Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 15 лістапада


«Белсат» падводзіць вынікі 264-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 15 лістапада чытайце ў нашым аглядзе.

Жалезабетонны плот з калючым дротам на мяжы Украіны і Беларусі.
Фота: tymoshenko_kyrylo / Telegram

Мінулыя содні вайны ва Украіне абышліся без зменаў у лініі фронту ў паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці: абодва бакі канфлікту па-ранейшаму засяроджваюцца на вядзенні абароны і нанясенні артылерыйскіх удараў.

Паводле расейскага камандавання, на захадзе Луганскай вобласці Збройныя сілы Украіны атакавалі каля сёлаў Куземаўка, Чырвонапапоўка і Залатароўка. Ваенкор Сямён Пегаў піша, што ЗСУ спрабавалі прасунуцца да Крэмінной з поўначы і поўдня, а таксама на захад ад нядаўна вызваленай Макееўкі. Таксама журналіст адзначае, што ў ваколіцах Плашчанкі склалася складаная сітуацыя для расейскіх войскаў. Тэлеграм-канал «Иди и смотри» мяркуе, што ўкраінскія вайскоўцы плануюць і далей наступаць на захадзе Луганшчыны, імкнучыся захапіць трасу Сватава – Крэмінная.

Кіраўнік Луганскай абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай паведаміў, што лінія фронту ў рэгіёне пакрыху набліжаецца да буйных гарадоў, і мясцовыя жыхары ўжо чуюць, як вядуцца баявыя дзеянні.

Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны ў сваю чаргу заявіў пра адбіццё атакі праціўніка каля населенага пункту Навасёлаўскае.

Hавiны
Адступаючы з Херсону, расейцы вызвалілі з СІЗА вязняў. Сярод іх – забойцы і гвалтаўнікі
2022.11.15 15:37

У Данецкай вобласці расейскія войскі валодаюць ініцыятывай, і цягам апошніх содняў яны наступалі на бахмуцкім, аўдзееўскім і навапаўлаўскім кірунках. Украінскае камандаванне паведаміла пра адбіццё атак каля Белагораўкі, Бахмуту, Бахмуцкага, Урэмаўкі, Краснагораўкі, Мар’інкі, Новакалінова, Новаміхайлаўка і Первамайскае.

Між тым Міністэрства абароны РФ заявіла пра поўны кантроль над сялом Паўлаўка на паўночным участку фронту на Данеччыне. Інтэрактыўная карта вайны ва Украіне ад праекту Deepstatemap таксама фіксуе выхад ЗСУ з населенага пункту.

Тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што расейскія войскі выціскаюць ЗСУ з паўночнай часткі Вопытнага,  а таксама вядуць баі ў ваколіцах Вадзянога і Невельскага. Крыніца адзначае, што дзеля стабілізацыі сітуацыі на Данбасе на фронт з Херсонскай вобласці перакідаюцца дадатковыя сілы ЗСУ.

Разам з тым ваенкор Яўгеній Паддубны сцвярджае, што расейцы захапілі Вопытнае.

Па лініі фронту ў Запарожскай вобласці «Рыбарь» адзначае павелічэнне актыўнасці правядзення паветранай выведкі з дапамогай беспілотнікаў. Крыніца мяркуе, што ЗСУ неўзабаве пачнуць наступаць на Мелітопаль і Васільеўку з боку Арэхава і Каменскага адпаведна, дзеля чаго бліжэйшым часам на гэты ўчастак фронту прыбудуць 6 батальёнаў тэрабароны і некалькі артылерыйскіх дывізіёнаў з Херсонскай вобласці.

Супярэчлівыя звесткі гучаць адносна сітуацыі ў Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях. Учора паведамлялася пра магчымае вызваленне гораду Алешкі на левабярэжжы Дняпра і вяртанне ЗСУ заходняй часткі Кінбурнскай касы (Мікалаеўскай вобласць), але пазней гэтую інфармацыю зняпраўдзіла аператыўнае камандаванне «Південь».

Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч намякнуў, што ў Алешках дзейнічаюць украінскія партызаны, а ў Мікалаеўскай вобласці спрацавала дыверсійная група, якая цалкам знішчыла расейскі кантынгент на захадзе Кінбурнскай касы. Між тым пра вызваленне Кінбурна гаворка не вядзецца, паколькі гэта цяпер не мае практычнага сэнсу і складана ў выкананні.

Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч.
Фота: Аляксей Арастовіч / Telegram

Таксама ў аператыўным камандаванні «Південь» паведамілі, што расейцы адыходзяць ад Дняпра на 15 – 20 км, каб пазбегнуць удараў украінскай артылерыі.

Між тым, як і прагназавалася, удзень 15 лістапада расейцы здзейснілі масіраваны ракетны абстрэл тэрыторыі Украіны. Паветраная трывога была аб’яўленая ва ўсіх рэгіёнах, за выключэннем Крыму.

Генштаб ЗСУ піша, што за содні было знішчана каля 710 расейскіх вайскоўцаў, пасля чаго агульныя беззваротныя страты Расеі з моманту пачатку поўнамаштабнай вайны дасягнулі 82 080 чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Hавiны
Расею асудзілі на рэпарацыі Украіне? Разбіраем, што прыняла Генеральная асамблея ААН
2022.11.15 16:10

ВК belsat.eu 

Стужка навінаў