У Бабруйску вынеслі прысуды «рэйкавым партызанам» – да 16 гадоў калоніі


У Бабруйскім судзе 10 жніўня вынеслі прысуд па крымінальнай справе супраць пяці мясцовых жыхароў, трое з якіх унесены ў «тэрарыстычны» спіс КДБ. Ім прысудзілі ад двух гадоў «хатняй хіміі» да 16 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляюць праваабаронцы.

Крыніца: viasna96 / Telegram

Па справе праходзяць Ігар Казлоў, Канстанцін Ермаловіч, Віталь Мінкевіч, Наталля Кед і Надзея Полькіна.

Паведамляецца, што Казлова, Ермаловіча і Мінкевіча абвінавацілі ў дзеяннях «тэрарыстычнага характару» летам і восенню 2021 года, а мінавіта ў мінаванні чыгункі. Таксама сілавікі палічылі «тэрактам» падпал стралковага ціру, што належыць вайсковай частцы 5527 у Бабруйску. Іх асудзілі паводле наступных артыкулаў:

  • стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй (ч. 2 арт. 290.4 КК);
  • акт тэрарызму (ч. 2 арт. 289 КК);
  • пагроза здзяйснення акту тэрарызму; (ч. 2 арт. 290 КК);
Злачынства, за якія судзяць бабруйцаў.
Фота: bobruisk_online / Telegram

Таксама жыхароў Бабруйску, у тым ліку Наталлю Кед і Надзею Полькіну, прызналі вінаватымі ў спальванні на Масленіцу ў 2021 годзе пудзіла, падобнага да Лукашэнкі. Гэта палічылі абразай Лукашэнкі па ч. 1 арт. 368 КК.

Суддзя Наталля Агладкова вынесла бабруйцам наступныя прысуды:

  • Кастусь Ермаловіч атрымаў 16 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 9600 рублёў;
  • Віталь Мінкевіч – 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Ігар Казлоў – 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Надзея Полькіна – 2 гады калоніі агульнага рэжыму:
  • Наталля Кед – 2 гады «хатняй хіміі».

Для ўсіх абвінавачаных мужчын пракурор запытваў тэрмін на год больш, жанчынам прысудзілі такія ж тэрміны, як і запытваў бок абвінавачвання.

Артыкулы
Не тэрарысты, але ўсё ж… Навошта беларусаў уносяць у спіс асобаў, датычных тэрарыстычнай дзейнасці
2022.07.14 09:30

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў