У Гомельскім абласным судзе завершылася першае паседжанне ў новай крымінальнай справе супраць журналісткі Кацярыны Андрэевай. Пра гэта на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» паведаміў муж Кацярыны Ігар Ільяш.
«Пакуль няясна, калі можна чакаць выраку. Ніякіх акалічнасцяў судовага працэсу я, на жаль, не ведаю. Каця трымаецца добра, упэўнена. На здароўе не скардзіцца», – напісаў Ігар.
Суд працягнецца ў аўторак, 5 ліпеня.
Кацярыну Андрэеву разам з журналісткай Дар’яй Чульцовай затрымалі 15 лістапада 2020 года за стрым, падчас якога паказалі жорсткі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэнне сілавікамі народнага мемарыялу на плошчы Пераменаў.
Свой тэрмін Кацярына адбывала ў папраўчай калоніі № 4 у Гомлі, ён мусіў завяршыцца 5 верасня 2022 года. Але 10 лютага Кацярыну раптам этапавалі ў гомельскае СІЗА. Цягам 55 дзён сваякі не ведалі, у якім статусе яе трымаюць і ў межах якой справы.
7 красавіка сям’і палітзняволенай стала вядома, што Кацярыне выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве»). Паводле гэтага артыкулу ёй пагражае ад 7 да 15 гадоў зняволення.
Што канкрэтна інкрымінуецца журналістцы і на аснове якіх падзеяў узнікла абвінавачанне – невядома. На справу быў накладзены грыф сакрэтнасці. Адвакат Кацярыны застаецца пад строгай падпіскай аб неразгалошванні і ніякіх акалічнасцяў не можа распавесці нават сваякам.
Марыя Міхалевіч belsat.eu