«Гэта наша новая рэальнасць». Што адбываецца з надвор'ем у Беларусі?


Надвор’е ў Беларусі становіцца ўсё менш прагназавальным. За гэтае лета сіноптыкі рэгулярна папярэджвалі аб розных узроўнях небяспекі то з-за экстрэмальнай спякоты, то з-за моцнага ветру і ліўняў. На гэта ўплывае глабальнае змяненне клімату, якое беларусы ўсё больш адчуваюць з кожным годам.

Мужчына прымае душ на пляжы на Камсамольскім возеры. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Чаму адбываецца змяненне клімату і калі гэта пачалося

Некаторыя прыродныя з’явы, якія раней успрымаліся экстрэмальнымі і якія выходзяць з шэрагу прэч, ужо становяцца для нас звыклай і новай рэальнасцю. Галоўную ролю ў гэтым адыгрывае глабальнае змяненне клімату, асноўнай прычынай якога зʼяўляюцца выкіды парніковых газаў. Выпрацоўваюцца яны ў першую чаргу ад спальвання выкапнёвага паліва і іншай дзейнасці чалавека, якая пачала актыўна развіваецца ў індустрыяльную эпоху з сярэдзіны XIX стагоддзя.

Ужо тады зʼявіліся першыя здагадкі, што такая праблема можа паўстаць у будучыні. Актыўна яна стала выяўляцца толькі з канца ХХ стагоддзя, калі сталі больш прыкметнымі вынікі дзейнасці чалавека.

Што менавіта адбываецца? Выкіды парніковых газаў прыводзяць да парніковага эфекту, калі цеплавое выпраменьванне Зямлі не выпраменьваецца ў космас з той жа хуткасцю, з якой звычайна гэта адбываецца, а застаецца як у шклярніцы і паступова награвае паверхню Зямлі. З прычыны гэтага адбываецца павелічэнне тэмпературы на Зямлі і змяненне клімату.

«З аднаго боку, гэта сумна, што мы і наша цывілізацыя, развіццё эканомікі ў тым выглядзе, у якім мы цяпер яго маем, служыць прычынай усяго гэтага. З іншага боку, ёсць патэнцыйна добрая навіна – мы можам гэты працэс рэгуляваць і прыпыніць», – кажа эксперт у кліматычнай палітыцы, якая размаўляе з «Белсатам» на ўмовах ананімнасці.

Аднак пакуль мы яшчэ вельмі далёкія ад таго, каб па-сапраўднаму эфектыўна дзейнічаць у пытанні скарачэння выкідаў парніковых газаў, удакладняе суразмоўца.

«Можна прывесці такі трывожны факт, што ліпень гэтага года па дадзеных глабальных назіранняў пабіў усе рэкорды па тэмпературы за наогул увесь перыяд метэаралагічных назіранняў», – распавядае эксперт і прыводзіць словы аднаго расейскага кліматолага, які заявіў, што тэмпература ў ліпені гэтага года павысілася на 1,5 градусы: «Гэта значыць, што мы ўжо фактычна бʼем рэкорды, якія вызначае глабальна-кліматычная палітыка».

Як адчуваецца змяненне клімату ў Беларусі

У цэлым, варыятыўнасць змены клімату – гэта нармальна, кажа эксперт. Можа быць год больш дажджлівы або больш засушлівы. Тым не менш тое, што мы назіраем цяпер у Беларусі, не ўпісваецца ні ў якія рамкі гэтай натуральнай варыятыўнасці. Прычына гэтаму – глабальнае змяненне клімату.

З аднаго боку, тэрыторыя Беларусі знаходзіцца ў сярэдніх шыротах Паўночнага паўшар’я, разам з тэрыторыяй Еўропы. Гэта менавіта тая тэрыторыя, у якой пацяпленне ідзе хуткімі тэмпамі, у параўнанні з іншымі рэгіёнамі свету. Гэта тэрыторыя краін, у якіх ёсць добрыя магчымасці адаптавацца да гэтых зменаў.

У Беларусі змяненне клімату выяўляецца ў павышэнні сярэдняй тэмпературы, праз што пераразмяркоўваецца рэжым выпадзення ападкаў паводле больш экстрэмальнага сцэнару. Напрыклад, за апошнія гады ў нас засушлівыя перыяды змяняюцца больш дажджлівымі, і таму становіцца «то густа, то пуста». Таксама да наступстваў змены клімату можна аднесці такія зʼявы, як шквальныя вятры ў паўднёвых рэгіёнах Беларусі і больш інтэнсіўныя паводкі.

Напрыклад, гэтым летам у краіне прайшло некалькі смерчаў, якія раней не асабліва фіксавалі ў Беларусі. Ад аднаго з іх на Менскім моры загінула 24-гадовая дзяўчына.

Hавiны
«Ад страху не магла крычаць». Відавочцы распавялі пра смяротны ўраган на Менскім моры
2023.07.23 19:46

У паўднёва-цэнтральнай частцы Беларусі з’явілася такая незвычайная для нашай краіны зʼява, як пыльныя буры. З аднаго боку, гэта следства змены ветравога рэжыму і зʼяўленне больш інтэнсіўных вятроў, якія падымаюць гэты пыл. З іншага боку, прычынай могуць быць працяглыя засухі і меліярацыя. «Калі на такіх тэрыторыях нейкі час стаіць засушлівае надворʼе, а потым прыходзіць вецер, то тады ўсё гэта разам дае эфект пыльных бур, якія мы ўжо некалькі разоў назіралі», – кажа эксперт па кліматычнай палітыцы.

«Мы і далей будзем назіраць вось такія з’явы, якія абсалютна дакладна становяцца нашай новай нормай», – лічыць яна.

Адаптацыя да новых умоваў

Чалавецтву прыйдзецца адаптавацца да новых кліматычных умоваў у любым выпадку, але наколькі – залежыць ад таго, як мы будзем спраўляцца са змяненнем клімату, лічыць эксперт.

Ёсць як мінімум два асноўных напрамкі кліматычнай мітыгацыі (сукупнасці захадаў) для змякчэння наступстваў. Першае – гэта зніжэнне выкідаў парніковых газаў і развіццё зялёнай, безвугляроднай і нізкавугляроднай эканомікі. Другое – гэта павышэнне паглынання за кошт лясоў і балот. Аднак для дасягнення эфекту трэба рабіць і тое, і другое.

«Тое, чым цяпер займаюцца шмат якія дзяржавы свету, на жаль, пакуль што не так паспяхова, як нам трэба», – кажа эксперт па кліматычнай палітыцы.

Мэта Парыжскага кліматычнага пагаднення – не перавысіць павелічэнне тэмпературы на 1,5 – максімум 2 градусы, да 2100 года. Хоць мы ўжо цяпер маем узровень у 1,5 градуса ў 2023 годзе. У выпадку перавышэння гэтага ліміту наступствы для экасістэмаў будуць нашмат больш значныя.

Адаптавацца да новых прыродных умоў чалавеку прыйдзецца ў любым выпадку, але пытанне, наколькі мы наогул зможам гэта зрабіць і чаго гэта будзе каштаваць: у якасці жыцця, у грошах і чалавечых жыццях. «Таму тут няма наогул ніякай падставы расслабляцца і думаць, што мы ўсё роўна нічога не зможам зрабіць», – лічыць эксперт.

За апошняе дзесяцігоддзе навукоўцы прапрацавалі некалькі сцэнарыяў развіцця сітуацый, якія грунтуюцца на тым, наколькі мы зможам гэтыя змены рэгуляваць і спыніць. Навукоўцы лічаць, што нават калі заўтра мы рэзка перастанем выкідваць парніковыя газы, змены клімату ўсё роўна будуць адбывацца, таму што парніковыя газы не растворацца самі. Зараз мы знаходзімся ў самым пачатку гэтых змяненняў, але сапраўдныя наступствы адчуем толькі дзесьці ў 2040 – 2050 гадах, канстатуюць спецыялісты.

Алена Рувіна / ІР belsat.eu

Стужка навінаў