«Meduza»: Крэмль адклаў «рэферэндумы» на акупаваных тэрыторыях на няпэўны тэрмін


Выданне «Meduza» са спасылкай на крыніцы, блізкія да Крамля, паведамляе, што праз паспяховае наступленне ЗСУ расейскія ўлады адклалі на няпэўны тэрмін правядзенне «рэферэндумаў» на акупаваных тэрыторыях.

Маюцца на ўвазе псеўдарэферэндумы наконт «далучэння да Расеі», што планаваліся ў самаабвешчаных «ЛНР» і «ДНР», а таксама на акупаваных тэрыторыях Запарожскай, Харкаўскай і Херсонскай вобласцяў.

Суразмоўцы выдання «Meduza» патлумачылі, што адзіная прычына гэтай змены – паспяховае контрнаступленне ўкраінскіх войскаў на харкаўскім кірунку. Крыніцы падкрэслілі, што звязаныя з Крамлём паліттэхнолагі, якія працавалі ў Харкаўскай і Запарожскай вобласцях, ужо адкліканыя ў Расею.

Раней сакратар генеральнага савету расейскай партыі «Единая Россия», першы віцэ-спікер Савету Федэрацыі Андрэй Турчак заявіў, што «рэферэндумы» трэба правесці 4 лістапада – у так званы Дзень народнага адзінства Расеі. Са словаў аднаго з суразмоўцаў выдання «Meduza», ужо наступным тыднем акупацыйныя адміністрацыі меліся афіцыйна пачаць рыхтаванне да лістападаўскага «рэферэндуму». Цяпер усе гэтыя планы «пастаўлены на стоп», «пра лістапад ужо не ідзецца».

Суразмоўцы выдання «Meduza», блізкія да Крамля, падкрэслілі: расейскія ўлады не разумеюць, калі змогуць вярнуцца да абмеркавання канкрэтных датаў магчымага галасавання. Гэта залежыць ад таго, як будзе развівацца контрнаступленне Украіны.

Аналітыка
Навошта Расеі «рэферэндумы» на акупаваных тэрыторыях, і прычым тут ЦВК Беларусі?
2022.09.02 12:51

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў