ISW: Украінскія вайскоўцы, імаверна, возьмуць Куп'янск цягам 72 гадзінаў


Аналітыкі амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW) канстатуюць, што Расея не была гатовая да аперацыі ЗСУ на Харкаўшчыне, дзе ўкраінцы змаглі прасунуцца на 50 км углыб тэрыторыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: AP Photo / Andrew Kravchenko / East News

«Украінскія вайскоўцы, імаверна, захопяць Куп’янск у бліжэйшыя 72 гадзіны, сурʼёзна пагоршыўшы, але не цалкам разарваўшы расейскія наземныя лініі сувязі з Ізюмам», – адзначаюць эксперты.

Нагадаем, Куп’янск – асноўны транспартны вузел, праз які ідзе забеспячэнне расейскай групоўкі ў раёне Ізюму, што на Харкаўшчыне.

Аналітыкі ISW таксама прыйшлі да высновы, што Расея прайграе на харкаўскім кірунку не толькі ў ваенным, але і ў інфармацыйным плане. Няўдачы расейскай арміі выклікалі шквал крытыкі на адрас камандавання з боку блогераў і інфармацыйных рэсурсаў, што падтрымліваюць пуцінскую агрэсію супраць Украіны.

«Украінскія поспехі на лініі Харкаў – Ізюм ствараюць расколіны ў расейскай інфармацыйнай прасторы і падрываюць давер да расейскага камандавання», – сцвярджаецца ў аглядзе.

Эксперты ISW таксама канстатуюць, што ЗСУ працягваюць наступальную аперацыю ў Херсонскай вобласці, разбураючы пераправы, знішчаючы склады боепрыпасаў і камандныя пункты расейскіх войскаў.

Hавiны
Генштаб ЗСУ заявіў пра значныя страты і дэзерцірства расейскіх вайскоўцаў на Харкаўшчыне
2022.09.09 08:48

Глеб Нержын belsat.eu

 

Стужка навінаў