Што агульнага ў Беларусі і Кітаю і ці можна назваць Паднябесную сябрам Беларусі? Досвед беларусаў з Кітаю


Беларусы Раман Гладкіх, які пераехаў у Кітай у 2020 годзе, і Ганна Гурына, якая жыве ў Кітаі больш за 5 гадоў, дзеляцца з «Белсатам» сваймі назіраннямі аб Паднябеснай.

Што адбываецца ў Кітаі з інтэрнэтам і сацыяльнымі сеткамі?

Раман: тут ёсць свая «Вялікая кітайская інтэрнэт-сцяна», якая не дае карыстацца большасцю заходніх ўэб-сэрвісаў. Пры гэтым расейскімі сэрвісамі можна карыстацца, большасць з іх не заблакаваныя, напрыклад, ВК, Google, YouTube, Instagram, Telegram – усё гэта заблакаванае. Людзі карыстаюцца VPN, але VPN часта спрабуюць блакаваць. Пры гэтым актыўнай вайны з заходнімі рэсурсамі я таксама не назіраю. Але ў Кітаі на любы сэрвіс ёсць свая папулярная замена.

Ганна: У Кітаі грамадства апалітычнае. Кітайцы ў большасці сваёй не цікавяцца палітыкай, і гэтая тэма табуяваная. Мне здаецца, у Кітаі да гэтага часу ёсць вялікі страх пасля падзеяў на плошчы Т’янь-Ань-Мэнь. Тады ў 1989 годзе быў вельмі жорсткі разгон дэманстрацыі студэнтаў, літаральна танкі ехалі па людзях. Гэтая інфармацыя забароненая ў Кітаі, але я лічу, што кітайцы ўсё ж пра гэта ведаюць. І мне здаецца, што гэты страх да гэтага часу жыве ў людзях – страх гаварыць аб палітыцы. Так сама ва ўсіх дзяржаўных кампаніях у Кітаі ёсць пасада ідэолага, як і ў нас.

Рабочыя мыюць плошчу Т’янь-Ань-Мэнь, 21 лютага 2001 г.
Фота: Andrew Wong / Reuters / Forum

Ці падобны Кітай да СССР?

Раман: Мне здаецца, паралель з Савецкім Саюзам можна правесці. Вельмі падобна грамадства фармавалася пасля Маў Цзэ Дун – як пасля Сталіна. Вельмі падобная палітыка. Але дзяржава дала ім магчымасць зарабляць грошы.

Ганна: У Кітаі людзі ведаюць, што ім можна, а што ім нельга казаць. Але яны агулам і не супраць. Тут інфраструктура развітая, усе ёсць, інтэрнэт-сэрвісы ёсць. То бок у людзей няма падставы скардзіцца. У іх усё добра, ім няма чаго казаць нешта непажаданае.

Як кітайцы ставяцца да Расеі?

Раман: Вельмі няпроста сказаць, што яны насамрэч думаюць, каго яны лічаць сябрам, каго ворагам. Ёсць вельмі ўдалая фраза, якая добра апісвае Кітай з пункту гледжання палітыкі: У Кітаю няма сяброў, у Кітаю ёсць партнёры. Таму, магчыма, Расея – стратэгічны партнёр, бо Расея дае шмат ільготаў Кітаю, дае мноства магчымасцяў, Кітаю выгадна супрацоўнічаць з Расеяй. ЗША яны ўспрымаюць не як ворага, а як апанента. Тут няма ў Кітаі такога культу, што ЗША – гэта наш вораг, як гэта ёсць у Расеі.

Ганна: Я б сказала, што старэйшае пакаленне любіць Пуціна і Расею. Ёсць тыя, хто вучыць расейскую мову, глядзіць балет. Ёсць вось такая любоў да расейскай культуры. Пуцін як лідар ім падабаецца, бо можа супрацьстаяць Амерыцы.

Як у Кітаі ставяцца да вайны ва Украіне?

Раман: Тое, што кажуць у СМІ, гэтая пазіцыя блізкая да той, што ў Расеі – гэта вызваленчая аперацыя, украінцы самі вінаватыя і ўсё астатняе.

Ганна: Паводле расказаў маіх знаёмых з Кітаю, цяпер кітайскае грамадства падзялілася 50 на 50. 50 % падтрымліваюць Расею, 50 % падтрымліваюць Украіну.

Ці прадаюцца ў кітайскіх супермаркетах беларускія тавары?

Раман: Я сустракаў неяк расейскія цукеркі, а беларускіх тавараў не сустракаў нідзе. Калі ў кітайцаў будзе вострая неабходнасць нешта купіць, яны, хутчэй за ўсё, купяць гэта з Расеі, а не з Беларусі. Я б наогул не сказаў бы, што ў іх ёсць залежнасць ад імпартных тавараў. Калі ты зойдзеш у супермаркет, ты ўбачыш, што на паліцах усё кітайскае. У іх вельмі моцна развітая свая кухня, а для сваіх страў яны выкарыстоўваюць свае харчы.

Сі Цзінь Пін і Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання індустрыяльнага парку «Вялікі камень», 12 траўня 2015 г.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

А што наогул кітайцы ведаюць пра Беларусь?

Раман: Большасць не ведае, што такое Беларусь. Многія, хутчэй за ўсё, пачулі пра Беларусь 2 гады таму (падчас пратэстаў) і зноў пачулі пра Беларусь цяпер (у сувязі з вайной). І яны ўжо ведаюць, што такая краіна існуе. У кітайскай мове Беларусь перакладаецца як Белая Расея. Гэта, вядома, дрэнна, але так перакладаюць. І таму калі я кажу, што я з Беларусі, яны такія: «А, з Расеі, зразумела».

А ці ёсць нешта агульнае ў нашых народаў, у менталітэце людзей?

Ганна: Мы дзелім агульны савецкі бэкграўнд, і мы выйшлі з камунізму. Іх бацькі і мае бацькі жылі прыкладна ў аднолькавых умовах, таму мне яны як нацыя зразумелыя. Мне здаецца, мы падзяляем нешта агульнае ў менталітэце. Мы – беларусы – працавітыя, і кітайцы таксама такія працавітыя, гатовыя патрываць дзеля нейкай ідэі, светлай будучыні.

А з кім беларусам прасцей знайсці агульную мову? З еўрапейцамі або з кітайцамі?

Раман: Вядома, з еўрапейцамі, бо мы людзі еўрапейскага складу розуму. Я б сказаў, што беларусам прасцей знайсці супольную мову з кітайцамі, чым расейцам. Беларусы не навязваюць свайго пункту гледжання, і яны добра размаўляюць з іншымі людзьмі. Таму кітайцы бачаць у нас прыязных і прыемных людзей. Але агулам беларусам бліжэйшы еўрапейскі шлях, еўрапейскі менталітэт. Бо мы ўсё-такі еўрапейская краіна.

Hавiны
Гэта ўжо дэфолт? Расея не здолела расплаціцца па еўрабондах
2022.04.06 15:42

АМ belsat.eu

Стужка навінаў