«Гэтай тэрарыстычнай агрэсіі няма апраўдання». Святлана Ціханоўская асудзіла абстрэлы расейцамі Кіева і Харкава


На другі дзень 2024 года расейскія войскі нанеслі масаваныя ракетныя ўдары па Кіеве і Харкаве. Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская назвала ракетныя абстрэлы Украіны 2 студзеня «тэрарыстычнай агрэсіяй» і зазначыла, што гэтаму няма апраўдання. У допісе ў сацсетцы X яна заклікала да падтрымання Украіны.

Ратаўнікі працуюць каля жылога дому, моцна пашкоджанага падчас расейскай ракетнай атакі на Кіеў 2 студзеня 2024 года.
Фота: VALENTYN OGIRENKO / Reuters / Forum

«Я ў жаху ад ранішніх паведамленняў пра масаваную атаку Расеі на Кіеў і іншыя гарады Украіны, у выніку якой былі параненыя шмат мірных жыхароў. Гэтай тэрарыстычнай агрэсіі няма апраўдання», – напісала Святлана Ціханоўская.

Яна заклікала ўвесь свет падтрымаць Украіну ў гэтыя нялёгкія часы.

«Украіна мусіць атрымаць усё, што ёй патрэбнае, каб абараніць свой народ і выйграць гэтую вайну», – зазначыла Ціханоўская.

Раніцай 2 студзеня Расея атакавала сталіцу Украіны ракетамі і дронамі «Shahed». Паветраная трывога ў Кіеве трывала 6 гадзінаў. Як паведамляў кіраўнік Кіеўскай вайсковай адміністрацыі Сяргей Папко, супрацьпаветраная абарона ЗСУ знішчыла ўсе варожыя БПЛА, больш за 60 ракетаў Х-101/Х555Х-55 і дзясятак – Х-47М2 «Кінжал».

Не абышлося, на жаль, без разбурэнняў і ахвяраў. Мэр Кіева Віталій Клічко паведамляў пра 43 пацярпелых і адную забітую жанчыну.

Адная асоба загінула і ў выніку ракетнай атакі на Харкаў. Украінскія СМІ пішуць пра дзясяткі параненых. Гэта папярэднія звесткі. Пашкоджаныя дамы і іншая цывільная інфраструктура.

Уладзімір Зяленскі: «Тэрарыстычная дзяржава мусіць адчуць наступствы»

Спачуванні сваякам забітых і падзякі ратаўнікам ды байцам супрацьпаветранай абароны ЗСУ выказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

«З 31 снежня расейскія нелюдзі выкарысталі ўжо каля 170 «Шагэдаў» і дзясяткі рэактыўных снарадаў розных тыпаў. Абсалютная большасць з іх была скіраваная на цывільныя аб’екты. Я дзякую ўсім партнёрам, якія дапамагаюць ва ўмацаванні нашага паветранага шчыта. І відавочна, што гэта дапамагае ратаваць сотні жыццяў штодзень і штоноч, якія забраў бы расейскі тэрор, калі б не «Пэтрыяты» і іншыя сістэмы абароны.

Сёлета мы працягнем працаваць з усімі ў свеце, хто шануе жыццё, каб яшчэ больш умацаваць наш паветраны шчыт і прыцягнуць Расею да адказнасці за тое, што яна зрабіла. Тэрарыстычная дзяржава мусіць адчуць наступствы таго, што яна робіць».

Паводле прэзідэнта Украіны, 2 студзеня расейцы запусцілі па Украіне каля 100 ракетаў рознага тыпу, 70 з іх былі знішчаныя СПА. Зяленскі паведамляе пра 92 параненых і 4 забітых.

У ноч з 31 снежня на 1 студзеня Расея запусціла ў бок Украіны рэкордную колькасць дронаў «Shahed» – 90 штук. У выніку атакі, учыненай расейцамі 29 снежня, загінулі больш за 30 асобаў, больш за 160 – параненыя.

Hавiны
Беларускі добраахвотнік атрымаў раненне ў баях на аўдзееўскім кірунку. Ідзе збор на рэабілітацыю
2024.01.01 20:45

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў