сітуацыя ў бліжэйшыя месяцы не зменіцца», – кажа ў размове з «Белсатам» аўтаэксперт.

Цяпер на афіцыйным сайце «Geely» можна пабачыць, што новыя аўтамабілі каштуюць ад Br 63 тысячаў. Летась асартымент на сайце быў значна шырэйшы, а кошты пачыналіся з адзнакі Br 44 тысячы. Такім чынам за год мінімальны кошт на новы аўтамабіль беларуска-кітайскай вытворчасці вырас на 43 %.

Cамыя папулярныя легкавыя аўты ў Беларусі другі год запар: «Lada Vesta», «Volkswagen Polo», «Kia Rio» і «Geely Coolray». Толькі іх кошты кусаюцца. Суразмоўца лічыць, што ў бліжэйшыя шэсць месяцаў кошты на аўты будуць такія ж, а мо яшчэ і вырастуць.

Як выраслі цэны на папулярныя мадэлі машынаў за год. Цэны на 16 верасня 2021 і 2022 гадоў, пераведзеныя ў долары ЗША паводле курсу Нацыянальнага банку на адпаведныя дні. Выява: Белсат

Ужываныя аўтамабілі таксама сталі дарагія

Адначасова з тым, што выраслі кошты на новыя машыны, падаражэлі і ўжываныя. Аўтаэксперт кажа, што нічога дзіўнага ў гэтым няма, і да такой сітуацыі нам трэба прызвычаіцца, бо гэта надоўга.

Цікава, што некаторыя старыя аўтамабілі цяпер каштуюць столькі, колькі раней новыя. На адным з папулярных у Беларусі парталаў для продажу машынаў максімальны кошт на аўтамабіль «Volkswagen Passat B3» 1991 года выпуску складае $ 4,5 тысячы. Максімальны кошт на тую ж марку, але на пакаленне вышэй, В4, – больш за $ 6 тысячаў. Для параўнання, на польскіх сэрвісах максімальныя кошты на такія аўтамабілі ў два разы, а тое і больш, ніжэйшыя. Эксперт кажа, што насамрэч такі кошт за гэтую машыну ў яго не выклікае здзіўлення.

Самы дарагі «Volkswagen Passat В3» у Польшчы каштуе каля $ 2200. Скрыншот otomoto.pl

«Гэтая машына даволі танная і простая ў рамонце і абслугоўванні. Таму для чалавека, які шукае вельмі простую машыну, – гэта ідэальны варыянт. Канечне, яна не можа каштаваць каля $ 5 тысячаў, але магчыма, яе набудуць за $ 3,5 тысячы. Зрэшты, менавіта такія аўты, як «Volkswagen Passat В3», не падаюць у цане. Гэта сапраўды якасная машына», – кажа аўтаэксперт.

Кошт на «Volkswagen Passat В3» у Беларусі на некаторы сайтах можа дасягаць і $ 5 тысячаў. Скрыншот abw.by

Цікава, што летась кошты на «Volkswagen Passat В3» такога года ледзь перавышалі $ 2 тысячы.

Іншая рэч – старыя калекцыйныя машыны, кшталту «BMW» або «Mercedes», кошты на якія складаюць нават дзясяткі тысяч долараў ЗША. Беларускія аўтаўладальнікі прадаюць машыны 1990-х гадоў выпуску нават за $ 25 тысячаў, а то і болей.

«Аматары набудуць старыя машыны. Няхай і не за $ 25 тысячаў, але за $ 15 тысячаў яны прададуцца. Некаторыя экзэмпляры цікавыя аўтааматарам. Заможныя расейцы набываюць такія машыны ў свае калекцыі, ставяць іх у сябе, і кошты для іх не істотныя», – кажа эксперт.

Акрамя росту коштаў, на сайтах продажу аўтамабіляў у Беларусі відавочнае таксама і істотнае скарачэнне колькасці машынаў, якія можна набыць. Летась на адным з самых папулярных сайтаў продажу аўтаў было амаль 55,5 тысячы прапановаў, а сёлета прадаюць крыху больш за 43 тысячы аўтаў. Што да коштаў, то за год ужываныя аўтамабілі ў нашай краіне падаражэлі на 50–70 %. Некаторыя ўвогуле падаражэлі на 100 %.

У Расеі за гэты час кошты на машыны выраслі да 50 %. Цяпер агулам аўтамабілі з прабегам у суседняй краіне каштуюць прыкладна гэтак сама, як і ў Беларусі. Напрыклад, самая дарагая мадэль папулярнага у Беларусі аўтамабіля «Volkswagen Passat В3» ў Расеі каштуе больш за $ 7 тысячаў.

Самая дарагая мадэль папулярнага ў Беларусі аўтамабіля  «Volkswagen Passat В3» у Расеі каштуе больш за $ 7 тысячаў.
Фота: скрыншот з сайту avito.ru

Расейцы выкупаюць у Беларусі машыны

Да беларускага аўтарынку цяпер выказваюць інтарэс расейцы. Пры гэтым набываюць яны не толькі старыя і рарытэтныя машыны. Часта пакупнікі з суседняй краіны літаральна змятаюць усё, што ёсць. Прыкладна месяц таму, калі пайшла гэтая хваля, то адзін аўтахаус у Менску ўвогуле застаўся без машынаў, распавядае суразмоўца «Белсату».

Паводле эксперта, беларусы хутка зарыентаваліся: перад тым, як выставіць на продаж аўтамабіль, глядзяць на кошты ў Расеі. Пры гэтым трэба зрабіць такі кошт, які будзе выгадны для расейца, што прыедзе за шмат кіламетраў. Гледзячы на плынь жыхароў з суседняй краіны, беларусы ў гэтым дасягнулі поспеху.

 

Аналітыка
Уратуе Расея беларускі аўтарынак ці праглыне? Цэны на аўты ў Беларусі значна ніжэйшыя
2022.07.20 15:00

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў