Дэфіцыт і падаражэнне – не перашкода. Большасць беларусаў падтрымалі замарожванне коштаў


Як беларусы ставяцца да замарожвання коштаў? Чаго чакаюць у будучыні для фірмы і прадпрыемства? І якія ўвогуле перспектывы айчыннай эканомікі? На гэтыя і іншыя пытанні 13 снежня падчас прэзентацыі ў Вільні праекту «Маніторынг эканомікі Беларусі» адказалі прадстаўнікі даследчага цэнтра BEROC.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Аптымізм беларусаў расце

Праведзенае ў лістападзе 2022 года апытанне беларускіх хатніх гаспадарак паказала, што за апошні месяц прыбытак знізіўся ў 42,5% сем’яў. У асноўным гэта датычыць тых, хто працуе з фінансамі, у будаўнічай сферы або сельскай гаспадарцы, адзначыла акадэмічная дырэктарка BEROC Кацярына Барнукова. Паводле яе, з красавіка 2020 года «гэта не самы трагічны паказчык з таго, што мы бачылі падчас нашых назіранняў».

Увогуле ж, адзначыла эканамістка, падзенне прыбыткаў насельніцтва Беларусі стабілізавалася. Праўда, заўважаны рост тых, хто эканоміць на ежы (38% апытаных) пры зніжэнні долі тых, хто ў мэтах эканоміі вымушаны пратэрміноўваць плацяжы (6%).

Таксама рэспандэнты адзначылі павелічэнне колькасці звальненняў (4,6% апытаных страцілі працу цягам апошніх двух тыдняў). Аднак, распавяла Кацярына Барнукова, пакуль заўчасна казаць, ці адабʼецца гэта зʼява на рынку працы, ці яно ўсё ж зʼяўляецца часовым.

Акрамя таго, эканамістка вылучыла «вельмі невялікія, сціплыя, але намеры ў бок паляпшэння» спажывецкай упэўненасці насельніцтва. Хоць у Беларусі па-ранейшаму дамінуюць тыя, у каго негатыўныя эканамічныя чаканні ад будучыні, беларусы больш пазітыўна настроеныя, чым у сярэднім па ЕЗ або ў Расеі.

Як адзначыла Кацярына Барнукова, у цэлым усе сацыяльныя групы Беларусі згодныя з тым, што эканамічна жыццё становіцца лепшае. Найвялікшыя аптымісты ў гэтым плане працуюць у сельскай гаспадарцы, а песімісты – у ІТ і фінансах. У рэгіянальным зрэзе больш за ўсё песімістаў у Менску, а аптымістаў – у Магілёўскай вобласці.

63% – за замарожванне коштаў

Закранула Кацярына Барнукова таксама і замарожванне коўтаў у Беларусі з наступным яе ручным рэгуляваннем. Згодна ёй, дадзеную меру падтрымліваюць 63,1% апытаных, а няправільным лічаць толькі 22%. Сярод тых, хто падтрымлівае замарожванне коштаў, пераважаюць людзі з нізкім прыбыткам і адукацыяй, а таксама аўдыторыя дзяржСМІ.

Разам з тым амаль палова рэспандэнтаў прызнала, што ў выніку рэгулявання коштаў тавараў на прылаўках крамаў стала менш. 36,2% упэўненыя, што кошты працягнулі ўсё роўна расці. А 23% паведамілі, што зачыняюцца кампаніі і прадпрыемствы. Пры гэтым, лічыць эканаміст, падобныя папулісцкія захады з замарожваннем коштаў маглі б атрымаць падтрымку і жыхароў самых капіталістычных краін.

Фота ілюстрацыйнага характару.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Бізнес незадаволены рэгуляваннем коштаў

Між тым фірмы і вытворцы ў Беларусі ў будучыню глядзяць нейтральна, хоць і «з лёгкай надзеяй». З разгледжаных галін толькі будаўнікі адзначаюць, што адбываецца цяпер спад і чакаюць негатыву ў будучыні.

«У пачатку вайны ўсе чаканні былі блізкія да Армагедону, але рэчаіснасць аказалася хоць рэцэсійнай, але не такой жудаснай, як меркавалася першапачаткова», – распавёў старэйшы навуковы супрацоўнік BEROC Леў Львоўскі.

А вось дзяржрэгуляванне коштаў у фірмаў і вытворцаў, у адрозненне ад насельніцтва, не выклікае радасці. Так, амаль 70% апытаных мяркуе, што яно негатыўна паўплывае на беларускі бізнес у цэлым. Пазітыў у гэтым бачаць толькі каля 10% рэспандэнтаў. Станоўча гэта можа паўплываць хіба што на тыя кампаніі, якім дзяржава будзе даваць прэферэнцыі, лічаць прадстаўнікі беларускіх фірмаў. Наконт ўплыву рэгулявання коштаў спажыўцоў меркаванне рэспандэнтаў падзялілася амаль пароўну.

Рэгуляванне таксама магло паўплываць на павелічэнне ўспрымання рызыкаў для вядзення бізнесу ў Беларусі, якое да апошняга часу зніжалася. Цяпер гэты паказчык складае 3,47 балы з пяці, але ўсё ж не даходзіць да ўзроўню 2020 года. Увогуле, адзначыў Леў Львоўскі, бізнес у Беларусі заўсёды лічыўся рызыкоўным – ад 3 да 5 пунктаў.

Даступнасць фінансавання бізнесу вярнулася да паказчыкаў восені 2021 года, пры гэтым яна моцна палепшылася ў параўнанні са жніўнем 2022-га. У цэлым бізнэс глядзіць у будучыню аптымістычна і не чакае узмацнення рэцэсіі.

Пры гэтым, як адзначыў Леў Львоўскі, самыя прычыны крызісу ў Беларусі не ліквідаваныя і многае, у тым ліку пытанне ўвядзення новых санкцый, будзе залежыць «ад падзей на ўкраінскіх франтах».

Нявызначанасці занадта шмат

У сваю чаргу старэйшы навуковы супрацоўнік BEROC Зміцер Крук адзначыў, што санкцыі далёка не адзіны фактар уплыву на эканоміку Беларусі. Паводле яго, важкі ўплыў на яе будуць аказваць экспартны шок, здароўе сусветнай эканомікі, знешняя коштавая канкурэнтаздольнасць беларускай прадукцыі, манетарная і фіскальная палітыка ўладаў у Беларусі.

Па словах Дзмітрыя Крука, экспартны шок беларускай эканомікі ўжо выйшаў на пэўнае плато: «Ён не пераадолены, але самая вострая фаза засталася ззаду». Аднак ужо дасягнула сваёй вяршыні і пачала звужацца знешняя коштавая канкурэнтаздольнасць айчыннай прадукцыі, якая «з вельмі вялікай верагоднасцю» пачне рух у бок зніжэння.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Выклікае асцярогі і агульнае здароўе сусветнай эканомікі, якое адчувальна пагаршаецца і стане адным з важных уплываў на беларускую ў 2023 годзе.

І хоць інфляцыя ў Беларусі «адчувальна прытармазіла», краіна працягвае паглыбляцца ў рэцэсію, нягледзячы на тое, што тэмпы паглыблення спаду і замарудзіліся.

«Рухавік спаду – унутраны попыт. Менавіта ўнутраны попыт цягне эканоміку долу. Але сціскаецца ён пераважна за кошт інвестыцыйнага попыту», – сказаў Дзмітрый Крук, які адзначыў, што інвестыцыйны попыт «лавінай згасае».

Паводле яго слоў, па ВУП Беларусь таксама наблізіўся да свайго долу, але здолее замацавацца толькі калі ўсё будзе стабільна з экспартам. Пакуль жа наконт гэтага ёсць пытанні, у тым ліку ў сувязі з магчымым абясцэненнем беларускага рубля ў адносінах да долара ўслед за расейскім. Захоўваецца і магчымасць чарговага росту інфляцыі.

Увогуле, падкрэсліў Дзмітрый Крук, у дачыненні да беларускай эканомікі па-ранейшаму вельмі шмат супярэчнасцяў і сказаць адназначна, што будзе далей (рэцэсія або аднаўленне), пакуль немагчыма.

Макар Мыш / Авер belsat.eu

Стужка навінаў