Пуцін падпісаў законы аб далучэнні чатырох украінскіх рэгіёнаў да Расеі. Змены ўнясуць у Канстытуцыю


Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісаў законы, якія ратыфікуюць дагаворы аб прыняцці ў склад Расеі тэрыторый самаабвешчаных ДНР і ЛНР, а таксама акупаваных Херсонскай і Запарожскай абласцей.

Пасля падпісання гэтых законаў Пуціным змены будуць унесены ў першую частку артыкула 65 Канстытуцыі, дзе пералічваюцца расейскія рэгіёны – туды ў якасці новых суб’ектаў РФ упішуць Херсонскую і Запарожскую вобласці, а таксама «ЛНР» і «ДНР».

Таксама Пуцін прызначыў часова выконваючых абавязкі кіраўнікоў новых субʼектаў Расеі. Імі сталі кіраўнікі адміністрацый, якія кіравалі рэгіёнамі да ўваходжання ў склад РФ. У «ДНР» гэта Дзяніс Пушылін, «ЛНР» – Леанід Пасечнік, у Запарожскай вобласці – Яўген Баліцкі і ў Херсонскай вобласці – Уладзімір Сальда.

Пуцін, Пушылін, Пасечнік, Баліцкі і Сальда. Скрыншот з трансляцыі

Савет Федэрацыі ратыфікаваў дагаворы 4 кастрычніка, а таксама аднагалосна прагаласаваў за канстытуцыйныя законы аб далучэнні акупаваных украінскіх тэрыторый. 3 кастрычніка працэдуру анексіі чатырох часткова акупаваных абласцей Украіны адобрылі дэпутаты Дзярждумы, 2 кастрычніка гэта на экстраным пасяджэнні зрабіў Канстытуцыйны суд Расеі.

У адказ на гэта прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі звярнуўся да міжнароднага і ўкраінскага заканадаўства і нагадаў, што тэрыторыя Украіны зʼяўляецца цэласнай і недатыкальнай у межах яе міжнародна прызнанай дзяржаўнай мяжы, а суверэнітэт Украіны распаўсюджваецца на ўсю яе тэрыторыю. На падставе гэтага прэзідэнт Украіны пастанавіў, што ўказы прэзідэнта Расеі аб прызнанні «незалежнымі» тэрыторыяў Украіны страцілі сваю юрыдычную сілу.

Hавiны
Зяленскі прызнаў несапраўднымі законы Пуціна аб «незалежнасці» акупаваных тэрыторыяў
2022.10.04 22:04

Нагадаем, на акупаваных тэрыторыях Украіны ў «ЛНР», «ДНР», Запарожскай і Херсонскай вобласцях 23–27 верасня прайшлі «рэферэндумы» за ўваходжанне ў склад Расеі.

Украіна і міжнародная супольнасць загадзя заявілі, што не прызнаюць вынікаў гэтага галасавання і яны не будуць мець ніякай юрыдычнай сілы з пункту гледжання міжнароднага права. Вялікая Брытанія ўжо ўвяла санкцыі ў сувязі з «рэферэндумамі». Ужыць абмежаванні хочуць Канада і Еўразвяз. Грузія, Казахстан, Турцыя і Сербія таксама асудзілі правядзенне псеўдарэферэндумаў. У Беларусі пакуль з пазіцыяй не вызначыліся. Падтрымала вынікі «рэферэндумаў» на акупаваных тэрыторыях Украіны толькі Паўночная Карэя.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў