«ByPol» піша, што Лукашэнка сур’ёзна рыхтуе беларусаў да ўступлення ў вайну. Між тым, і ў Беларусі, і ва Украіне шмат хто сумняецца, што Лукашэнка аддасць такі загад. Пабачым, якія аргументы «за» і «супраць».
Ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў «ByPol» 4 ліпеня прааналізавала заявы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што Збройныя сілы Украіны нібыта наносілі ўдары па вайсковых аб’ектах у Беларусі, але беларускія войскі нібы адбілі атаку, перахапіўшы ракеты. «ByPol» давёў, што такога быць не магло: беларусы пачулі б выбухі і пабачылі б аскепкі ракетаў.
5 ліпеня «ByPol» працягнуў аналіз гэтых заяваў і прыйшоў да высновы: «Не застаецца сумневаў у тым, што Лукашэнка рыхтуе насельніцтва і вайскоўцаў да выканання свайго загаду аб уступленні ў вайну».
Напрыклад, кіраўнік Офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ермак у канцы чэрвеня казаў, што «імавернасць маштабнага ўдзелу ў вайне беларускага войска не вельмі высокая менавіта праз настроі народу Беларусі».
Ягоны дарадца Аляксей Арэстовіч на пачатку ліпеня заяўляў, што ўварванне Беларусі ва Украіну – «страшныя казкі» і «адзін з самых папсовых мэмаў гэтай вайны». Маўляў, будзе пагроза – ён стане «крайне ўзмоцнена падміргваць».
Міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба разважаў: рызыка будзе расці прапарцыйна магчымым поспехам расейскага войска, але пакуль «беларуская армія ясна разумее, што ЗСУ здольныя ім сур’ёзна наваляць».
Беларускі вайсковы эксперт Ягор Лебядок нядаўна казаў украінскім медыям, што карціна свету беларускага кіраўніцтва прадугледжвае, што гэта Украіна нападзе на Беларусь, а адзіны варыянт, калі Узброеныя сілы Беларусі самастойна будуць наступаць ва Украіну, гэта выведная і дыверсійная дзейнасць, нейкія аперацыі ССА. Іншыя варыянты – хіба калі расейскія войскі зноў пойдуць на Кіеў або знішчаць столькі ўкраінскіх войскаў на поўдні Украіны, што поўнач пакінуць без абароны.
Генштаб ЗСУ пакуль піша пра Беларусь толькі, што «захоўваецца пагроза ракетных і авіяцыйных удараў з тэрыторыі і паветранай прасторы Беларусі». Таксама адзначаюць, што «падраздзяленні Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь працягваюць фартыфікацыйнае абсталяванне абарончых пазіцыяў у памежных раёнах» і што «асноўныя намаганні падраздзяленняў засяроджваюцца на вядзенні выведкі ды інжынерным абсталяванні пазіцыяў».
Але падобна, звесткі Генштабу ЗСУ адносна Беларусі не заўсёды дакладныя: напрыклад, там заяўлялі, што беларускім медыкам нібыта паведамілі пра забарону выезду за мяжу. Апытаныя «Белсатам» медыкі пра такую забарону не чулі, хіба чулі пра адмову выдаваць вучэбныя планы, што ўскладняе працаўладкаванне за мяжой.
«Белсат» папрасіў прадстаўнікоў «ByPol» дэталёва абгрунтаваць упэўненасць у падрыхтоўцы беларусаў да нападу на Украіну.
Там распавялі, што першай прычынаю лічаць стан эканомікі Беларусі, які «моцна адрозніваецца ад таго, які быў на пачатку вайны». «З улікам таго, што ўсе намаганні «крэпкіх хазяйствіннікав» не прыносяць аніякіх поспехаў, дыктатар моцна, як ніколі, адчувае сваю залежнасць ад Крамля», – адзначылі ў «ByPol».
«Па-другое, Лукашэнка ўжо дэ-факта адхілены ад кіравання Узброенымі сіламі і кантролю за тэрыторыяй і паветранай прасторай Беларусі, і патрэбны Пуціну толькі на тое, каб агучыць ягоны загад у неабходны момант», – пералічваюць свае аргументы прадстаўнікі аб’яднання.
Між тым, яны ўдакладняюць, што гаворка не ідзе пра тое, што загад уступіць ў вайну прагучыць проста зараз. «Пуцін і Лукашэнка добра ведаюць цяперашнія настроі беларусаў. Таму, як мы і пісалі на працягу апошніх двух месяцаў, узмоцненая праца дзеля прапагандысцкага апрацоўвання насельніцтва і вайскоўцаў з адзінай мэтай: рыхтаваць беларусаў да вайны», – упэўнены ў «ByPol».
«ByPol» таксама адзначае, што беларуская прапаганда так урабляе «глебу да ўварвання», што можна ўжо «чакаць нечага больш сурʼёзнага».
«На жаль, але ж верагодна, гэта будуць рэальныя выбухі, – мяркуе «ByPol». – Калі гэта здарыцца? Калі Лукашэнка і Пуцін палічаць, што грамадства ўжо саспела».
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларуска-расейскія вучэнні. Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram
Гаворка не ідзе пра тое, што беларуская армія такая боездольная, што зменіць ход вайны. «ByPol» тлумачыць, што цяпер у вайне ва Украіне «хісткая сітуацыя»: з аднаго боку – расейскія войскі не прасоўваюцца далей, з другога – расейцы маюць істотную колькасную перавагу над украінскім войскам. Калі ўкраінцы будуць вымушаныя адвесці частку войскаў на іншы кірунак, расейцы змогуць прарваць абарону Украіны на Данбасе.«Пахіснуць шалі» ў бок Расеі можа, у прыватнасці, аперацыя ССА Беларусі на Львоўшчыне, мяркуе «ByPol». Хоць адносна байцоў ССА Беларусі «няма сумневаў у тым, што з часам яны будуць цалкам знішчаныя», іхная аперацыя не толькі адцягне частку ўкраінскіх сілаў з іншых кірункаў, але і парушыць забеспячэнне ЗСУ зброяй і боепрыпасамі .
Яшчэ адзін аргумент, на думку «ByPol», гэта разважанні Пуціна наконт таго, што пры ўступленні ў вайну Лукашэнкі супраць Украіны (а не заходніх краінаў) NATO не распачне ўзброеных дзеянняў супраць Беларусі і Расеі.
Вайсковы эксперт Аляксандр Алесін не верыць, што Лукашэнка сапраўды рыхтуе беларусаў да нападу на Украіну.
Ён прапаноўвае, па-першае, паглядзець на асобу Лукашэнкі: «Мы ведаем, што ён чалавек хітры, прагматычны, і калі нешта робіць, то спрабуе здабыць максімальную карысць для сябе».
Ад загаду напасці на Украіну Лукашэнка не атрымае карысці, упэўнены Алесін: украінская армія мае баявы досвед і добра ўзброеная, мясцовасць на мяжы збольшага не прыдатная для масавага наступу без вялікіх стратаў. Вялікія страты дадуць напружанасць у грамадства, якое не такое ўжо «згуртаванае, стабільнае і заціхлае».
«Многія цярпяць Лукашэнку толькі таму, што ён не пачынае вайну, – адзначае Алесін. – Я думаю, Лукашэнка цудоўна асэнсоўвае ўсе гэтыя абставіны, што ніякіх дывідэндаў ён не трымае. Яму што, патрэбная тэрыторыя? Усе эканамічныя перавагі ад Расеі ён ужо атрымаў».
Пуцін жа будзе «цаніць і берагчы» Лукашэнку, лічыць эксперт, і не стане змушаць яго «ісці на штыкі»: Лукашэнка карысны Пуціну там, дзе ён цяпер, бо захоўвае прарасейскі рэжым. На думку Алесіна, Расея сур’ёзна зацікаўленая ў тым, каб Лукашэнка яе «прыкрываў» ад Польшчы і краінаў Балтыі, – менавіта таму Пуцін перадае Лукашэнку ракеты і абяцае пераабсталяваць самалёты пад ядравую зброю.
Алесін звяртае ўвагу на тое, што беларуская армія не разгорнутая да штатаў ваеннага часу. Тады як армія, калі збіраецца ваяваць, мабілізуецца, прызывае рэзерв, здымае тэхніку з захавання, стварае ўдарныя групоўкі, назапашвае паліва і снарады. Перманентныя вучэнні і «гон танкаў туды-сюды», на думку эксперта, гэта адцягванне ўкраінскіх сілаў з Данбасу, «нерваванне» Украіны, каб яна трымала каля Беларусі вялікія сілы. Красамоўным фактарам Алесін таксама лічыць тое, што Беларусь не адказала Украіне боем на заяўленыя Лукашэнкам «ракетныя ўдары».
Не можа здарыцца і так, што Крэмль заменіць незгаворлівага Лукашэнку на некага памяркоўнага, мяркуе Алесін. «Лукашэнка ж не давярае нікому, усе ўзброеныя фармаванні (войска, МУС, КДБ, «губернатары» з магчымасцю склікаць «тэрытарыяльную абарону»…) зрабіў канкурэнтамі і супернікамі адно аднаму. Малаімаверны варыянт, што Расея заменіць Лукашэнку, пакуль той трымае ў руках КДБ і МУС», – падсумоўвае эксперт.
Алесь Наваборскі belsat.eu