Следчы камітэт Расеі абвінаваціў у тэрарызме адразу некалькіх украінскіх военачальнікаў. Ім выставілі абвінавачанні ў арганізацыі атак дронаў на аб’екты на тэрыторыі РФ.
Абвінавачанні «ва ўчыненні тэрарыстычных актаў на тэрыторыі Расеі» завочна выстаўленыя кіраўніку Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны Кірылу Буданаву, камандуючаму Паветранымі сіламі ЗСУ Мікалаю Алешчуку, камандуючаму Вайскова-марскімі сіламі ЗСУ Аляксею Неіжпапу, камандзіру 383-га асобнага палка дыстанцыйна кіраваных лятальных апаратаў ВПС Украіны Сяргею Бурдэнюку.
«Следствам сабраныя доказы, што менавіта пад іхным кіраўніцтвам з красавіка 2022 года да верасня 2023 года здзейснена больш як 100 удараў з паветра з ужываннем беспілотных лятальных апаратаў самалётнага тыпу па тэрыторыі Масквы і Маскоўскай вобласці, Крыму, гораду Севастопалю, Растоўскім, Белгарадскім, іншых рэгіёнаў Расеі», – заявілі ў СК РФ.
У бліжэйшы час іх плануюць абвесціць у вышук.
Пры гэтым, як піша Baza, былога дарадцы Офісу прэзідэнта Украіны Аляксея Арэстовіча ўжо абвесцілі ў вышук у Расеі. Артыкул, паводле якога шукаюць палітыка, не пазначаны. У сакавіку 2022 года крымінальную справу ў дачыненні Арэстовіча пачала Генпракуратура Беларусі за заклікі зладзіць «татальную рэйкавую вайну суперніку на акупаваных тэрыторыях», у тым ліку ў Беларусі.
Яшчэ раней Расея абвесціла ў вышук галоўнакамандуючага ЗСУ Валерыя Залужнага, начальніка Аб’яднанага аператыўнага штабу ЗСУ Сяргея Наева і камандуючага Сухапутнымі войскамі Аляксандра Сырскага.
Якуб Хруст belsat.eu