У студзені Расея магла павялічыць колькасць вайскоўцаў у Беларусі на 2 тысячы


З пачатку новага года ў Беларусь прыбыў шэраг эшалонаў з вайсковаю тэхнікай і асабовым складам. Міністэрства абароны нашай краіны афіцыйна рапартуе, што трывае нарошчванне рэгіянальнай групоўкі войскаў РБ і РФ. Палічылі, калькі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі можа зараз знаходзіцца на тэрыторыі нашай краіны. 

У Беларусь прыбыў чарговы эшалон з расейскімі вайскоўцамі для ўдзелу ў вучэннях «Саюзная рашучасць – 2022».
Фота: Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь

У пачатку 2023 года расейцы актывізавалі пастаўкі зброі, тэхнікі ды асабовага складу ў Беларусь. Гэтак, першы сёлета эшалон прыбыў у нашую краіну 5 студзеня. Грузавы цягнік спыніўся ў Баранавічах. Вядома, што на платформах была вайсковая тэхніка і 3 пасажырскія вагоны. З улікам таго, што плацкартны вагон мае 54 месцы, можна меркаваць, што прыбылі ў Беларусь больш за 160 вайскоўцаў.

За 10 дзён – 7 эшалонаў

6 студзеня ў нашую краіну прыбылі адразу ж 4 вайсковыя эшалоны.

Першы спыніўся а 7:30 6 студзеня на станцыі Палонка (Баранавіцкі раён). Цягнік прывёз каля 30 вагонаў-платформаў з колаваю тэхнікаю, 4 крытыя вагоны і 2 пасажырскія вагоны з асабовым складам. Сярод тэхнікі заўважаныя «Уралы», «КамАЗы», БТРы, бензавозы.

Другі грузавы цягнік таксама прыбыў у Баранавічы. На платформах заўважылі каля 43-х адзінак «КамАЗаў» і «Уралаў», БАЗ-6306, 5 бензавозаў, 2 зенітныя ўстаноўкі ЗП-23-2, палявыя кухні і бочкі для вады. На шматлікіх цяжкавіках прысутнічае апазнавальны сімвал Z.

Эшалон з расейскаю тэхнікай у Беларусі.
Фота: Константин Белявский / «Ваяр»

Трэці эшалон скіравалі ў Слонім (Гарадзенская вобласць). У складзе было каля 27 вагонаў-платформаў з колавай і гусенічнаю тэхнікаю.

Чацвёрты эшалон 6 студзеня ўначы мінуў расейска-беларускую мяжу і перавозіў 15 пасажырскіх вагонаў. Верагодна, у цягніку былі каля 810 вайскоўцаў. Telegram-канал «belzhd_live» паведамляе, што гэты цягнік прыбыў у Віцебск.

7 студзеня аналагічна ўначы ў Віцебск прыбыў яшчэ такі ж цягнік з 15 вагонамі, у якім маглі таксама перавезці каля 810 вайскоўцаў.

8 студзеня ў Баранавічы прыбыў 7-ы з ліку з пачатку года эшалон з тэхнікай і асабовым складам УС РФ. Эшалон перавозіў каля 30 вагонаў-платформаў з тэхнікаю, 2 грузавыя вагоны з боепрыпасамі/рыштункам і 2 пасажырскія вагоны з асабовым складам – каля 110 асобаў.

Такім чынам, за 10 дзён гэтага года ў нашую краіну маглі прывезці каля 2000 вайскоўцаў.

Расейская вайсковая тэхніка прыбывае ў Беларусь у межах разгортвання рэгіянальнай групоўкі войскаў, кастрычнік 2022 года.
Фота: modmilby/Telegram

30 лістапада намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны Вадзім Скібіцкі заявіў, што агулам у Беларусі сканцэнтраваныя каля 9 тысячаў расейскіх жаўнераў. Верагодна, што цяпер іхная колькасць набліжаецца да 11 тысяч вайскоўцаў.

Украінскае камандаванне падкрэслівае: прыкметаў фармавання магутнай наступальнай групоўкі на гэты момант няма, хаця назапашванне саюзных войскаў працягваецца. Падобнае распавёў кіраўнік Украінскага цэнтру бяспекі і супрацы Сергей Кузан у эфіры «1+1».

Паводле эксперта, пакуль няма звестак пра гуртаванне расейскіх сілаў для ўдару з Беларусі. Выведка добра працуе ў тым рэгіёне і мае інфармацыю пра рух кожнай вайсковай часткі. Мяжу з Беларуссю за мінулы год значна ўмацавалі, ёсць мінныя палі. Таму асаблівай пагрозы ўварвання з тэрыторыі Беларусі пакуль няма. Але пагроза авіяцыйных і ракетных удараў існуе.

Падобныя прагнозы агучваюць і эксперты рэсурсу «Беларускі Гаюн». Паводле справаздачы каналу, Расея пакуль не назапашвае сваіх войскаў каля мяжы з Украінаю. Перамяшчэнні вайсковай тэхнікі і асабовага складу чыгункаю могуць дэманстраваць жаданне ўвесці ў зман і заблытаць адносна далейшых планаў ваеннай групоўкі РФ, якая цяпер у РБ. Рэсурс таксама сцвярджае, што частка расейскіх вайскоўцаў пакідае Беларусь у межах ратацыі.

У любым выпадку можна пабачыць, што колькасць расейскіх вайскоўцаў у Беларусі павялічваецца. Калі ў кастрычніку летась у нашую краіну прыбылі 4300 вайскоўцаў з РФ, то ў канцы лістапада іх стала ўжо каля 9 тысячаў.  Цяпер асабовы склад можа наліваць каля 11 тысячаў. Паводле экспертных ацэнак, пасля незапланаваных вучэнняў у лютым 2022 года напярэдадні ўварвання ва Украіну Расея сканцэнтравала у Беларусі  больш за 30 тысяч вайскоўцаў.

У Беларусь прыбыў чарговы эшалон з расейскімі вайскоўцамі для ўдзелу ў вучэннях «Саюзная рашучасць – 2022».
Фота: Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь

Вайсковая тэхніка і авіяцыя

Дзясяткі эшалонаў перавезлі ў нашую краіну і сотні адзінак вайсковай тэхнікі. Акрамя «Уралаў», «КамАЗаў, БТРаў, бензавозаў і нават палявых кухняў, Расея перакідвае ў Беларусь зенітныя сістэмы, артылерыйскія машыны.

Агулам армія РФ перакінула ў РБ сотні адзінак вайсковай тэхнікі. Заўважаная таксама і авіяцыя.

Гэтак, 5 студзеня Мінабароны анансавала супольныя лётна-тактычныя вучэнні беларускіх і расейскіх вайскоўцаў. Праз некаторы час пасля гэтага анонсу на аэрадроме Мачулішчы заўважылі 12 расейскіх верталётаў Мі-8 і Мі-24 ВКС РФ, на некаторых намалявалі сімвал Z.

Вядома, што ў Мачулішчах застаюцца і два расейскія МіГ-31К, якія могуць запускаць ракеты «Кінжал». Расейскія знішчальнікі размяшчаюцца і на аэрадроме ў Баранавічах.

Знішчальнік МіГ-31К. Крыніца: golosameriki.com

 Беларуска-расейская групоўка выглядае як расейская база

Падобная ўзбраеннем групоўка расейскай арміі зараз сканцэнтравана ў Арменіі: 102-ая расейская вайсковая база ў Гюмры і на аэрадроме Эрэбуні мае зенітна-ракетныя комплексы С-300, знішчальнікі МіГ-29, а таксама верталёты Мі-24П і Мі-8МТ. Колькасць асабістага складу базы складае каля 4 тысячаў чалавек.

Расейскія вайскоўцы ў Беларусі. 23 кастрычніка 2022 года.
Фота: Мінабароны Беларусі / Telegram

Для параўнання ўзгадаем, што падчас камуністычнага рэжыму ў Польшчы размяшчаліся каля 48 тысячаў савецкіх вайскоўцаў. Паўночная групоўка савецкіх войскаў у Польшчы засталася з 1945 года. Афіцыйна ўрады ПНР і СССР узгаднілі прававое становішча савецкіх салдатаў у Польшчы 17 снежня 1956 года.

Паводле гэтай дамовы, у Польшчы пакінулі ў 62–66 тысяч вайскоўцаў. З гэтага ліку сухаземныя войскі складалі каля 40 тысячаў, авіяцыя – 17 тысяч вайскоўцаў і ВМФ – 7 тысячаў.

Пакінулі тэрыторыю Польшчы савецкія салдаты толькі пасля развалу СССР, у 1993 годзе.

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў