Вонкавы гандаль Беларусі вярнуўся ў плюс пасля трох месяцаў дэфіцыту


Нацбанк апублікаваў статыстыку вонкавага гандлю Беларусі ў студзені–верасні. Сальда вярнулася ў дадатныя паказнікі пасля трох месяцаў дэфіцыту: экспарт за дзевяць месяцаў перавысіў імпарт на $538 млн.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: logist.today

Тры месяцы запар Нацыянальны банк паведамляў пра адмоўнае сальда вонкавага гандлю, напрыклад, у студзені–ліпені яно амаль дасягнула $100 млн год да года. Аднак у верасні гэтую тэндэнцыю атрымалася зламаць.

Інфаграфіка
Тры месяцы запар Беларусь не можа выкараскацца з адмоўнага сальда вонкавага гандлю
2023.10.12 14:48

За дзевяць месяцаў экспарт перавысіў імпарт на $537,9 млн. Праўда, імпарт расце сёлета шпарчэй за экспарт у параўнанні з студзенем–вераснем летась (17,7% супраць 4,8%). А дадатнае сальда тады перавышала $4 млрд.

Агульную статыстыку ратуе знешнегандлёвы зварот паслугаў, іх экспарт за дзевяць месяцаў сёлета перавысіў імпарт на $2,1 млрд. З таварамі – усё наадварот: адмоўнае сальда за студзень–верасень – $1,6 млрд.

Пры гэтым і з паслугамі сітуацыя выглядае не лепшым чынам, бо іх экспарт скараціўся год да года на 6,7%, імпарт вырас на 17,2%, а дадатнае сальда зменшылася на 33,5%.

Як раней папярэджвалі эканамісты, адмоўнае сальда беларускага вонкавага гандлю цягам паўгода пагражала б дэвальвацыяй і разгонам інфляцыі.

Аналітыка
Вяртанне да бартару і схемы праз Расею. Як Беларусь будзе гандляваць каліем з Іранам
2023.11.13 07:00

СК belsat.eu

Стужка навінаў