Кіберпартызаны пацвердзілі ўзлом сайтаў БДУ, паказаўшы спампаваныя з базы дакументы


Беларускія кіберпартызаны раніцай 4 ліпеня паведамілі пра ўзлом усёй сеткі галоўнай ВНУ краіны – Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. Пасля гэтага адміністрацыя БДУ заявіла, што нічога ўзламана не было. Аднак беларускія хакеры пацвердзілі ўзлом і даслалі «Белсату» спампаваныя з базы дакументы, якіх няма ў адкрытым доступе.

Андрэй Кароль. Крыніца: ont.by

Кіберпартызаны даслалі «Белсату» некаторыя ўнутраныя дакументы БДУ, у тым ліку характарыстыку і разліковы ліст рэктара Андрэя Караля.

Так, заробак у рэктара БДУ, згодна з ягоным разліковым лістом за травень складаў 4596,89 рублёў за месяц: 3527,73 рублёў заробку ды плюс яшчэ аванс у 1069,16 рублёў.

Крыніца: Кіберпартызаны

Таксама падчас узлому кіберпартызаны знайшлі інфармацыю пра тое, што сайт БДУ ўжо ўзламывалі ў канцы сакавіка 2023 года, дадаючы, што гэта рабілі не яны.

Крыніца: Кіберпартызаны

Кіберпартызаны заявілі пра атаку на ўсе сайты БДУ. Акрамя таго, што 5 сайтаў універсітэту не працуюць, кіберпартызаны паведамілі, што атрымалі больш за 3 ТБ дадзеных, выдалілі базы супрацоўнікаў, студэнтаў, абітурыентаў і пачысцілі ўсю бухгалтэрыю, пошты і файлаабменнікі. Таксама, як заяўляецца, былі знішчаныя кантролеры дамену і зашыфраваныя рабочыя станцыі. Пацярпелі таксама бэкапы.

«Нашае пасланне для ўсіх арганізацый і структур Беларусі: дзейнічаеце як карнікі – значыць, атрымліваеце як карнікі. Тады вы становіцеся для нас цэллю як памагатыя дыктатуры і гвалту», – заявілі кіберпартызаны.

Пасля гэтага ў тэлеграм-канале БДУ было размешчана наступнае паведамленне: «Інфармацыя пра DDoS-атаку на БДУ, якая распаўсюджваецца ў інтэрнэце, недакладная. Ва ўніверсітэце адбыўся тэхнічны збой функцыянавання сістэмы апрацоўкі даных. Скрын і фота, якія распаўсюджваюцца, недакладныя, сфальсіфікаваныя, яны прайшлі апрацоўку ў графічных рэдактарах».

Нібыта цяпер IT-спецыялісты ўніверсітэту працуюць над ліквідацыяй «тэхнічнага збою».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў