Новыя падаткі, камуналка, цэны і заробкі. Што чакае беларусаў у новым годзе


У Беларусі з Новага года чакаецца вялікая колькасць змен. У прыватнасці, уводзяцца новыя Падатковы і Працоўны кодэксы, змяняецца цэнаўтварэнне, павышаюцца цэны на камунальныя паслугі і гэтак далей. Прымаюцца і іншыя новаўвядзенні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Новае рэгуляванне цэнаў

З 1 студзеня ў рэгуляванні цэнаў уводзяцца штомесячныя межы змены адпускных цэнаў вытворцаў: не болей за 0,3% да папярэдняга месяца на спажывецкія тавары, якія рэгулююцца пастановай, і не болей за 3,5% да аналагічнага месяца мінулага года на гародніну баршчавога набору, агуркі, памідоры і яблыкі. Пры павышэнні адпускных цэнаў у названых межах не патрэбнае ўзгадненне з ўладамі.

Падаражэюць цыгарэты і камуналка

Тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі пераглядаюць у Беларусі двойчы ў год – з 1 студзеня і з 1 чэрвеня. Рост камуналкі цяпер прывязаны да базавай велічыні.

З 1 студзеня павялічваюцца стаўкі акцызаў на тытунёвыя вырабы. Падаражэнне складзе, у залежнасці ад маркі цыгарэтаў, ад 5 да 45 капеек.

Новыя падаткі

З 1 студзеня мае пачаць працаваць абноўлены Падатковы кодэкс. У прыватнасці, з’явіцца падатак на багацце. Тыя, што зарабляюць больш за Br 200 000 у год, будуць абавязаныя заплаціць падаходны падатак 25% супраць 13% у астатніх.

Таксама ўводзіцца падвышаная стаўка для ІП – 30%. Яна будзе дзейнічаць пры валавой выручцы больш за Br 500 000 у год, а ў наступным годзе прадпрымальнік павінен будзе трансфармаваць сваю дзейнасць у юрыдычную асобу.

Павысяцца і стаўкі транспартнага падатку. Напрыклад, за легкавое аўто з максімальнай дазволенай масай да 1,5 тоны фізічным асобам давядзецца заплаціць Br66 (цяпер Br 61). А вось стаўка на новыя аўтамабілі павышанай камфортнасці вырасце ў 10 разоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Прапануецца падняць стаўкі падаходнага падатку з фізічных асоб, якія здаюць жылыя і нежылыя памяшканні. Падвысяць таксама стаўку збору з аграсядзіб (з Br 37 да Br 40 у месяц) і штомесячны плацеж рамеснікаў (з Br 6 да Br 6,5).

Пры гэтым плануецца павялічыць памеры стандартных падатковых вылікаў на дзяцей і ўвесці падатковы вылік для маладых спецыялістаў. Выплачваць падатак на нерухомасць, транспартны і зямельны падаткі можна будзе адзіным маёмасным плацяжом.

Заробкі, сямейны капітал і штрафы вырастуць

Базавая велічыня з 1 студзеня павялічыцца з Br 37 да Br 40. Ад яе залежаць памеры некаторых дапамог, стыпендый, падаткаў і збораў, штрафаў, іншых выплат насельніцтву. Таксама вырасце базавая стаўка, ад якой залежыць заробак бюджэтнікаў. З 1 студзеня яна складзе Br 250, павялічыўшыся на 6,4%. А мінімальны заробак павялічыцца на Br 72 і складзе Br 626.

З 1 студзеня павышаецца зарплата педагагічных работнікаў. У залежнасці ад катэгорыі рост складзе ад 5% да 22% акладу. Таксама ўстаноўлена даплата за складанасць для некаторых катэгорый выхавальнікаў і іх памочнікаў.

Акрамя таго, падлягае штогадовай індэксацыі памер сямейнага капіталу. Яго апублікуюць да 31 студзеня.

Бальнічныя падрастуць

З 1 студзеня ўступяць у сілу новыя нормы, што тычацца бальнічных. Цяпер выплаты па лістках часовай непрацаздольнасці будуць прывязаныя да мінімальнага заробку (з Новага году – Br 626). Раней яны складалі 50% ад бюджэту пражытачнага мінімуму (цяпер – Br 183,9). Тым, хто адпрацаваў больш за 10 гадоў, бальнічны будуць аплачваць ў большым памеры.

Вырасце страхавы стаж

З 1 студзеня страхавы стаж (стаж працы з выплатай страхавых унёскаў у ФСАН) павялічыцца на 6 месяцаў да 19,5 гадоў. Яго наяўнасць абавязковая для прызначэння працоўнай пенсіі. Акрамя таго, у 2024 годзе для разліку пенсіі будуць улічваць заробак за апошнія 30 гадоў, а не 29 гадоў, як раней.

Комаровский рынок, торговля
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Змены ў Працоўным кодэксе

З 1 студзеня ўступаюць у сілу змены ў Працоўным кодэксе. Новаўвядзенні прадугледжваюць выплату зарплаты не радзей за два разы на месяц: адзін раз аванс, а потым – зарплата. Таксама з’явіцца магчымасць атрымаць выхадны для дыспансерызацыі. Людзі да 40 гадоў будуць вызваляцца ад працы раз на тры гады на адзін дзень; старэйшыя за 40 гадоў, але маладзейшыя за пенсійны ўзрост – на 1 дзень; работнікі-пенсіянеры будуць атрымліваць два дні штогод.

Пашыраныя магчымасці выкарыстання дыстанцыйнай працы. Яна можа выконвацца пастаянна, часова і камбінавана. Шматдзетныя бацькі і апекуны дзяцей-інвалідаў змогуць замест вольнага дня ў тыдзень скараціць на гадзіну сваю штодзённую змену.

Таксама пашыраюцца магчымасці электроннага дакументаабароту, змяняецца парадак афармлення дубліката працоўнай кніжкі. Наймальнік зможа ўтрымліваць кошт харчавання з работніка, а той – браць аднаразовую выплату на аздараўленне не толькі разам з адпачынкам. Уводзіцца абавязак наймальніка запытваць пры прыёме на працу грамадзяніна характарыстыку з папярэдніх месцаў яго працы.

Прыцягненне гастарбайтэраў

З 1 студзеня да 20 прафесій рабочых і 15 пасад служачых пашыраецца пералік прафесій, на якія прыцягваюцца замежнікі без атрымання спецыяльнага дазволу органаў унутраных спраў.

Навіны банкаў

Нацбанк павялічыў разліковыя велічыні стандартнай рызыкі (РВСР) на студзень, якія абмяжоўваюць верхнюю мяжу працэнтных ставак. Па новых крэдытах у рублях для юрыдычных асоб РВСР складзе 11,26% гадавых (было 10,99%), фізічных асоб – 16,44% (было 15,25%). У выніку могуць падаражэць крэдыты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Таксама з 1 студзеня на 2 працэнтныя пункты – да 18% – вырасце нарматыў адлічэнняў банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый у фонд абавязковых рэзерваў ад прыцягнутых сродкаў у валюце. А з 3 студзеня адновяцца аперацыі па рэгуляванні ліквіднасці банкаў. Акрамя таго, уводзіцца новы парадак стварэння фондаў банкаўскага кіравання.

Змены для бізнесу

Пра пераход на спрошчаную сістэму падаткаабкладання трэба паведаміць не пазней за 3 студзеня. Перайсці з 1 студзеня на прымяненне ССП змогуць арганізацыі, у якіх колькасць работнікаў у сярэднім за першыя дзевяць месяцаў 2023 года не перавысіла за 50 чалавек і валавая выручка нарастаючым вынікам не была большаю за Br 1 612 500.

З 1 студзеня дзейнасць арганізацый па развіцці фізкультуры і спорту, якія не пройдуць дзяржаўнай акрэдытацыі, будзе лічыцца незаконнай і падлягаць адміністрацыйнай адказнасці.

Таксама з 1 студзеня змяняецца інструкцыя аб парадку вядзення касавых аперацый і разлікаў наяўнымі, парадак правядзення акрэдытацыі рэйтынгавых агенцтваў і іншае. Акрамя таго, падаўжаецца мараторый на прывязку арэнды да замежнай валюты.

Санаторыі не для ўсіх

З 1 студзеня атрымаць пуцёўку ў санаторый з выкарыстаннем сродкаў рэспубліканскага бюджэту або ФСАН можна будзе па медычных паказаннях і пры адсутнасці супрацьпаказанняў. Скараціцца пералік тых, хто зможа гэтым скарыстацца, зменена перыядычнасць пра дастаўлення пуцёвак з бюджэтным фінансаваннем і скарочана колькасць каляндарных дзён для лячэння і аздараўлення ў санаторыях Беларусі з дзярждатацыяй.

Персанальныя звесткі

З 1 студзеня пачне функцыянаваць Рэестр аператараў персанальных звестак. Турыстычныя арганізацыі, гатэлі, структуры, якія займаюцца працаўладкаваннем, зборам рэзюмэ, апрацоўкай генетычных і біяметрычных звестак, з 1 студзеня павінны навучаць у Нацыянальным цэнтры абароны персанальных звестак сваіх адмыслоўцаў.

З 3 студзеня праз адзіны партал электронных паслуг (АПЭП) будзе магчыма ў электронным выглядзе рэгістраваць нерухомасць, прадстаўляць звесткі з рэгістру нерухомасці і ўносіць праўкі ў яго, весці ўлік безгаспадарнай нерухомай маёмасці, а таксама ўзгадняць прызначэнне аб’ектаў нерухомай маёмасці.

Рэпетыцыя ЦТ

Рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамену пройдзе 27 студзеня ў 144 пунктах. Яна пройдзе па тых жа правілах, што і цэнтралізаваны экзамен у траўні 2023 года, і па ўсіх прадметах па выбары, уключна з расейскай або беларускай мовамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Інтэграцыя з Расеяй

З 1 студзеня Беларусь і Расея пачнуць пераходзіць на бездазвольную сістэму міжнародных аўтамабільных перавозак грузаў у трэція краіны і з іх. А вось агульны рынак электраэнергіі дзвюх краін з 1 студзеня не запрацуе.

Але Беларусь услед за Расеяй абнуліць экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты. Разам з тым захоўваюцца экспартныя пошліны на звадкаваныя вуглевадародныя газы ($1,6 за тону), а таксама на этан, бутан і ізабутан ($1,4 за тону).

Зала чакання ў «Казловічах»

З 1 студзеня пачне функцыянаваць зона чакання электроннай чаргі перад пунктам пропуску «Казловічы» на мяжы з Польшчай. Яна разлічана больш чым на 140 машынамесцаў, там устаноўленыя электронныя табло з інфармацыяй пра электронную чаргу, працуюць крама, санітарныя зоны, вядзецца відэаназіранне.

Новыя рэйсы

Кітайская авіякампанія са студзеня 2024 году запусціць прамыя авіярэйсы з вострава Хайнань у Менск. Рэйсы будуць выконвацца двойчы на тыдзень (па аўторках і суботах). «Белавія» з 21 студзеня з частатой адзін раз у 10 дзён запусціць чартарныя рэйсы з Гомля ў Шарм-эш-Шэйх (Егіпет). А з 13 студзеня адновяцца авіярэйсы паміж Менскам і Мінеральнымі Водамі. Іх будзе ажыццяўляць авіякампанія «Азімут» па суботах.

Аб’ектыў
Якія змены прынёс беларусам новы 2024 год
2024.01.01 21:05

Што яшчэ зменіцца?

З 1 студзеня ўступаюць у сілу патрабаванні да вызначэння колькасці фасаванага тавару, у тым ліку правілаў яго ўказання на ўпакоўцы, пры вытворчасці, фасаванні і рэалізацыі.

Мінбудархітэктуры з 1 студзеня скарэктавала парадак бухгалтарскага ўліку даходаў і расходаў па дамовах будаўнічага падраду.

Акрамя таго, устаноўлены памер грашовай кампенсацыі выдаткаў на тэхнічныя сродкі сацыяльнай рэабілітацыі, набытыя грамадзянамі самастойна. І змяняецца рэгламент ажыццяўлення адміністрацыйнай працэдуры на ўвоз тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі.

Макар Мыш / ЮК belsat.eu

Стужка навінаў