Пазнаеш ці не? «Amazon» паказаў першыя постары з героямі серыялу паводле «Уладара пярсцёнкаў»


Тысячы фанатаў па ўсім свеце спрабуюць адгадаць, хто з герояў толкінаўскага эпасу на фота, якія апублікавала кампанія «Amazon Studios». Amazon» раней набыла правы на тэлевізійнае ўвасабленне сусвету «Уладара пярсцёнкаў» і цяпер здымае серыял, першая серыя якога будзе паказаная ў верасні 2022 года.

Серыял называецца «Уладар пярсцёнкаў: Пярсцёнкі ўлады» і будзе апавядаць, што адбылося за некалькі тысяч гадоў да падзеяў арыгінальнай трылогіі і аповесці «Хобіт».

Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, аповед будзе пра тое, як былы анёл, які прыняў імя Саўрон, стварае пярсцёнкі ўлады, якімі ён спакушае вольныя народы, у тым ліку самае вялікае каралеўства людзей – Нумэнор. Падзенне Нумэнору прыводзіць да стварэння новых каралеўстваў людзей і звязу людзей, эльфаў і гномаў супраць Саўрона.

Пра гэты перыяд гісторыі Міжземʼя Джон Роналд Руэл Толкін пісаў сцісла і хутчэй у жанры гістарычнага летапісу, чым раману. Адпаведна, чакаецца, што ў серыяле будзе шмат не толькі тых герояў, якія згадваюцца Толкінам: каралёў, каралеў, чараўнікоў і военачальнікаў, але і шмат арыгінальных персанажаў.

Хто ж з названых Толкінам ці наваствораных герояў бачны на апублікаваных учора фота? Людзі спрабуюць адгадаць, звяртаючы ўвагу на адзежу, надпісы, сімвалы і нават колер скуры.

Туніка з сімвалам 8-канцовай зоркі можа належаць эльфу з роду Фэанора – найвялікшага эльфійскага майстра. Гэта можа быць нават сам Келебрымбар, стваральнік трох магутных эльфійскіх пярсцёнкаў.

Нехта з уплывовых людзей ці эльфаў.

Рудая барада, вялікі молат, руны, пальцы ў залатым пыле – імаверна, гэта нехта з каралёў гномаў.

Бачная барада, яблык нагадвае пра блізкасць да прыроды, вопратка вельмі падобная на нешта, што мы бачылі ў чараўніка Радагаста ў «Хобіце».

Магчыма, яшчэ хтосьці з чараўнікоў.

Чорны колер і гіпертрафавана вострыя элементы даспеху прымушаюць думаць пра тое, што гэта або сам Саўрон, або кароль-назгул – галоўны з тых людзей, якія паддаліся спакусе ўлады і сталі нявольнікамі Саўрона.

Магчыма, яшчэ адзін будучы назгул.

Светлыя даспехі і сімвал Сонца – гэта можа быць Анарыён, першы кароль новага каралеўства ўцекачоў з Нумэнору. Ягонае імя азначае Сын Сонца.

Невядомыя сімвалы і цёмная скура могуць сведчыць, што перад намі адзін з людзей з паўднёвага каралеўства Харад.

Даспехі і зброя вельмі добрай працы, але рука, відавочна, жаночая. У гэты час вядомая толькі адна жанчына, якая выходзіла сама біцца на полі бою – эльфійская прынцэса Галадрыель.

Скураныя даспехі і багаты меч, упрыгожаны фігурай у выглядзе галавы каня. Гэта можа быць першы кароль Рохана – Эорл Малады.

Багаты і ўплывовы чалавек – купец ці дыпламат?

Колькасць золата адначасова з моцнымі рукамі ваяра адразу выклікаюць думку, што гэта апошні кароль Нумэнора – Ар-Фаразон, які паддаўся на спакушэнні Саўрона. Ягонае імя азначала Залаты.

Але ёсць і фота герояў, пра якіх мы амаль нічога не можам сказаць. Можа, у вас будуць свае версіі?

АБ belsat.eu

Стужка навінаў