ЗСУ прасоўваюцца на поўдні, але расейцы штораз контратакуюць. Што вядома? 


«Белсат» падводзіць вынікі 474-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 12 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскі вайсковец у Данецкай вобласці, Украіна. 12 чэрвеня 2023 года.
Фота: Reuters / Forum

Цягам апошніх содняў працягвалася маштабная наступальная аперацыі Збройных сілаў Украіны на поўдні Запарожскай і Данецкай вобласцяў.

Як і ў папярэднія дні, найбольшай актыўнасцю вызначаецца лінія фронту на так званым ўрэмеўскім выступе (на стыку абедзвюх рэгіёнаў). Пасля вызвалення сёлаў Няскучнае і Благадатнае ЗСУ працягнулі наступаць у паўднёвы кірунку абапал ракі Мокрыя Ялы і ў выніку вызвалілі яшчэ адзін населены пункт – Старажавое.

Намесніца Міністра абароны Украіны Ганна Маляр увечары 11 чэрвеня напісала і пра вызваленне сяла Макараўка (на поўдні ад Старажавога), але іншыя крыніцы не пацвердзілі гэтую інфармацыю. Аналітыкі праекту Deepstate напісалі, што ў Макараўцы праводзяцца стабілізацыйныя мерапрыемствы, і пра вызваленне населенага пункту можна будзе казаць толькі па іх заканчэнні. Па стане на 17 гадзіну 12 чэрвеня ў Deepstate усё яшчэ не фіксавалі ўкраінскі кантроль над Макараўкай.

Таксама ўдзень 12 чэрвеня прарасейскія крыніцы пачалі пісаць пра паспяховую контратаку УС РФ на Макараўку. Інфармацыя патрабуе ўдакладнення.

Тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што на Запарожжы расейцы паўтараюць тактыку абароны ЗСУ ў Бахмуце: вайскоўцы РФ не трымаюцца да апошняга за свае пазіцыі, а адыходзяць на іншыя, даючы магчымасць авіяцыі і артылерыі ўдарыць па праціўніку ў пакінутых населеных пунктах, пасля чаго праводзяць контратаку.

Адначасова з гэтым працягваюцца баявыя дзеянні і на флангах урэмеўскага выступу.

На ўсходзе расейцы працягваюць абараняцца ў Новаданецкім, прыналежнасць суседняга сяла Новамаёрскае застаецца невядомай.

На захадзе гэтага ўчастку фронту ЗСУ замацаваліся ў сяле Навадараўка. Паведамляецца, што зайсці ў населены пункт атрымалася яшчэ 4 чэрвеня, але доўгі час ЗСУ не ўдавалася ўзяць яго пад поўны кантроль.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў піша, што цяпер украінскія вайскоўцы наступаюць на сёлы Прыютнае і Роўнапаль (на ўсходзе і поўдні ад Навадараўкі адпаведна). Пры гэтым Пегаў ускосна прызнае кантроль ЗСУ над суседнім Лявадным.

Далей на захад, паводле Deepstate, працягваюцца баі на поўдні ад Малой Такмачкі і Лабковага. Пегаў піша, што каля апошняга населенага пункту ўкраінскія падраздзяленні імкнуцца прарвацца да скрыжавання трасаў М-18 і Н-30 каля Зялёнага Гаю. У выніку поспеху будзе адрэзаная расейская групоўка ў горадзе Васільеўка, а таксама дарогі на Мелітопаль і Энергадар.

Данецкая вобласць, Украіна. 12 чэрвеня 2023 года.
Фота: Reuters / Forum

Яшчэ адным участкам фронту, на якім наступаюць Збройныя сілы Украіны, з’яўляюцца ваколіцы Бахмуту.

Спікер Усходняй групоўкі войскаў ЗСУ Сяргей Чэрэваты заявіў, што за содні ўкраінскія вайскоўцы прасунуліся на флангах на адлегласць ад 250 да 700 метраў у залежнасці ад канкрэтнага ўчастку. Ганна Маляр удакладняе, што прасоўванне на 250 метраў адбылося каля Бярхоўскага вадасховішча (на паўночным захадзе ад Бахмуту). Імаверна, іншыя ўдалыя контратакі ўкраінцаў, як і ў папярэднія дні, адбыліся ў ваколіцах Кляшчэеўкі (на поўдні ад райцэнтру).

Між тым у Deepstate адзначаюць зніжэнне тэмпаў украінскага наступу пад Бахмутам, што звязана з пагаршэннем умоваў надвор’я.

Былы міністр абароны так званай ДНР Ігар Гіркін мяркуе, што наступальныя дзеянні ЗСУ на бахмуцкім кірунку маюць дапаможны характар, і разлічаныя ў першую чаргу на адцягванне ўвагі ад падзеяў на поўдні краіны, а таксама на змяншэнне запасаў артылерыйскіх снарадаў у расейцаў.

На іншых участках фронту сітуацыя застаецца адносна стабільнай: бакі не праводзяць наступальных аперацыяў, засяродзіўшыся на вядзенні пазіцыйных баёў і нанясенні артылерыйскіх удараў па пазіцыях праціўніка.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Таццяна Міронава belsat.eu 

Стужка навінаў