«Кітай не гарантуе Расеі і Беларусі ні эканамічнай дапамогі, ні бяспекі». Ці дапаможа Пекін абысці заходнія санкцыі?


Заходнія санкцыі не страшныя, бо Кітай здольны замясціць Беларусі і заходнія тавары, і заходнія рынкі. А замест долараў ашчаджэнні варта трымаць у кітайскай валюце. Так кажуць улады Беларусі. Што насамрэч хаваецца за гучнымі заявамі аб беларуска-кітайскім партнёрстве? Пра перспектывы эканамічнай і палітычнай супрацы з Пекінам размаўляем з палітолагам Андрэем Казакевічам.

– Лічыцца, што Лукашэнку і Сі Цзінь Піна звязваюць асаблівыя дачыненні. Як вы лічыце, ці так гэта?

– Не. Уладам Беларусі заўсёды хацелася неяк уявіць, што ў іх асаблівыя дачыненні з Кітаем, для таго, каб калі не мець, то хаця б стварыць такое ўяўленне пра тое, што ёсць дадатковы пункт апоры ў беларускай замежнай палітыцы. Прынамсі, калі мы зірнем на лічбы, на ўзровень узаемадзеяння паміж дзвюма краінамі, мы не знойдзем нічога асаблівага, што б вылучала Беларусь з вялікага кола іншых краінаў. Беларусь не мае ніякіх прэферэнцыяў, гэта не самы важны для Кітаю рэгіён.

– Дзеля чаго наогул Беларусь патрэбная Кітаю?

– Беларусь патрэбная Кітаю толькі як частка аднаго шляху, як частка лагістыкі, якая б забяспечвала сувязь паміж Азіяй і Еўропай. Існуе вялікая праграма Кітаю, якая павінна пабудаваць каналы камунікацыяў па ўсёй Еўразіі. І частка гэтых патокаў праходзіць праз Усходнюю Еўропу і Беларусь. Таму лагістыка – асноўнае, што цікавіць Кітай. Таксама была цікавасць Кітаю да супрацы з Беларуссю ў галіне ўзбраення. Найперш, цягачоў. Застаюцца некаторыя сферы, якія цікавяць Кітай з тэхналагічнага пункту гледжання. Кітаю могуць быць цікавыя асобныя праекты, у прыватнасці, у індустрыяльным парку «Вялікі камень».

Сі Цзінь Пін і Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання індустрыяльнага парку «Вялікі камень», 12 траўня 2015 г.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

– А дзеля чаго Беларусі патрэбны Кітай?

– У эканамічным плане Кітай для Беларусі, для уладаў, важны як рынак збыту прадукцыі, які расце. У прыватнасці, сельгаспрадукцыі. Так ці інакш, рынак расце, ёсць вялікія магчымасці для беларускай прадукцыі. Пакуль асаблівых поспехаў тут няма. Нельга казаць, што аб’ёмы вельмі вялікія. Гэтак жа для Беларусі Кітай будзе важнай крыніцай тэхналогіяў, асабліва ва ўмовах санкцыяў з боку Захаду. Кітай можа разглядацца як крыніца дадатковых фінансавых сродкаў. Кітай застаецца адной з крыніц крэдытаў. Ну, і імпарт. Асабліва ва ўмовах пагаршэння дачыненняў з Захадам, рознага роду санкцыяў. Значэнне Кітаю можа вырасці як пастаўляльніка рознай прадукцыі, у прыватнасці, тэхнікі, машынабудавання.

– Беларусь лічыць сябе важным пунктам на «Шаўковым шляху» Кітаю ў Еўропу. Ці так гэта?

– Беларусь лічыць. Яна спрабуе прадаць сябе як важны пункт. Калі паглядзець на тыя схемы, якія малююцца ў самім Кітаі, то Беларусь – адна галінка. Стратэгія Кітаю ў гэтым праекце палягае на тым, каб максімальна дыверсіфікаваць шляхі паставак. Кітай зацікаўлены ў тым, каб не прывязвацца да адной краіны ці аднаго маршруту, а максімальна дыверсіфікаваць магчымыя гандлёвыя шляхі.

– Ці могуць Беларусь і Расея цяпер сапраўды разлічваць на падтрыманне Кітаю?

– Аўтаматычна – не, калі мы гаворым пра тое, што саюзніцкія дачыненні – гэта такія дачыненні, пры якіх адна краіна можа безумоўна разлічваць на падтрыманне іншай. Напрыклад, як у NATO. Калі атакуюць адну краіну NATO, значыць, абараняць будуць усе краіны NATO. Кітай не саюзнік такога ўзроўню ні для Расеі, ні для Беларусі. Бо Кітай не гарантуе бяспекі ні Расеі, ні Беларусі, і не гарантуе эканамічнай дапамогі ні Беларусі, ні Расеі. Такога роду дапамога можа быць вынікам толькі дадатковых пагадненняў, дадатковых перамоваў.

У індустрыяльным парку «Вялікі камень». Менская вобласць, Беларусь. 12 траўня 2015 г.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

– Якія сэнс і мэта вялікага развароту на ўсход?

– Як і ў расейскім, так і ў беларускім выпадку сэнс развароту на ўсход у тым, каб знайсці альтэрнатыву супрацы з Захадам, са Злучанымі Штатамі перш за ўсё. Выключна ў гэтым. І сам гэты трэнд заўсёды агучваецца расейскімі ўладамі, калі наступаюць складаныя стасункі з Захадам. І для Беларусі абсалютна такая ж траекторыя. Насамрэч дастаткова доўга дыскутуецца пытанне аб тым, што неабходна шукаць новыя пункты апоры ў краінах так званай далёкай дугі. Сутнасць заўсёды была такая: знайсці нейкую альтэрнатыву Еўропе і Злучаным Штатам.

– Прапагандысты хваляць сістэму сацыяльнага рэйтынгу ў Кітаі. Ці можам мы яе пераняць?

– Яна ім падабаецца, бо гэта рэпрэсіўная сістэма, яна дазваляе ўвесці больш жорсткі кантроль над грамадствам. Я думаю, што для Беларусі гэты досвед наўрад ці будзе добры, сістэма будзе абмяжоўваць правы большасці беларусаў. Але, вядома, для тых, хто ва ўладзе, такая сістэма можа быць цікавая. Але яе ўкараненне сутыкнецца з шмат якімі праблемамі. Па-першае, з супрацівам многіх людзей, негатыўнай рэакцыяй. І па-другое, у Беларусі насельніцтва значна больш рухомае. Калі ўжываць да ўсіх грамадзянаў рэпрэсіўную сістэму, то можна проста выклікаць далейшы адток кадраў з Беларусі, у заходнім або ва ўсходнім кірунку.

Аналітыка
Эканаміст: Няма падставаў лічыць, што беларускі і расейскі рубель стабільныя
2022.04.06 12:13

АМ belsat.eu

Стужка навінаў