Як найменш 24 крымінальныя справы распачатыя па выніках аблавы сілавікоў на сваякоў палітвязняў


Ахвярамі рэйду сілавікоў у «справе INeedHelpBy» па сваяках палітвязняў, які прайшоў 23-24 студзеня, сталі 229 чалавек. З іх 43 пакаралі штрафамі і арыштамі, а як найменш 24 прад’явілі крымінальнае абвінавачванне. Пра гэта праваабаронца «Вясны» Яна Галаган распавяла на прэс-канферэнцыі ў Варшаве, прысвечанай пераследу родных палітвязняў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: TUT.by / AP / East News

На частку затрыманых 23-24 студзеня склалі пратаколы паводле арт.24.12 КаАП РБ («Парушэнне парадку выкарыстання замежнай бязвыплатнай дапамогі»), які раней не ўжываўся ў практыцы палітычнага пераследу. Так сілавікі тлумачылі факт атрымання сем’ямі палітычных зняволеных прадуктовай дапамогі праз ініцыятыву INeedHelpBY.

У дачыненні да 24 чалавек заведзеныя крымінальныя справы паводле арт. 361-1, 361-2 і 361-4 КК РБ (датычацца ўдзелу ў «экстрэмісцкіх» арганізацыях альбо іх фінансавання).

Два чалавекі пасля допытаў трапілі ў лякарню. Па словах прадстаўніцы фонду «Краіна для жыцця» Вольгі Зазулінскай, сярод іх – 82-гадовая жанчына. Таксама Вольга ўдакладніла, што на аблавах працавалі 174 следчыя, а пераслед працягваўся тыдзень.

Агляд
Як бяспечна і небяспечна падтрымліваць пацярпелых ад рэпрэсіяў
2024.01.24 18:14

23-24 студзеня 2024 года па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя ператрусы і затрыманні сваякоў палітвязняў, а таксама палітычных зняволеных, якія ўжо вызваліліся. Прад’яўленыя абвінавачванні былі пераважна звязаныя з дзейнасцю праекту INeedHelpBy, які дапамагаў рэпрэсаваным прадуктамі харчавання.

Розныя крыніцы кажуць, што сілавікі маглі атрымаць доступ да базаў звестак гандлёвай сеткі «Еўраопт» і сэрвісу «Е-дастаўка», а таксама, паводле некаторых звестак, да базаў дастаўкі «Гіпа». Справа ў тым, што ініцыятыва «INeedHelpBy», што дапамагае беларусам, падтырмлівала больш чым 16 тысячам сем’яў, якія пацярпелі падчас пратэстаў і далейшых рэпрэсіяў, прадуктамі праз «Е-дастаўку».

Каментар
Чаму КДБ зладзіла рэйды менавіта цяпер – рыхтуюцца да чагосьці кепскага? Разважае Алег Кулеша
2024.01.23 23:01

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў