Усе чакалі праблемаў, але не такіх. Як працуе і што прапаноўвае беларуская транспартавая галіна


Еўразвяз забараніў перасоўванне па сваёй тэрыторыі цяжкавікам з Беларусі ды Расеі. З 9 красавіка іх проста не прапускаюць праз мяжу. Гэта выклікала вялікія праблемы ў галіне, што лічылася адным з драйвераў беларускай эканомікі. Разбіраемся, чым жыве і чаго чакае беларуская транспартавая галіна.

Обувь, вещи водителя фуры, чайник, репортаж с польско-белорусской границы, транспортный контроль, пограничный пункт Бобровники на границе с Польшей
Ілюстрацыйны здымак.
Фота: ЮШ / Белсат

Што адбываецца

8 красавіка Рада ЕЗ увяла пяты пакет санкцыяў супраць уладаў Расеі і Беларусі за вайну ва Украіне. У прыватнасці, былі забароненыя любыя расейскія і беларускія аўтатранспартавыя перавозы тавараў на тэрыторыі ЕЗ, у тым ліку транзітам.

Фуры ўжо з 9 красавіка не могуць заехаць у Еўразвяз з Беларусі і Расеі. Пакуль забарона не распаўсюджваецца на перавоз грузаў, які пачаўся да 9 красавіка: беларускія фуры, якія ўжо заехалі на тэрыторыю Еўразвязу, могуць вярнуцца ў Беларусь. Таксама цяжкавікі, якім неабходны транзітны праезд праз ЕЗ, каб вярнуцца ў Беларусь, могуць заехаць у Еўразвяз. Але з 16 красавіка будзе дзейнічаць поўная забарона для грузавога транспарту Беларусі і Расеі на мінанне мяжы з ЕЗ.

Аналітыка
«Адрубаюць ад вонкавага свету». Як Лукашэнка сваймі рукамі знішчае беларускую лагістыку
2022.03.09 07:30

Забарона не распаўсюджваецца на грузавы транспарт, які перавозіць пошту. Таксама краіны ЕЗ могуць дазволіць перавоз грузаў, неабходных для:

  • куплі, імпарту або транзіту ў ЕЗ прыроднага газу, нафты, нафтапрадуктаў, а таксама тытанавай, алюмініевай, меднай, нікелевай, паладыевай і жалезнай руды;
  • куплі, імпарту або транзіту ў ЕЗ фармацэўтычных, медычных, сельскагаспадарчых і харчовых прадуктаў, уключаючы пшаніцу і ўгнаенні;
  • гуманітарных мэтаў;
  • дыпламатычных і консульскіх прадстаўніцтваў ЕЗ у Беларусі.

Адразу пасля ўвядзення санкцыяў краіны Еўразвязу перасталі пускаць фуры з беларускімі ды расейскімі нумарамі на сваю тэрыторыю. Напрыклад, толькі Латвія ў ноч з 9 на 10 красавіка не прапусціла на сваю тэрыторыі 152 такія цяжкавікі.

Як вынік, на раніцу 13 красавіка, паводле звестак ДПК Беларусі, перад беларускімі пунктамі пропуску амаль не засталося цяжкавікоў, якія ехалі ў краіны ЕЗ. Скупнасць грузавога транспарту фіксавалася толькі на літоўскім напрамку.

Што будзе з эканомікай

Аўтары тэлеграм-каналу «Нашы грошы» адзначаюць: беларуская эканоміка залежыць ад экспарту паслуг. Але замежны гандаль таварамі для Беларусі традыцыйна прыносіць адмоўны вынік.

«Сітуацыю з вонкавым гандлем заўсёды ратавала сфера паслуг, дзе экспарт настолькі пераўзыходзіць імпарт, што гэта перавышэнне дае магчымасць поўнасцю перакрыць адмоўнае сальда гандлю таварамі. Менавіта экспарт паслуг – адна з нямногіх сфер, дзе рэалізоўваліся натуральныя выгады эканомікі Беларусі, а менавіта, яе геаграфічнае становішча. Цяпер новыя абмежаванні пазбаўляюць краіну нават гэтай, здавалася б, відавочнай і непарушнай перавагі», – кажуць эканамісты.

Репортаж с польско-белорусской границы, пограничный контроль, проверка, грузовик, пограничный пункт Бобровники на границе с Польшей, транспортный контроль, дальнобойщики, большегрузы
Ілюстрацыйны здымак
Фота: ЮШ / Белсат

На долю транспартавых паслуг у агульным аб’ёме экспарту паслуг з Беларусі ў 2021 годзе прыпала 43 %, або больш як $ 4 млрд валютнай выручкі. На другім месцы быў экспарт паслуг ІТ (29 %, або каля $ 3 млрд).

«Атрымліваецца, што галоўная апора вонкавага гандлю Беларусі – гэта экспарт паслуг, а галоўная апора экспарту паслуг – гэта транспартавыя паслугі і IT. І абедзве гэтыя сферы з высокай верагоднасцю пачнуць прыносіць эканоміцы значна менш валюты. Пры гэтым адмоўнае сальда вонкавымі гандлю таварамі нікуды так проста не знікне», – адзначаюць эканамісты.

На іх думку, падобныя тэндэнцыі ў сферы вонкавага гандлю багатыя вялікімі праблемамі для эканомікі ў цэлым і курсу рубля – у прыватнасці.

Рух беларускіх і расейскіх машынаў спыніўся

У каментары «Белсату» прадстаўнік транспартавай галіны Станіслаў (тут і далей імёны змененыя) кажа, што ў сувязі з санкцыямі рух беларускіх і расейскіх машынаў спыніўся. Ездзяць пераважна польскія і літоўскія.

«У прынцыпе, усе чакалі праблем. Пытанне ў тым, што чакалі закрыцця межаў і прадумвалі абʼезд праз Турцыю, Фінляндыю, напрыклад. А тут атрымалася больш жорстка», – тлумачыць сітуацыю ў галіне Сяргей, менеджар буйной лагістычнай беларускай кампаніі.

«Машыны працуюць на перачэпцы, калі польскі цягач вывозіць з Польшчы прычэп з грузам, у Беларусі забірае прычэп з расейскім грузам ці беларускім і вязе ў Еўразвяз. Вельмі шмат зараз грузавікоў, дзе цягач еўрапейскі, а прычэп беларускі ці расейскі. Кошты ў сувязі з гэтымі падзеямі выраслі ў некалькі разоў», – дадае Станіслаў.

Паводле яго, шмат якія фірмы з Беларусі маюць «дачок» у Польшчы і Літве з транспартам, і «гэтыя фірмы не прападуць і будуць працаваць далей паводле вышэйзгаданай схемы».

«Іншыя фірмы, якія не маюць транспарту на еўрапейскіх нумарах, ставяць свае машыны пакуль на стаянкі і чакаюць дзеянняў ад уладаў РБ», – кажа Станіслаў.

Што зробяць улады?

Паводле Сяргея, цяпер усе чакаюць, ці будзе адказ уладаў Беларусі і Расеі на санкцыі і ў чым ён выявіцца. Ужо на гэтай падставе можна будзе разумець, як выбудоўваць дакладна лагістыку, бо «рэальна шмат розных варыянтаў. І яны вельмі моцна ўплываюць на рынак агулам».

Агулам, кажа суразмоўца, унутраны рынак ЕАЭС не такі ёмісты і маржынальны і не здолее замяніць беларускім перавознікам еўрапейскага рынку.

На яго думку, найбольш спрыяльнымі для транспартавай галіны маглі б стаць перавалкі і перагрузкі грузаў у Беларусі – «як адным, так і ў іншым напрамках».

«А далей ужо пытанне ў тым, як гэта ўсё будзе арганізавана і дзе менавіта, на якіх складах», – адзначыў Сяргей, дадаўшы, што «пакуль у чаканні ўсе».

Ці магчымая перарэгістрацыя ў ЕЗ?

Каментуючы ўведзеныя санкцыі, дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка параіў сумленным кампаніям, «якія не падтрымліваюць рэжыму і не гандлююць у абыход санкцыяў», перарэгістравацца на тэрыторыі Еўразвязу, каб працягнуць сваю працу.

«Больш за тое, рэжыму будзе складана на іх націснуць, арыштаваць ці пакараць», – мяркуе ён.

Але, кажа прадстаўнік транспартавай кампаніі Сяргей, такая схема выглядае прыгожа толькі на паперы, бо на практыцы ўзнікае шмат пытанняў. Дый незразумела будзе, што рабіць, калі Беларусь закрые сваю мяжу ў адказ для перавознікаў з ЕЗ.

Российский флаг, репортаж с польско-белорусской границы, транспортный контроль, пограничный пункт Бобровники на границе с Польшей
Ілюстрацыйны здымак.
Фота: ЮШ / Белсат

Таксама шмат укладанняў і бюракратычнай цяганіны патрабуе вываз у Еўразвяз аўтамабіляў з беларускім і расейскім мінулым.

«Не ва ўсіх яны ёсць, гэтыя грошы і час. Дый я б не выключаў, што можа быць спецыфічнае стаўленне да былых расейскіх і беларускіх перавознікаў. Праблемы пры рэгістрацыі. Шмат дэталяў. Гэта ж перарэгістраваць і перабудаваць цэлы бізнес», – мяркуе Сяргей.

Што прапаноўвае бізнес

Між тым беларускія транспартавыя кампаніі ўжо распрацавалі свае прапановы, як выйсці з крызісу. Гэтак, у распараджэнне «Нашай Нівы» трапіў ліст Беларускай асацыяцыі экспедытараў і перавознікаў, у якім прапаноўваецца «добра зарабіць на ўсёй сітуацыі». У прыватнасці, бізнес раіць дазволіць уезд еўрапейцам на тэрыторыю Беларусі на 50 кіламетраў углыб без квотаў для перагрузу або перачэпкі і не ўводзіць люстраных санкцыяў.

«У выпадку ўвядзення люстраных санкцыяў у дачыненні еўрапейскіх перавознікаў з боку Рэспублікі Беларусь беларускія субʼекты транспартавай галіны цалкам страцяць магчымасць працы паводле ўказаных вышэй схемаў працы», – гаворыцца ў прапановах.

Таксама плануецца надаць беларускім транспартавым і лагістычным кампаніям да 31 снежня канікулы на пагашэнне доўгу па крэдытных і лізінгавых дамовах, адмяніць дазволы з Кітаем, увесці мараторый на праверкі ды гэтак далей.

Падобныя прапановы, як адзначаецца, мае і чарнавы план «комплекснай падтрымкі эканомікі» ад Савету Міністраў.

У сваю чаргу асацыяцыя міжнародных аўтамабільных перавознікаў БАМАП папрасіла мытныя адміністрацыі Літвы, Латвіі і Польшчы растлумачыць, ці будуць да беларускіх кіроўцаў ужываць меры адміністратыўнай адказнасці, калі фура да 16 красавіка не змагла пакінуць тэрыторыі Еўразвязу. Просяць яны распавесці таксама, якім будзе парадак выезду і афармлення пасля.

«Калі Беларусь дасць дабро на «бездазвольныя» перавозы польскіх машынаў па Беларусі з мытнай перагрузкай тут, то грузапаток пойдзе амаль як раней, толькі за крыху іншыя грошы», – адзначыў Станіслаў.

Агулам, на яго думку, на такіх перавозах выйграе дзяржава, якая будзе аказваць паслугі мытнай перагрузкі, і ў той ці іншай ступені прайграюць беларускія міжнародныя перавознікі, якія не змогуць ездзіць па ЕЗ.

Аналітыка
Гаворка пра мільярды долараў. Колькі можа страціць Беларусь ад закрыцця мяжы з Польшчай
2021.11.19 09:00

ПС belsat.eu

Стужка навінаў