11 лютага ў Менску пачаўся гэтак званы Усебеларускі народны сход. На гэты момант галоўны спікер там – Аляксандр Лукашэнка. Яго цытуе БелТА.
Лукашэнка заявіў, што «каляровая рэвалюцыя ў Беларусі была немагчымая», таму, «абапіраючыся на пэўныя ўнутраныя сілы, была ўчыненая спроба не каляровай рэвалюцыі, а мяцяжу паводле прынцыпу бліцкрыгу».
«Бліцкрыг не атрымаўся. Мы ўтрымалі сваю краіну. Пакуль», – сказаў ён.
Паводле Лукашэнкі, ягоным прыхільнікам «трэба выстаяць, не зважаючы ні на што», а «2021-ы год будзе вызначальным»:
«Сучасны перыяд можна параўнаць з развалам Савецкага Саюзу і яго наступствамі».
Выступоўца таксама заявіў, што Беларусь зазнала жорсткую атаку звонку.
Лукашэнка заклікаў сваіх прыхільнікаў менш глядзець «у рознага кшталту каналы» і не «парыцца».
Пры гэтым ён падкрэсліў, што не варта чакаць ад цяперашняга форуму развязання глабальных праблемаў. Шляхі пераадолення будуць толькі пазначаныя.
МГ, belsat.eu