Найбуйнейшы беларускі вытворца лекаў прызнаў дэфіцыт камплектуючых


На прадпрыемстве «Белмедпрэпараты» прызналі, што ім не стае дэталяў, неабходных для пакавання лекаў. Як стала вядома «Белсату», усе кроплі для вачэй, што выпускаюць на заводзе, цяпер прадаюцца без адмысловых вечак-кропельніц.

Кроплі для вачэй «Эмаксіпін» вытворчасці «Белмедпрэпаратаў».
Фота: irecommend.ru

У прыватнасці, ва ўсечанай камплектацыі цяпер выпускаюць кроплі «Эмаксіпін». Раней яны былі з адмысловым прыстасаваннем на флаконе, цяпер замест яго – паперка з інфармацыяй пра тое, што «дазваляецца часовая рэалізацыя кропляў для вачэй без вечка-кропельніцы».

Лісток-укладыш у пакаванні з кроплямі для вачэй вытворчасці «Белмедпрэпаратаў».
Фота: Белсат

На «Белмедпрэпаратах» прызналіся, што цяпер усе кроплі для вачэй іхнай вытворчасці пастаўляюцца без неабходных вечак:

«Гэта з усімі кроплямі для вачэй. Мы працуем над зменамі, імаверна, зменім дызайн».

Ці вернуцца некалі кропельніцы, на заводзе не ведаюць:

«Не падкажу, калі менавіта яны з’явяцца. На жаль, мы толькі можам рэкамендаваць набываць піпеткі для закапвання ў вочы».

На пытанне, чаму зніклі гэтыя дэталі, у кампаніі адказваюць ухіліста: «Гэта выдаткі вытворчасці».

Раней суполка «Белыя халаты» паведамляла, што беларускія фармацэўтычныя кампаніі сутыкнуліся з дэфіцытам тары для лекаў. Вытворцам бракуе шкляных бутэлечак для раствораў і туб для мазяў, якія вазілі з краінаў ЕЗ. Праз гэта, як сцвярджалі «Белыя халаты», на «Белмедпрэпаратах» нават спынялі разліў вакцыны «Спутник».

Hавiны
«Белыя халаты» паведамілі пра дэфіцыт у Беларусі тары для вытворчасці лекаў
2022.12.21 22:05

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў