Толькі Расея і Кітай заступіліся за беларускі рэжым на пасяджэнні Рады Бяспекі ААН па самалёце Ryanair


Рада Бяспекі ААН абмеркавала інцыдэнт з прымусовай пасадкай у Менску лайнера з Раманам Пратасевічам. Усе чальцы рады асудзілі беларускі рэжым за авіяпірацтва, акрамя Расеі, Кітаю і ўласна Беларусі, перадае «Укрінформ».

Пасяджэнне Рады Бяспекі ААН. Нью-Ёрк, ЗША, 24 жніўня 2022 года.
Фота: Lev Radin / Zuma Press / Forum

Рада Бяспекі ААН абмеркавала інцыдэнт з прымусовай пасадкай у Менску лайнера Ryanair з Раманам Пратасевічам. Сустрэчу правялі на патрабаванне ЗША і Албаніі.

На пасяджэнні выступіў прэзідэнт рады Міжнароднай арганізацыі цывільнай авіяцыі Сальваторэ Шакітана. Ён заявіў, што «беларускія ўлады наўмысна арганізавалі вымушаную пасадку самалёта Ryanair пад штучнай падставай паведамленняў пра бомбу на яго борце».

У прыватнасці, у Менску заяўлялі, што атрымалі два «лісты ад тэрарыстаў», але «пастаўшчык паслуг электроннай пошты пацвердзіў толькі адзін ліст з пагрозамі», і тое – ён быў дасланы праз 26 хвілін пасля таго, як дыспетчары перадалі экіпажу інфармацыю пра «бомбу».

Як паведамляе ААН, кіраўнік Міжнароднай арганізацыі цывільнай авіяцыі таксама распавёў, што расследавальнікі пагутарылі з дыспетчарам, які перадаваў указанні пілотам. Яго паказанні і аўдыязапісы, зробленыя падчас інцыдэнту, істотна супярэчаць інфармацыі ад афіцыйнага Менску.

Экстренная посадка самолета «Ryanair»
Экстраная пасадка самалёту «Ryanair», на якім быў журналіст Раман Пратасевіч і яго дзяўчына Соф’я Сапега. Менск, Беларусь. 23 траўня 2021 года.
Фота: AFP

Сталы прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў назваў даклад ICAO «некансэнсусным, прадузятым, неаб’ектыўным, напісаным у спешцы і пад ціскам асобных краінаў Захаду».

«Беларусь ніколі не пагодзіцца з высновамі дакладу, які заснаваны на няпоўнай інфармацыі пры адсутнасці неабходнага міжнароднага супрацоўніцтва. Адказы на ключавыя пытанні, накіраваныя на адрас іншых уцягнутых краінаў у мэтах правядзення абʼектыўнага і ўсебаковага расследавання, так і не былі намі атрыманыя. Дадатковая інфармацыя ад беларускага боку зусім не запытвалася», – заявіў дыпламат. Ён назваў падробкай аўдыязапіс, зроблены дыспетчарам.

Пасля Рыбакоў анансаваў выступ Рамана Пратасевіча, якога разам з актывісткай Сафіяй Сапега затрымалі пасля пасадкі самалёта. «Няхай вас не засмучае тое, што спадар Пратасевіч кажа, што ён дагэтуль пад хатнім арыштам. Справа ў тым, што гэта пастанова суда, і Рэспубліка Беларусь, у адрозненне ад некаторых іншых дзяржаў, усё-такі прававая дзяржава», – сказаў дыпламат.

Відэа з прамовай Пратасевіча паказалі на пасяджэнні, а пазней апублікавалі ў Twitter беларускага прадстаўніцтва ў ААН. Былы галоўны рэдактар «NEXTA» заявіў, што некалькі разоў прачытаў справаздачу Міжнароднай арганізацыі цывільнай авіяцыі і не знайшоў «ніякіх доказаў таго, што Беларусь не на тым баку».

Пратасевіч сказаў, што беларускія службы «рабілі ўсё паводле пратаколу».

«Я спадзяюся, гэтая сітуацыя хутка скончыцца, усе незразумелыя пастановы ICAO і Еўропы нарэшце будуць вырашаныя і ўсё будзе добра. Бо авіяцыя мусіць быць па-за міжнароднай палітыкі», – адзначыў Пратасевіч.

Рэйс Ryanair прымусова пасадзілі ў Менску летась у траўні, спасылаючыся на паведамленне пра выбухоўку на борце. Небяспечных рэчаў на борце не знайшлі, але былі затрыманыя Раман Пратасевіч і Сафія Сапега, якую пазней пасадзілі на 6 гадоў па абвінавачванні ў адміністраванні Telegram-канала «Чорная кніга Беларусі».

ЕЗ забараніў беларускім самалётам палёты ў сваёй паветранай прасторы і параіў еўрапейскім авіякампаніям пазбягаць беларускага неба.

Hавiны
Новае пра прымусовую пасадку самалёта «Ryanair» у Менску: дыспечарам кіраваў супрацоўнік КДБ
2022.10.26 12:36

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў