Беларусы глядзяць на будучыню эканомікі з аптымізмам, чаго не скажаш пра ўлады


Беларусы сталі з большым аптымізмам глядзець на становішча ў эканоміцы краіны, але менш зберагаюць грошы і масава ўкладаюць іх у нерухомасць. Пры гэтым беларуская эканоміка ўперлася ў столю і ўступіла ў жорсткі канфлікт з намерамі ўладаў. Пра гэта сведчаць дадзеныя новай хвалі маніторынгу, які правёў BEROC у лютым 2024 года. Прыводзім самае цікавае.

пакупнік у краме
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аляксандр Побат / 1prof.by

Беларусы глядзяць у будучыню з аптымізмам

Згодна з вынікамі апытання жыхароў беларускіх гарадоў, толькі 26 % рэспандэнтаў лічаць, што стан эканомікі Беларусі «хутчэй дрэнны». Для параўнання год таму, у сакавіку 2023 года, такіх рэспандэнтаў было 39 %, а ў канцы 2021 года – 57 %.

Каля 52 % рэспандэнтаў ацэньваюць стан эканомікі як палепшаны, або нейтральны. Пры гэтым матэрыяльнае становішча сваёй сям’і беларусы па-ранейшаму ацэньваюць крыху лепш. Аб дрэнным матэрыяльным становішчы ў лютым заявілі 17 % рэспандэнтаў.

У беларусаў стала больш аптымізму адносна будучыні. Каля 25 % апытаных разлічваюць на паляпшэнне эканамічнай сітуацыі ў краіне. 31 % рэспандэнтаў заявілі, што чакаюць паляпшэння матэрыяльнага становішча сваёй сямʼі ў найбліжэйшы год. 36 % мяркуюць, што яно не зменіцца.

32 % рэспандэнтаў паведамілі, што ў іх скараціліся даходы, што адпавядае ўзроўню мінулага года.  Асноўнымі прычынамі зніжэння даходаў рэспандэнты назвалі рост коштаў, а на другое месца выйшла зніжэнне колькасці заказаў, кліентаў.

«Доля людзей, у якіх скарачаецца даход, знізілася да 23 %. Сярод іх вялікая колькасць дарослых людзей ад 55 да 64 гадоў, жыхароў Менску. Таксама супрацоўнікі сферы IT паведамляюць аб зніжэнні даходу. Стала больш людзей з асяроддзя самазанятых, прадпрымальнікаў, якія кажуць аб тым, што даход скараціўся», – патлумачыла аўтарка даследавання Віялета Панасевіч.

Рэагуючы на зніжэнне даходаў, беларусы сталі больш эканоміць на пакупках і пратэрмінаваных плацяжах. Пры гэтым вырасла доля тых, хто эканоміць на ежы, а таксама пачаў выдаткоўваць зберажэнні. Па словах даследчыцы, нежаданне зберагаць грошы ў цэлым стала характэрным для паводзін беларусаў, незалежна ад іх узроўню даходаў.

Беларусы працягваюць у цэлым падтрымліваць рэгуляванне коштаў – 61 % рэспандэнтаў заявіў, што рэгуляванне зʼяўляецца дакладна правільным ці хутчэй правільным рашэннем. З большага гэта асобы, якія атрымліваюць інфармацыю з дзяржаўных СМІ. На пытанне, што рабіць з коштавым рэгуляваннем далей,  большасць выказалася за яго ўзмацненне ці пакіданне на тым жа ўзроўні. Толькі 8 % сказалі, што рэгуляванне трэба адмяніць. Пры гэтым парадаксальна тое, што беларусы цалкам ўсведамляюць негатыўныя наступствы коштавага рэгулявання. Яны асцерагаюцца, што стане менш тавараў, зменшыцца іх якасць, закрыюцца прадмпрыемствы і кампаніі, будзе далейшы рост коштаў.

Беларусы не хочуць зберагаць свае грошы. 41 % увогуле не ашчаджае, 30 % адзначылі, што зберагаюць менш, чым рабілі раней. На гэта ўплывае ў тым ліку цяперашні рост коштаў.

Як беларусы зберагаюць грошы? На першым месцы – набыццё валюты. На другім месцы – набыццё нерухомасці, што пацвярджае бум на гэтым сегменце рынку ў Беларусі. Затым ідуць банкаўскія дэпазіты ў беларускіх рублях і зберажэнні ў наяўных грошах.

Скрын з прэзентацыі даследавання «Даходы і спажывецкая ўпэўненасць хатніх гаспадарак у лютым 2024 года»

У набыцці нерухомасці беларусы бачаць перспектывы ў будучыні (рост коштаў), а таксама стабільнасць: яны лічаць, што гэта – крок да эканамічнай бяспекі і ўстойлівасці. Акрамя гэтага, такі спосаб зберагання грошай бачыцца беларусамі як адзін з галоўных з-за адсутнасці альтэрнатывы. І сапраўды, у беларусаў зараз з-за ўсіх абмежаванняў і санкцый няма асабліва варыянтаў.

Такія формы інвеставання, як накапляльнае страхаванне, крыптавалюты ці аперацыі на фондавых рынках не з’яўляюцца папулярнымі ў беларусаў.

Скрын з прэзентацыі даследавання «Даходы і спажывецкая ўпэўненасць хатніх гаспадарак у лютым 2024 года»

Эканоміка ўпёрлася ў столю

У чацвёртым квартале мінулага года вычарпаўся эканамічны рост, які адбываўся цягам 2023 года, адзначыў старшы навуковы супрацоўнік BEROC эканаміст Дзмітрый Крук. Эксперт канстатуе: эканоміка дасягнула столі і выйшла на плато.

Разам з гэтым з-за празмернага стымулявання эканомікі напрыканцы мінулага года ўзмацніліся дыспрапорцыі ў ёй. Адзін з ключавых фактараў, які абумоўлівае рызыкі на бліжэйшы час – гэта рывок ва ўнутраным попыце, перш за ўсё ў спажыванні беларусаў, які падаграецца неадэкватным ростам заробкаў.

Негатыўны ўплыў на эканоміку аказвае і няўстойлівасць на знешніх рынках: асеў фізічны аб’ём экспарту пасля яго аднаўлення з лета 2022 года. Гэта можа ўказваць на вычарпанне магчымасцей аднаўленчага росту экспарту.

«На мой погляд, гэты жорсткі канфлікт сітуацыі ў эканоміцы з намерамі эканамічных уладаў добра візуалізуецца вобразам чалавека, які ў буру спрабуе ісці наперад, а яго ветрам адкідвае назад. Гэта значыць, ва ўладаў ёсць жаданне рухацца наперад насуперак таму, што ўсё, што ёсць вакол, штурхае іх назад», – адзначыў Дзмітрый Крук.

У канцы 2022-га і пачатку 2023 года незалежныя эканамісты лічылі, што беларускаму ўраду не ўдасца выканаць планы, пастаўленыя на мінулы год. Але беларускі бізнэс прадэманстраваў небывалыя ўменні па адаптацыі да сітуацыі – і эканоміка  паказала рост. Гэтаму спрыяла шмат фактараў, у тым ліку аднаўленне паставак калійных угнаенняў і моцныя старанні чыноўнікаў. Аднак паўтарыць гэтую ж схему ў 2024 годзе не атрымаецца.

Дзмітрый Крук падкрэслівае, што цяпер сітуацыя кардынальна адрозніваецца: па сутнасці, эканоміка ўперлася ў столь і з боку вытворчасці, і з боку попыту. Патэнцыйны рост можа быць у сферы нафтапрадуктаў, а таксама ў галіне IT і транспарту. Па астатніх галінах эканаміст не бачыць нават гіпатэтычныя магчымасці для нарошчвання аб’ёмаў выпуску.

Гэтую думку пацвярджае і навуковы супрацоўнік BEROC эканаміст Анатоль Харытончык.

«Цяпер мы ў той кропцы, калі прасторы для аднаўленчага росту няма. Яна ўжо вычарпаная. Гэта і мае адзнакі, але і ў Нацбанку ёсць падобны графік, які паказвае прыкладна такую ж карціну: зараз эканоміка перагрэтая, і ўжо няма той прасторы для росту, якая была ў мінулым годзе», – рэзюмаваў Анатоль Харытончык.

Аналітыка
«Ад крызісу да крызісу». Чаму эканоміка Беларусі не абвалілася ў выніку вайны ва Украіне
2024.02.23 14:00

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў