Беларусы маюць праблемы з легалізацыяй ва Украіне: штрафы, дэпартацыя, ігнараванне


Пасля падзеяў жніўня-2020 тысячы беларусаў выехалі ва Украіну ў пошуках прытулку. Вярхоўная Рада дазволіла грамадзянам Беларусі 180 дзён заставацца на тэрыторыі краіны. Пасля 24 лютага нашыя грамадзяне сутыкнуліся з шэрагам праблемаў, бо Беларусь успрымаецца як суагрэсар. Мы пагутарылі з юрыстамі і людзьмі, якія маюць цяжкасці ў легалізацыі.

Сцяг Беларусі і Украіны. Варшава, Польшча. 6 сакавіка 2022 года.
Фота: ТК / Белсат

Першая праблема, з якою сутыкнуліся нашыя суайчыннікі пры спробе легалізацыі пасля пачатку вайны, – калапс у працы міграцыйных службаў.

Мужа аштрафавалі і паставілі пячатку ў пашпарце на выезд з краіны

Сярод тых, хто пагадзіўся распавесці аб праблемах, шмат хто мае міжнацыянальны шлюб. Кацярына – украінка, а ейны муж – беларус. Ужо тры гады, як яны жывуць у Кіеве. Кацярына адзначае, што пасля 24 лютага міграцыйныя службы фактычна перасталі прымаць заяўкі на часовае пасведчанне і дазвол на легальнае перабыванне ва Украіне.

Пасля вызвалення паўночнай часткі Кіева сітуацыя нібыта палепшала. Міграцыйныя службы пачалі наладжваць працу, але жанчына адзначае, што адмысловыя органы не прымалі дакументаў да 2 чэрвеня. Тым часам прайшло 100 дзён вайны.

«Мы звярталіся, але нам доўга проста не давалі адказу. Праз гэта ў многіх беларусаў выйшаў тэрмін легальнага перабывання ва Украіне. Тэрмін дзеяння дакументаў скончыўся, а працягваць іх не збіраюцца», – скардзіцца Кацярына.

Жанчына кажа, што ейны муж такім чынам стаў нелегалам. Ён атрымаў штраф 5100 грыўняў (каля 170 долараў) і мусіць пакінуць тэрыторыю Украіны да 13 чэрвеня. Міграцыйны цэнтр не ўзяў да ўвагі, што тут у беларуса сям’я, і жонка – грамадзянка Украіны.

Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Менск, Беларусь. 16 ліпеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

«Паставілі ў пашпарт пячатку аб выездзе. Кажуць, што можна будзе назад заехаць, але гэта невядома. На беларускую мяжу ён не зможа паехаць, бо там яго могуць ці затрымаць, ці прызваць у войска», – апісвае сітуацыю жанчына.

Кацярына кажа: шмат хто ва Украіне лічыць Беларусь краінай-агрэсарам, таму такое стаўленне пераважае. Сямейная пара плануе выехаць у Малдову і пасля вярнуцца ва Украіну.

Тут мой дом і мая сям’я. Куды мне зараз ехаць?

Наталля сутыкнулася з падобнымі цяжкасцямі. Яны з мужам пераехалі ва Украіну ў снежні 2021-га. Муж Наталлі – грамадзянін Украіны. Яны адразу заняліся легалізацыяй, заяўку на дакументы павінны былі падаць 25 лютага, а 24-га пачалася вайна, і пашпартны сэрвіс перастаў працаваць.

«Мы баяліся, у метро ночылі, і было без варыянтаў дабрацца ў міграцыйныя цэнтры. Потым мы выехалі ў Івана-Франкоўск і былі там да бяспечнага часу. Назіралі, як выдаюць пасведчанні, многія скардзіліся на адмовы», – кажа Наталля.

У ваенны час станцыі метрапалітэну служаць бамбасховішчам для мірных жыхароў. Харкаў, Украіна. 28 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Жанчына зноў змагла звярнуцца ў міграцыйны цэнтр прыкладна за 20 дзён да заканчэння тэрміну легальнага перабывання.

«На Багдана Хмяльніцкага 10 мы прыехалі, і нам адмовілі. Пры гэтым нічым не падмацавалі свайго рашэння», – скардзіцца Наталля.

Жанчына адзначае, што чыноўнік, які вёў з ёй размову, сказаў, што не надаюць паслуг грамадзянам Беларусі і РФ.

«Мы разгубіліся і нават не папрасілі ніякіх пісьмовых адказаў. Мы звярнуліся да юрыста. Нам параілі зрабіць электронны зварот і патрабаваць пісьмовага рашэння», – кажа Наталля.

Калі жанчына наведала ўстанову другі раз, чыноўнік, які адмовіў у абслугоўванні, спаслаўся на ўказ № 160 Кабінету Міністраў Украіны. На кансультацыі ў юрыста высветлілася, што чыноўнік адвольна назваў нейкі дакумент, каб не вырашаць праблему, але адмова пры гэтым выглядала больш пераканаўча. Ні такога дакументу, ні такіх забарон на самой справе не існуе.

«Нас проста адправілі чакаць, пакуль не закончыцца вайна», – кажа Наталля.

Цяпер сямейная пара працуе з юрыстам, які дапамагае выйсці са складанай сітуацыі, бо жанчына не можа пайсці ў міграцыйны цэнтр – там яе аштрафуюць за пратэрмінаваныя дакументы і паставяць пячатку на выезд з краіны.

«Выязджаць у Беларусь я не магу, бо мяне там чакае турма. Мой дом – гэта мой муж і нашая кватэра тут. Што мне, выязджаць у Польшчу цяпер?!» – падсумоўвае сітуацыю Наталля.

Наста. Выехала ў Польшчу і не можа вярнуцца

Украінская мяжа.
Фота: УНІАН

Жанчыну на мяжы два разы развярнулі, ва Украіну не ўпусцілі. Яна вымушаная здымаць жытло на польска-ўкраінскай мяжы і чакаць адказу ад памежнай службы, на якой падставе ёй не даюць уз’яднацца з сям’ёй.

«Беларусы сутыкаюцца з цэлым шэрагам праблемаў»

Юрыст «Free Belarusian Center» Уладзімір Жбанкоў кажа, што беларусам прыходзіцца змагацца, каб застацца ва Украіне.

«З міграцыйнай службай цяпер фактычна немагчыма мець справу. Калі вы рыхтуеце дакументы, вы не зможаце зрабіць заверанага перакладу пашпарта, пасведчання аб шлюбе ці смерці родных», – кажа Жбанкоў.

Юрыст адзначае, што цяпер беларусу трэба валодаць сілай духа і мець магутны стрыжань, каб дамагчыся чагосьці, бо міграцыйны працэс фактычна спыніўся. Беларусам падаўжаюць тэрмін дзеяння дакументаў толькі пры наяўнасці статусу ўцекача.

«Год супраціву: як паўстае Беларусь». Выстава ў Кіеве.
Фота: Free Belarus Center

Прычыну юрыст бачыць у ваенным становішчы. Чыноўнікі баяцца браць на сябе адказнасць. Ім, на думку Жбанкова, прасцей расцягваць працэс, каб пасля загадаць пакінуць Украіну. Так у чыноўніка будзе менш праблемаў.

Юрыст раіць усім, хто сутыкнуўся з праблемамі і гатовы змагацца за свой статус ва Украіне, запасацца цярплівасцю, збіраць афіцыйныя рашэнні міграцыйнай службы і абскарджваць іх.

«Судовая практыка з абскарджаннем тут таксама складаная, бо праца судоў паралізаваная. Я не рэкамендую выязджаць з краіны, бо можна не вярнуцца потым, могуць не прапусціць. Такія выпадкі таксама фіксуюць», – падкрэслівае юрыст.

Адмысловец адзначае, што ва Украіне і да вайны было няпроста атрымаць легальны статус з прычыны складанага і фармальнага заканадаўства. Цяпер жа, каб застацца, трэба змагацца і пры патрэбе кансультавацца з юрыстами.

Шэрыя схемы ці легалізацыя, не падымаючыся з канапы

Кошты паслуг на легалізацыб ва Украіне. Скрыншот: evrovektor.com

Таксама нам стала вядома, што ва Украіне працуе шэраг шэрых службаў і сэрвісаў, гатовых за круглую суму дапамагчы з легалізацыяй. Кошты на сайтах сягаюць 16 тысяч грыўняў (каля 600 долараў). Аднак пасля тэлефанавання сума павялічваецца прыкладна ў тры разы.

Офіс Ціханоўскай у Кіеве змагаецца за беларусаў

Валерый Кавалеўскі.
Фота: Telegram / CabinetST

Мы скантактаваліся з Валерам Кавалеўскім, прадстаўніком офісу Ціханоўскай у Кіеве. Спадар Валер паведаміў, што цяпер вядзецца вялікая праца для дапамогі беларусам. У чацвер, 9 чэрвеня, у яго будзе сустрэча ў МУС Украіны адносна пытання легальнага статусу беларусаў ва Украіне.

Аб выніках размовы ў МУС мы паведамім днямі і даведаемся, ці будзе прасцей беларусам легалізаваць перабыванне ва Украіне.

Артыкулы
Кавалеўскі: Офіс Ціханоўскай у Кіеве выконвае заўважную функцыю прадстаўніцтва Беларусі ва Украіне
2022.05.30 10:06

Раман Лугоўскі belsat.eu

 

Стужка навінаў