Сітуацыя ва Украіне: расейцы ціснуць на ўсходзе краіны


«Белсат» падводзіць вынікі 720-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 13 лютага чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія памежнікі адпрацоўваюць патруляванне мяжы, пошук і затрыманне дыверсійных груп праціўніка ў лясным масіве каля мяжы з Беларуссю. Чарнігаўская вобласць, Украіна. 10 лютага 2024 года.
Фота: Viacheslav Ratynskyi / Anadolu Press / Abaca Press

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На паўночным усходзе Харкаўскай вобласці працягваюцца баі ў ваколіцах гораду Купянск. У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра няўдалыя атакі праціўніка каля населеных пунктаў Сынькоўка і Табаеўка. Паводле Міністэрства абароны РФ, побач з першым сялом атакуюць і ўкраінскія вайскоўцы, што ўказвае на сустрэчны характар баёў на гэтым участку фронту. Між тым зменаў на купянскім кірунку не фіксуе ніводная з крыніцаў.

На суседнім ліманскім кірунку асноўныя баі лакалізуюцца на так званым торскім выступе на поўначы Данецкай вобласці.

Расейскае камандаванне заявіла пра адбіццё атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Церны, Торскае і Ямпалаўка, а таксама пра паляпшэнне становішча па пярэднім краі.

Генштаб ЗСУ фіксуе безвыніковыя атакі расейцаў на гэтым участку каля Цернаў. Акрамя гэтага войскі РФ атакавалі ніжэй па лініі фронту ў ваколіцах Вясёлага, але і тут не дасягнулі поспеху.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку ініцыятыва застаецца за расейскімі вайскоўцамі, якія наступаюць у ваколіцах населеных пунктаў Багданаўка, Іванаўскае, Клішчыеўка і Андрэеўка, імкнучыся выйсці да суседняга гораду Часаў Яр.

Генштаб ЗСУ піша пра сем няўдалых атак праціўніка на гэтых участках фронту.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў мяркуе, што баі каля Багданаўкі, Іванаўскага і Клішчыеўкі маюць сустрэчны характар. Пры гэтым зменаў лініі фронту не фіксуецца.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

Найбольшая інтэнсіўнасць наступальных дзеянняў Узброеных сілаў РФ адзначаецца ў ваколіцах Данецку.

На аўдзееўскім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, толькі за апошнія содні сілы абароны краіны адбілі 22 атакі праціўніка ў самой Аўдзееўцы, а таксама яшчэ 7 – каля сёлаў Танэнькае і Невельскае.

Між тым Пегаў гаворыць, што расейцы прасунуліся на паўднёвым і паўночным усходзе гораду. У прыватнасці, ваенкор сцвярджае, што на апошнім участку яны выйшлі да Індустрыяльнага праспекту, які з’яўляецца галоўным лагічным маршрутам ЗСУ.

Расейскі ваенны эксперт Барыс Рожын удакладняе, што на поўдні гораду войскі РФ прасунуліся з ваколіцаў умацаванага раёну «Царська охота» у бок сяла Невельскага. Адначасова фіксуецца рух насустрач з самога Невельскага. 

На мар’інскім кірунку Узброеныя сілы РФ не менш за 35 разоў атакавалі каля населеных пунктаў Георгіеўка, Пабеда і Новаміхайлаўка.

Тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што УС РФ прасунуліся ў кірунку сяла Пабеда і ўзялі пад свой кантроль участак трасы Т05-24 і шэраг лесапасадак з поўдня да ўскрайкаў самога населенага пункту.

Барыс Рожын гаворыць, што ніжэй па фронце расейцы распачалі штурм сяла Новаміхайлаўка.

Бярдзянскі, мелітопальскі і херсонскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай і Херсонскай вобласцях)

На поўдні Данецкай вобласці войскі РФ атакавалі ў ваколіцах сяла Прачыстаўка (на ўсходзе ад гораду Вуглядар), але сілы абароны Украіны ўтрымалі свае пазіцыі.

У Запарожскай вобласці працягваюцца сустрэчныя баі на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў каля сёлаў Вэрбовае, Навапрокапаўка і Работына – таксама без поспехаў любога з бакоў.

Агулам на поўдні краіны інтэнсіўнасць баявых дзеянняў ніжэйшая ў параўнанні з усходам.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў