«Енергоатом»: расейцы перайшлі да сцэнара ядравай аварыі на Запарожскай АЭС


Украінскае прадпрыемства «Енергоатом» паведамляе, што расейскія вайскоўцы абстрэльваюць Запарожскую АЭС, каб знішчыць яе інфраструктуру ды адлучыць ад энергасістэмы Украіны.

«Акты ядравага тэрарызму на Запарожскай АЭС – яе артылерыйскія абстрэлы – пераследуюць мэту разбурэння інфраструктуры станцыі, пашкоджанні ўсіх электралініяў, праз якія выдаецца электраэнергія ў энергасістэму Украіны, адлучаецца электрычнасць на поўдні краіны», – заявіла ўкраінскае прадпрыемства.

«Енергоатом» сцвярджае, што расейцы перайшлі да «сцэнара разбурэнняў, стварэння ядравай і радыяцыйнай аварыі на ЗАЭС, таму абстрэлы станцыі, з высокай верагоднасцю, працягнуцца».

Украінскі бок заклікае ААН, МАгАтЭ ды іншыя міжнародныя арганізацыі дамагчыся вываду расейскіх вайскоўцаў з ЗАЭС.

«Сітуацыю значна ўскладняе размяшчэнне захопнікамі сваёй вайсковай тэхнікі са зброяй і выбухоўкай у машынных залах энергаблокаў № 1 і № 2, што ёсць фактычным мініраваннем энергаблокаў з двума ядравымі рэактарамі найбуйнейшай у Еўропе атамнай электрастанцыі. І гэта ў дадатак да мініравання берагавой лініі ЗАЭС па лініі ахаладжальных басейнаў і найбліжэйшага берага Кахоўскага вадасховішча.

Неўзабаве ўсё гэта можа прывесці да ядравай і радыяцыйнай катастрофы, наступствы якой адчуе не толькі Украіна, але і ўся Еўропа», – дадалі ў прадпрыемстве.

Украінскія ўлады заяўляюць, што расейскія вайскоўцы неаднаразова абстрэльвалі ЗАЭС. Кіраўнік Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк адзначыў, што падчас абстрэлаў 5 жніўня Запарожская АЭС «цудам не ўзляцела ў паветра». Ён абвінаваціў Расею ў правакацыях і заклікаў міжнародныя арганізацыі дабіцца, каб АЭС перадалі пад кантроль спецыяльнай камісіі. Мэр Энэргадару Дмытро Арлоў паведаміў, што ў горадзе праз абстрэлы АЭС пачалася паніка.

Кіраўнік МАгАтЭ Рафаэль Гросі заявіў, што захопленая расейскімі вайскоўцамі АЭС «цалкам выйшла з-пад кантролю», на станцыі «парушаныя ўсе прынцыпы ядравай бяспекі».

Аналітыкі Інстытуту вывучэння вайны (ISW) лічаць, што расейскія войскі выкарыстоўваюць Запарожскую атамную электрастанцыю, каб узмацніць страх ядравай катастрофы і знізіць жаданне Захаду падтрымліваць Украіну.

Улады Расеі ў сваю чаргу вінавацяць у абстрэлах атамнай станцыі ўкраінскую армію.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў