Святлана Ціханоўская заклікала дыпламатаў больш як 30 краінаў спрасціць умовы легалізацыі для беларусаў


Беларуская дэмакратычная лідарка разам з прадстаўнікамі Аб’яднанага пераходнага кабінета правяла брыфінг для дыпламатаў, якія знаходзяцца ў Варшаве, і заклікала іх спрасціць працэдуры легалізацыі для беларусаў.

Сустрэча Святланы Ціханоўскай з пасламі. Варшава, 10 студзеня.
Фота: Светлана Тихановская / Telegram

На сустрэчы прысутнічалі амбасадары больш як 30 краінаў – у прыватнасці, такіх дзяржаваў, як Іспанія, Нідэрланды, Ірландыя, Вялікая Брытанія, Швецыя, Чэхія, Кіпр, Украіна і інш.

Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы распавяла пра сітуацыю з палітвязнямі, узгадала тых, каго трымаюць у рэжыме інкамунікада. Яна заклікала да больш рашучых дзеянняў для іх вызвалення з прыцягненнем дапамогі міжнародных арганізацыяў.

Падчас сустрэчы беларуская дэмакратычная лідарка выступіла з заклікам да дыпламатаў спрасціць для беларусаў выдачу візаў, відаў на жыхарства, статусаў міжнароднай абароны.

Ціханоўская адзначыла, што ўзоры новага беларускага пашпарта будуць гатовыя ўжо ў сакавіку гэтага года, пасля чаго будуць накіраваныя звароты ва ўрады краінаў з просьбай прызнаць іх.

Падчас сустрэчы Ціханоўская ўзняла пытанне еўрапейскай будучыні для Беларусі. Яна адзначыла, што для беларусаў вельмі важна бачыць пазітыўную альтэрнатыву «рускаму свету», і заклікала краіны падтрымаць еўрапейскія памкненні беларусаў.

Нагадаем, што 10 студзеня скончыўся трохдзённы візіт Святланы Ціханоўскай у Варшаву, падчас якога яе прымалі на афіцыйным узроўні прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, міністры, спікеры парламенту. Адной з галоўных задач візіту было – наладжванне сувязяў з новым парламентам і ўрадам Польшчы, а таксама пацвярджэнне працягу супольных дзеянняў двух народаў да дэмакратыі і бяспекі ў рэгіёне.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў