У Гомлі разграмілі кватэру валанцёра Іллі Міронава


У Гомлі разгромленая кватэра валанцёра Іллі Міронава. Аб гэтым піша «Гомель штодзень». Валанцёр 16 сакавіка вярнуўся дамоў пасля адміністратыўнага арышту. Пазней высветлілася, што ягоная маці ў міліцыі. 

Кватэра Іллі Міронава пасля разгрому.
Фота: «Гомель штодзень» / homeldays.org

Гомельскі валанцёр Ілля Міронаў 16 сакавіка выйшаў на волю пасля адміністратыўнага арышту і пабачыў сваю кватэру ў разгромленым стане: перавернутая мэбля, на падлозе раскіданыя рэчы. На момант рыхтавання публікацыі не было вядома, дзе цяпер ягоная маці, Валянціна Міронава. Пазней высветлілася, што яна ў РАУС. Паводле пацярпелага, гэта ўжо 6-ы ператрус у ягонай кватэры з 2020 года.

«Быццам сланы патапталіся па хаце, такога не было нават падчас ранейшых ператрусаў», – заўважае Ілля Міронаў.

Валанцёр таксама паведаміў, што паслужыла сапраўднай прычынай ягонага затрымання, якое адбылося 2 сакавіка: «За тое, што я актыўна пішу скаргі. Я скардзіўся ў Міністэрства інфармацыі на праўладны тэлеграм-канал «Жёлтые сливы».

Міронаў расказаў, што звяртаўся ў Міністэрства інфармацыі з прычыны таго, што ў канцы лістапада 2022 года прапагандысты апублікавалі матэрыял паклёпніцкага характару. Апроч таго, ён падаваў заяву ў Следчы камітэт з просьбай адкрыць крымінальную справу ў дачыненні адыёзнага прапагандыста Рыгора Азаронка і звяртаўся да раённага міліцэйскага начальства з пытаннем, чаму міліцыянты перасталі выдаваць копіі пратаколаў адміністратыўных справаў. У выніку пасля затрымання Іллю Міронава судзілі і пакаралі арыштам на 13 содняў.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў