«Улады дыскрэдытуюць нашую прафесію». Заява псіхолагаў у адказ на масавае затрыманне калег у Беларусі


У аўторак, 14 сакавіка, у Беларусі прыйшлі па псіхолагаў, псіхатэрапеўтаў і псіхіятраў. Былі затрыманыя не менш за 20 чалавек. Частку з іх адпусцілі пасля допытаў.  Тэлеграм-канал «Белыя халаты» паведаміў, што ад затрыманых патрабавалі выдаць інфармацыю пра «нядобранадзейных» пацыентаў і такім чынам парушыць медычную таямніцу.

Беларускія псіхолагі, якія цяпер жывуць за мяжой, склалі супольную заяву з нагоды рэпрэсіяў супраць калегаў унутры Беларусі. Публікуем яе тэкст, размешчаны на Фэйсбук-старонцы псіхолага Наталлі Скібскай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Shvets Production / Pexels

«Калі нацысты прыйшлі па камуністаў, я маўчаў, я ж не камуніст. Потым яны прыйшлі па сацыял-дэмакратаў, я маўчаў, я ж не сацыял-дэмакрат. Потым яны прыйшлі па сябраў прафсаюзу, я маўчаў, я ж не сябра прафсаюзу. Потым яны прыйшлі па габрэяў, я маўчаў, я ж не габрэй. А потым яны прыйшлі па мяне, і ўжо не было нікога, хто б мог пратэставаць». Пастар Марцін Німёлер (Martin Friedrich Gustav Emil Niemöller).

Важна зазначыць, што ў псіхатэрапеўтычнай супольнасці думкі аб тым, ці каментаваць тое, што адбываецца, падзяліліся. З улікам пазіцыяў калегаў і павагі да іхных меркаванняў было прынятае рашэнне – выступіць з наступнаю заявай ад спецыялістаў за межамі Беларусі, якія займаюцца псіхатэрапіяй. Беручы да ўвагі довады калегаў, мы лічым важным выказацца аб тым, што адбываецца агулам.

Мы не будзем каментаваць затрымання псіхолагаў, псіхатэрапеўтаў і псіхіятраў і фактаў, вядомых нам ці невядомых. Таксама просім іншых калегаў устрымацца ад каментароў аб індывідуальных кейсах. У бягучай сітуацыі немагчыма аналізаваць няпоўную і недакладную інфармацыю. Адваротнае можа быць шкодным і ўзмацняць параною, пладзіць здагадкі, фантазіі і плёткі.

На фоне таго, што адбываецца, і ўжо набылі моц змены ў закон «Аб псіхалагічнай дапамозе», якія парушаюць базавы прынцып канфідэнцыйнасці псіхатэрапіі, важна пазначыць недапушчальнасць асобных палажэнняў бягучай версіі закону. Больш за тое, мы лічым, што такім чынам улады дыскрэдытуюць нашу прафесію саму па сабе.

Канфідэнцыяльнасць – аснова для развіцця даверных адносін паміж спецыялістам і кліентам, яе парушэнне вядзе да згубных і шкодных для ментальнага здароўя асобнага чалавека і грамадства агулам наступстваў: да павелічэння трывожнасці, агрэсіўнасці, канфліктнасці і недаверу, да пагаршэння крымінагеннай сітуацыі, напрыклад, большай колькасці бытавых злачынстваў, а таксама суіцыдаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Shvets Production / Pexels

Мы выказваем спачуванне і падтрыманне калегам і іхным кліентам, якія застаюцца ў РБ. Спачуваем пацярпелым калегам і іх блізкім. Цяпер неабходна беражліва і з разуменнем ставіцца адзін да аднаго. Зважаем на важнасць працягу тэрапеўтычных адносінаў, калі гэта магчыма.

Часта псіхолаг/псіхатэрапеўт – першы, а часам адзіны чалавек, які кажа кліенту/кліентцы аб тым, што гвалт, здзейснены калісьці ці які здзяйсняецца ў адносінах да яго/яе, – гэта гвалтам, і ён непрымальны.

Мы называем гвалт гвалтам і кажам пра яго недапушчальнасць у цывілізаваным грамадстве. Адказнасць за гвалт нясе той, хто яго здзяйсняе, а людзі, якія зазналі гвалт, – гэта пацярпелыя.

Так, мы, людзі, – апрыёры агрэсіўныя істоты, але наша эвалюцыйная задача складаецца ў тым, каб навучыцца пераадольваць канфлікты ў пункце іх узнікнення, а не пускаць агрэсію па коле гвалту. Сістэмны характар гвалту вядзе да яго самаўзнаўлення. І важна гэтае заганнае кола спыняць.

Гэты тэкст прадказальна выкліча самыя розныя рэакцыі. Калі ласка, знайдзіце карэктную форму для выказвання свайго меркавання, якая не будзе абражаць, зневажаць ці ставіць у небяспеку іншых. Мы ўсе плывём у адной лодцы».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў